Лепшага кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і кадэцкіх вучылішч назвалі ў Мінску. Па выніках рэспубліканскага конкурсу, фінал якога прайшоў на базе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, у першай намінацыі пераможцам стаў Уладзімір Віктаравіч Гімбут з сярэдняй школы № 16 Мазыра. Сярод кадэцкіх вучылішч лепшым прызнаны кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча Міхаіл Міхайлавіч Шынгель, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Тры гады назад па даручэнні кіраўніка дзяржавы было прынята рашэнне аб увядзенні гэтай пасады ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Сёння мы можам смела сцвярджаць, што кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні занялі дастойнае месца ў сістэме і грамадзянскага, і патрыятычнага выхавання нашай моладзі, — адзначыў падчас ганаровага ўзнагароджання міністр адукацыі Андрэй Іванавіч Іванец.
Гэта людзі, якія кожны дзень працуюць з моладдзю, выхоўваюць правільныя ідэалы, павагу да дзяржаўных сімвалаў, любоў да Радзімы, на справе пацвярджаюць вядомую ісціну: выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт. Менавіта яны і сталі суперфіналістамі першага рэспубліканскага конкурсу “Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні”. На працягу года ў адборачных этапах удзельнічалі больш за 100 праектаў, якія прадстаўлялі педагагічныя работнікі і навучэнцы ўсёй краіны. Па выніках рэгіянальных спаборніцтваў суперфіналістамі сталі 14 канкурсантаў.
Правядзенне конкурсу невыпадкова было ініцыіравана Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам абароны. Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні ўжо назапасілі значны педагагічны вопыт. Прыйшоў час ім дзяліцца, разам знаходзіць новыя ідэі і павышаць свой прафесійны ўзровень.
Па словах намесніка міністра адукацыі Кацярыны Аляксандраўны Пятруцкай, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сёння з’яўляецца ключавой фігурай ва ўстанове адукацыі. Менавіта ў яго руках выхаванне грамадзяніна і патрыёта, будучыня краіны. Гэта тая ключавая фігура, якая кансалідуе вакол сябе намаганні ўсяго педагагічнага калектыву, здольна прафесійна, прыгожа, на высокім узроўні арганізаваць няпростую работу — выхаванне грамадзяніна, чалавека, патрыёта.
— Што такое патрыятызм? Гэта не проста любоў да Радзімы. Гэта гатоўнасць служыць Радзіме верай і праўдай, гатоўнасць абараняць яе інтарэсы сёння і заўсёды. Упэўнена, кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні — тыя людзі, якія годна з гэтай задачай справяцца, — адзначыла Кацярына Пятруцкая.
Сваю любоў да Радзімы яны кожны дзень пацвярджаюць канкрэтнымі справамі. А як жа іначай? Любоў, як вядома, без спраў мёртвая. Хаця і прыгожыя словы пра адданасць роднай зямлі, яе народу ніколі не зашкодзяць, бо, калі яны гучаць з вуснаў сапраўдных патрыётаў, становяцца прыгажэйшымі ўдвая. А ў заключным конкурсным спаборніцтве — творчым самапрадстаўленні “Патрыёт зямлі беларускай” — за прыгожыя словы, прыгожае выкананне песень журы ставіла дадатковыя балы.
Менавіта ў творчай самапрэзентацыі кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні раскрыліся ў новым для сябе амплуа. Тое, што яны людзі адказныя, умеюць трымаць слова, зацікаўліваць школьнікаў, выхоўваць іх сапраўднымі патрыётамі, мы ўсе добра ведаем. А вось тое, што яны яшчэ і цудоўна спяваюць, імправізуюць на сцэне, для многіх стала адкрыццём. У тым ліку і для мяне, бо з гэтай катэгорыяй педагагічных работнікаў мне часцей за ўсё даводзілася размаўляць у кабінетах ваенна-патрыятычнага выхавання, цэнтрах дапрызыўнай падрыхтоўкі або падчас экскурсій у воінскіх часцях. Атмасфера падчас такіх сустрэч сур’ёзная, не сцэнічная.
Можа, таму так горача сваіх педагогаў віталі іх выхаванцы, калегі, якія ў якасці групы падтрымкі прыехалі ў Мінск з рэгіёнаў. Самая гучная падтрымка была, безумоўна, у кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 93 Мінска Віталя Гарыевіча Міцкевіча. І яму, і яго калегам-сябрам, якія падчас фіналу сталі сапернікамі, такая падтрымка надавала творчых сіл, натхняла. Хаця ў некаторыя моманты прымушала хвалявацца (гэта адчувалася па інтанацыі ў голасе). І ўсё ж, нягледзячы на невялікае хваляванне, яны цудоўна справіліся і з гэтай задачай — паведамілі пра сябе і сваю работу творча і крэатыўна.
Асабліва яркай, насычанай атрымалася самапрэзентацыя ў настаўніка гісторыі, педагога дадатковай адукацыі, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 16 Мазыра Уладзіміра Гімбута. Уладзімір Віктаравіч адносіцца да той катэгорыі педагогаў, з якімі хочацца сустракацца зноў і зноў, пра якіх хочацца пісаць яшчэ і яшчэ. Невыпадкова ён неаднаразова станавіўся героем матэрыялаў “Настаўніцкай газеты”. З радасцю раскажам пра яго яшчэ раз, тым больш што нагода цудоўная — перамога ў рэспубліканскім конкурсе.
