Лепшая прафесія — быць чалавекам!

У сучасным свеце шмат розных прафесій. Як знайсці любімую справу на ўсё жыццё? Як упэўніцца ў тым, што менавіта твая прафесія патрэбная грамадству сёння? Як зрабіць так, каб выпускнікі школ вярталіся ў якасці маладых спецыялістаў на малую радзіму? Адказы на гэтыя пытанні хвалююць не толькі дзяцей і іх бацькоў. Падрыхтоўка вучняў да ўсвядомленага выбару будучай прафесіі — адзін з прыярытэтных напрамкаў работы Першамайскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бярозаўскага раёна.

З верасня мінулага года ў нашай установе стартаваў праект па арганізацыі шостага школьнага дня “Прафесійны тандэм: сям’я і школа”. Мэта яго — папулярызацыя запатрабаваных у нашым рэгіёне прафесій праз узаемадзеянне з бацькоўскай грамадскасцю. Праект актуальны, таму што нашы выпускнікі неахвотна выбіраюць спецыяльнасці, неабходныя эканоміцы Бярозаўшчыны, якая з’яўляецца адным з найбольш індустрыяльна развітых раёнаў Брэстчыны.

Аўтары праекта — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.М.Іваноўская і сацыяльны педагог І.М.Васілечка. Суботу выбралі таму, што сучаснай школе неабходны эфектыўныя падыходы да арганізацыі выхаваўчай прасторы дзяцей у вольны час і актывізацыі канструктыўнага ўзаемадзеяння з бацькамі.

Праект складаецца з трох этапаў. Падчас падрыхтоўчага сфарміравалася ініцыятыўная група з ліку педагогаў і бацькоў, былі падрыхтаваны інфармацыйныя матэрыялы, аформлены прафарыентацыйныя буклеты, вызначаны асноўныя формы работы з вучнямі і бацькамі, спланавана работа з партнёрамі праекта, праведзена анкетаванне вучняў 9—11 класаў “Запатрабаваныя прафесіі рэгіёна: што я пра іх ведаю”.

Самым насычаным атрымаўся асноўны этап праекта. На працягу некалькіх месяцаў бацькі вучняў 1—11 класаў праводзілі для іх прафарыентацыйныя мерапрыемствы, заняткі, сустрэчы і экскурсіі: “Крама: хто ў ёй працуе”, “А дарога шэраю стужкаю ўецца…”, “Лячыць людзей — высакародная справа”, “Мой тата — ветэрынар”, “Я б у зваршчыкі пайшоў, няхай мяне навучаць” і інш. Завяршальным мерапрыемствам асноўнага этапу стаў прафарыентацыйны гала-канцэрт “Лепшая прафесія — быць чалавекам!” для вучняў 5—11 класаў. Гучалі дзіцячыя кампазіцыі і песні з кінафільмаў: “Песня шафёра”, “Марш вышыннікаў”, “Опера”, “Прадавец парасонаў” і інш. Гледачоў радавалі тэатралізаваныя выступленні юных цырульнікаў, леснікоў і пілотаў. Завяршыла канцэртную праграму музычная кампазіцыя “Галоўная прафесія — быць чалавекам!”. Лепшыя ўдзельнікі атрымалі падзякі ад кіраўніцтва сельсавета і дырэктара ясляў-сада — сярэдняй школы І.А.Зялёнкі.

На заключным этапе праекта будуць падведзены яго вынікі.

Ірына ВАСІЛЕЧКА,
сацыяльны педагог
Першамайскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бярозаўскага раёна.