Лепшая інклюзіўная практыка

На Брэстчыне вызначылі пераможцаў абласнога конкурсу на лепшую рэгіянальную мадэль інклюзіўных практык. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ЦКРНіР.

— Конкурс праводзіўся з мэтай фарміравання інклюзіўнай культуры ў мясцовай супольнасці ў адносінах да дзяцей з АПФР і інваліднасцю, пашырэння магчымасцей для іх паспяховай сацыялізацыі, прыцягнення ўвагі грамадскасці да сацыяльных праблем у гэтым кірунку, — расказала дырэктар Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Т.В.Жук. — Конкурсныя работы ўяўлялі сабой відэаролікі з прэзентацыяй рэгіянальных мадэлей інклюзіўных практык і кейсы з напрацоўкамі па розных намінацыях.

Уручаючы ўзнагароды, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама А.Ф.Жук а­дзначыў важнасць і неабходнасць рэалізацыі ў грамадстве інклюзіўных практык, накіраваных на сацыяльнае ўзаема­дзеянне здаровых людзей і людзей з АПФР і інваліднасцю.

Пераможцам конкурсу стаў аддзел па адукацыі Пружанскага райвыканкама. На 2-м месцы — аддзелы па адукацыі Драгічынскага і Ляхавіцкага райвыканкамаў, на 3-м — аддзел па адукацыі Пінскага райвыканкама і ўпраўленне па адукацыі Пінскага гарвыканкама. Акрамя дыпломаў, пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі ад партнёраў-спонсараў: Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, дабрачыннага фонду “Новае пакаленне”, ТАА “СнабБелЗдраў” і Беларускага саюза жанчын.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.