Лепшая па прафесіі

Жыццё выхавальніцы ясляў-сада аграгарадка Кадзіна Магілёўскага раёна Марыны Мікалаеўны Рыжанковай звязана з педагогікай усяго дзевяць гадоў. За гэты непрацяглы час яна дасягнула немалых прафесійных вышынь. Сёлета ў працоўным спаборніцтве сярод выхавальнікаў дашкольнай адукацыі вобласці атрымала ганаровае званне “Лепшы па прафесіі”. У чым сакрэт яе педагагічнага поспеху?

— Сакрэту няма. Проста ў сваёй рабоце я кіруюся прынцыпам — “заўсёды наперад”. Стараюся ніколі не стаяць на месцы. Пастаянна займаюся самаразвіццём, прафесійным удасканаленнем. Я выразна ўсведамляю, што кожны мой працоўны дзень ацэньва­юць строгія суддзі — мае выхаванцы. Яны не ўмеюць хлусіць. Яны заўсёды гавораць толькі тое, што думаюць, усміхаюцца або сумуюць шчыра, — адзначае М.М.Рыжанкова.

У дашкольную адукацыю Марына Мікалаеўна прыйшла свядома, але ў сваім дзяцінстве да прафесіі выхавальніка не імкнулася.

— Пасля школы я была на некаторым прафесійным раздарожжы. Непрацяглы час працавала ў сферы сельскай гаспадаркі. Сустрэла будучага мужа, неўзабаве нарадзіла дачушку. Пасля дэкрэтнага водпуску ўладкавалася памочнікам выхавальніка ў яслі-сад аграгарадка Кадзіна. Працавала літаральна некалькі месяцаў і зразумела: тут, сярод дзяцей, маё месца. Педагогіка — менавіта тая дзейнасць, да якой ляжыць мая душа, — гаворыць М.М.Рыжанкова.

Сваё імкненне да авалодання педагагічнай прафесіяй Марына Мікалаеўна рэалізавала ў рэальнасці. Завочна пайшла вучыцца на факультэт педагогікі і псіхалогіі дзяцінства МДУ імя А.А.Куляшова. Яе шлях ад памочніка выхавальніка да выхавальніка дашкольнай адукацыі заняў пяць гадоў. За гэты час М.М.Рыжанкова не толькі навучылася праяўляць клопат і ўвагу да кожнага малыша, але і дасканала асвоіла неабходныя методыкі і тэхналогіі, якія спрыяюць усебаковаму развіццю дзяцей.

Асаблівае значэнне ў сваёй рабоце М.М.Рыжан­кова надае ўзаемадзеянню з бацькамі выхаванцаў. Мам і татаў яна імкнецца максімальна далучыц­ь да адукацыйнага працэсу. Бацькі ўдзельнічаюць і ў агульных мерапрыемствах, і ў рэалізацыі інавацыйных праектаў. Так, з іх дапамогай Марына Мікалаеў­на змагла рэалізаваць міні-праект “Фарміраванне грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў праз даследаванне беларускіх нацыянальных традыцый у сямейным выхаванні з наступным заснаваннем музея сямейных рэліквій”.

— Свой міні-праект я распрацавала падчас ажыццяўлення ў нашай установе дашкольнай адукацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках арганізацыі і дзейнасці рэгіянальных віртуальных музеяў”. Чаму сям’я? Таму што ўсё пачынаецца з сям’і. Сям’я — гэта скарбніца жыццёвых каштоўнасцей чалавека, дзе фарміруюцца духоўныя і маральныя якасці. Беражліва захоўваць гісторыю сям’і дзяцей — вось што стала маёй мэтай. Галоўнае, каб праз шмат гадоў ужо дарослы чалавек з радасцю і гордасцю хацеў ва ўласнай сям’і адра­джаць традыцыі бацькоўскага дому. Гэта і будзе самай вялікай узнагародай за нашу працу па далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускіх традыцый праз сямейнае выхаванне. Ці не з гэтага пачынаецца Радзіма? — пераканана Марына Мікалаеўна.

Для М.М.Рыжанковай работа выхавальнікам дашкольнай адукацыі не проста любімая справа, а стан душы. Яна бязмежна любіць сваіх выхаванцаў, радуецца любым поспехам кожнага дзіцяці. Малышы адказваюць ёй узаемнасцю. А Марына Мікалаеўна стараецца апраўдваць іх давер. Яна імкнецца да таго, каб кожны дзень, праведзены дзеткамі ў яслях-са­дзе, быў напоўнены радасцю і шчасцем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва М.М.Рыжанковай.