Абсалютным пераможцам адкрытай алімпіяды Універсітэта Інаполіс для школьнікаў па інфарматыцы стаў навучэнец гімназіі № 8 Віцебска Артур Петухоўскі.
Заключны вочны этап алімпіяды прайшоў 25 і 26 лютага на дзвюх пляцоўках: ва Універсітэце Інаполіс у Расіі і ў Камп’ютарнай акадэміі “КРОК” у Беларусі. У спаборніцтве, якое адбывалася па правілах Усерасійскай алімпіяды школьнікаў па інфарматыцы, прымалі ўдзел навучэнцы 7—11 класаў з 21 расійскага рэгіёна, а таксама Беларусі, Казахстана, Літвы, Эстоніі, Украіны, Польшчы, Венгрыі, Славакіі, Босніі і Герцагавіны, Таджыкістана, Кіпра і Паўднёвай Карэі. Усе яны вытрымалі складаны папярэдні адбор: у першым этапе ўдзельнічалі 3374 прадстаўнікі з 56 краін. Віцебскі адзінаццацікласнік набраў найвышэйшую колькасць балаў, у тым ліку ў чатырох заданнях — па 100 балаў са 100 магчымых. Такім чынам, Артур Петухоўскі ўзначаліў рэйтынг і сямёрку ўладальнікаў дыпломаў І ступені. У скарбонцы вучня Веранікі Паўлаўны Лакціной некалькі высокіх узнагарод, сярод якіх бронзавы медаль XXVIII Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы сярод школьнікаў у Казані.
— Эмацыянальнае напружанне падчас фіналу было вельмі высокае. Па тэхнічных прычынах пляцоўка ў Мінску затрымлівалася. Мы ведалі: на вынік гэта не паўплывае, арганізатары гарантавалі адпаведны дадатковы час. Але калі рэйтынг пайшоў, назіраць за маніторамі без хвалявання было немагчыма, — расказала Вераніка Паўлаўна. — Потым мы ўступілі ў спаборніцтва. І вось прыкладна праз 40 хвілін Артур набірае больш высокі бал, чым тыя, хто пачаў рашаць задачы раней за нас, мы на першым месцы! Безумоўна, утрымаць першы радок, пацвердзіць лідарства ў агульным заліку было няпроста.
Каманда Веранікі Лакціной выступала ў складзе 10 чалавек — больш за палову ад агульнай колькасці беларусаў — фіналістаў спаборніцтва. Акрамя Артура Петухоўскага, узнагародамі адзначаны вынікі яшчэ двух яе вучняў: дыпломы ІІІ ступені прывезлі ў Віцебск навучэнец гімназіі № 1 Марк Карнейчык і аднакласнік абсалютнага пераможцы Андрэй Берлін.
Зараз віцябляне разам з настаўніцай рыхтуюцца да ўдзелу ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. А паколькі методыка Веранікі Паўлаўны грунтуецца на тым, што самая лепшая падрыхтоўка — трэніроўка ў рэальных умовах, то перад фіналам рэспубліканскай у іх рабочым графіку ўдзел яшчэ ў дзвюх рэйтынгавых расійскіх адкрытых алімпіядах па прадмеце. Вераніка Лакціна падрыхтавала пяцярых пераможцаў міжнародных і 67 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскіх прадметных алімпіяд па інфарматыцы. У гэтым годзе яна ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”.
Таццяна БОНДАРАВА.