Уразілі не толькі словы Уладзіміра Віктаравіча пра сваю актыўную, плённую работу. Тое, з якім захапленнем яго вучні расказвалі пра сумесныя мерапрыемствы, пераконвала: яны любяць, паважаюць свайго педагога, ён для іх прыклад сапраўднага патрыёта.
— Помніце, як мы ўдзельнічалі спачатку ў “Зарнічцы”, а потым у “Зарніцы”… А я з Уладзімірам Віктаравічам працавала ў архіве. Уяўляеце, трымала ў руках дакументы, даведкі, загады, а за імі ж лёсы людзей!.. На мінулым тыдні мы прынялі ўдзел у экранізацыі песні ў рамках праекта “Песні, абпаленыя вайной”… У школе праходзіла акцыя “Я падобны на прадзеда”. Мы рабілі альбомы памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны… А мы ўдзельнічалі ў ваенна-гістарычных рэканструкцыях і палявых пошукавых работах у Калінкавіцкім раёне, — па чарзе з гордасцю паведамлялі юныя ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Алмаз”.
Дапаўняючы словы падлеткаў, педагог адзначыў:
— Вось гэтую гільзу знайшлі на пустцы, а ў ёй — ліст. Салдат з надзеяй піша людзям, каб адшукаць яго родных. Мы займаемся пошукава-даследчай дзейнасцю, у выніку якой быў створаны ваенна-гістарычны клуб “Краязнаўства. Пошук”. Да таго ж здымаем фільмы пра вайну, у якіх галоўныя ролі выконваюць педагогі, навучэнцы і іх бацькі. Усяго было знята дзесяць фільмаў, якія змешчаны на платформе Патрыёт.by. А падчас здымкаў фільма “Спёка 1941 года”, прысвечанага салдатам, якія загінулі ў першыя дні вайны, раптам над намі з’явілася 19 буслоў — роўна столькі салдат загінула ў тым баі. І гэта было сімвалічна. Таксама разам з вучнямі мы рэалізуем праект, у рамках якога збіраем матэрыял пра генацыд беларускага народа. Стварылі і фотавыставу “У вайны не жаночае аблічча”. Гэты праект быў прадстаўлены на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.
Аповед кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні гарманічна чаргаваўся са словамі вучняў і дапаўняўся выдатным візуальным радам, што, безумоўна, не магло не паспрыяць перамозе ў конкурсе. Хаця не толькі ў яркай і насычанай самапрэзентацыі залог поспеху Уладзіміра Віктаравіча. Сваёй актыўнай шматгадовай працай па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, вынікамі якой ён рэгулярна дзеліцца з калегамі на семінарах, канферэнцыях, праз удзел у праектах, ён, безумоўна, заслужыў 1-е месца.
— Нет ничего важнее на свете, чем мирное небо, счастливые дети. // Дети, кто ценит дружбу и честь, чьих доблестных качеств не перечесть. // Кто с гордостью скажет “Я — белорус”. // Вот цель моей работы, и я к ней стремлюсь, — агучыў галоўную мэту сваёй работы Уладзімір Гімбут.
Сваёй справай ганарыцца і Міхаіл Шынгель, лепшы сярод кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні кадэцкіх вучылішч. На яго думку, прафесію трэба выбіраць не па загадзе, а па прызванні.
— Я ўсё жыццё ганаруся сваёй справай, і бацька ганарыўся, і сын ганарыцца. Гэтая прафесія — Радзіму абараняць. Я раблю ўсё, каб быць прыкладам для ўсіх, хто мяне акружае, для падрастаючага пакалення. Каб за табой пайшлі, трэба ісці наперадзе. Калі працаваць, то добра, калі быць сумленным, то да канца, калі быць прынцыповым, то ў меру, а патрыётам трэба быць заўсёды, — адзначыў Міхаіл Міхайлавіч.
Падчас конкурсу гучала шмат слоў пра важнасць выхавання юных патрыётаў, пра тое, як гэтую работу весці эфектыўна. Выступленні канкурсантаў чарговы раз пераканалі, што выхаваць патрыётаў могуць толькі патрыёты — такія, як суперфіналісты І Рэспубліканскага конкурсу “Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні” і ўсе іх калегі.
Што тычыцца самога конкурсу, то, згодна з рэгламентам, яго плануюць праводзіць раз у два гады. На думку памочніка міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леаніда Касінскага, конкурс будзе добрым стымулам у рабоце для ўсіх кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні.
— Фіналісты і тыя, хто не трапіў сёння на гэтую сцэну, — героі нашага часу, бо менавіта яны сёння больш цесна працуюць з нашай моладдзю, прывіваюць ім добрыя, светлыя пачуцці, а галоўнае — выхоўваюць сапраўднымі патрыётамі, — адзначыў Леанід Віктаравіч.
Прызёры конкурсу ў намінацыі “Лепшы кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”:
1-е месца — Уладзімір Гімбут, сярэдняя школа № 16 Мазыра;
2-е месца — Васілій Рап’явец, сярэдняя школа № 9 імя І.М.Сухамліна Слоніма;
3-е месца — Ігар Фёдараў, гімназія № 7 Віцебска імя П.Я.Кандраценкі.
У намінацыі “Лепшы кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні кадэцкага вучылішча”:
1-е месца — Міхаіл Шынгель, Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча;
2-е месца — Дзмітрый Гарамыкін, Гомельскае кадэцкае вучылішча;
3-е месца — Ігар Нячай, Гродзенскае абласное кадэцкае вучылішча.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара