Прыёмы, з дапамогай якіх настаўнік падтрымлівае цікавасць дзяцей да прадмета, павінны быць разнастайнымі, іх пастаянна неабходна вар’іраваць, улічваючы ўзрост навучэнцаў, іх інтарэсы, а таксама вучэбны матэрыял, — перакананы педагогі 38-й сталічнай гімназіі.
Букет эмоцый і адзнак
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Жураўкіна ў сваёй дзейнасці абапіраецца на прынцып псіхалагічнай камфортнасці. На вучэбных занятках педагог стварае спакойную, прадукцыйную атмасферу, пазітыўны настрой — кожны навучэнец павінен адчуваць веру ў настаўніка і ў свае сілы. У гэтым ёй дапамагаюць інтэрактыўныя метады і прыёмы. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Аднародныя члены сказа. Знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі” настаўніца выкарыстоўвае прыём “Букет”.
— На свае заняткі прыходжу з кветкамі: валошкамі, рамонкамі, званочкамі, медуніцамі, — расказвае Святлана Іванаўна. — Пытаюся ў дзяцей, які сёння дзень. Атрымліваю розныя варыянты адказу. Затым паведамляю, што дзень сёння выдатны, бо мы зноў сустрэліся, будзем займацца вывучэннем роднай мовы, бо ў мяне ёсць прадчуванне, што вучні папрацуюць выдатна. А кветкі дару свайму класу, жадаю поспехаў. Уся далейшая работа на занятках звязана з назвамі беларускіх кветак. Гэта і папаўненне слоўнікавага запасу, і складанне сінтаксічных канструкцый з рознымі знакамі прыпынку пры аднародных членах сказа, і складанне тэкстаў пра пэўную кветку. “Букет станоўчых адзнак” дораць мне вучні ў адказ.
Прыём “Уключы логіку” педагог выкарыстоўвае на пачатку заняткаў па беларускай літаратуры. Замацоўвае на дошцы выявы прадметаў (або самі прадметы), звязаныя з жыццём і творчасцю пэўнага пісьменніка. Затым прапануе вучням выказаць свае меркаванні: як гэтыя прадметы могуць быць звязаны з тэмай урока. Пасля вывучэння тэмы пры дапамозе прыёму “А ці ведаеце вы, што…” вучні суадносяць першапачатковыя меркаванні з фактамі.
Падтрыманне ўвагі і актыўнасці вучняў, ажыццяўленне зваротнай сувязі “вучань — настаўнік” пры паўтарэнні тэарэтычнага матэрыялу ажыццяўляецца з дапамогай сігнальных картак. На пастаўленае пытанне адказвае адзін вучань, а ўсе астатнія сігнальнай карткай павінны паказаць настаўніку, ці ведаюць яны адказ. Такі метад франтальнага апытання дае магчымасць праявіць свае веды і забяспечвае ўдзел кожнага школьніка ў вуснай рабоце.
На ўроках літаратуры С.І.Жураўкіна звяртаецца да прыёму “Перакрыжаваная дыскусія”, які дапамагае працаваць з тэкстам у цэлым (на ўзроўні яго ідэі і праблематыкі). Гэты прыём дае магчымасць, з аднаго боку, пазбегнуць адназначнага тлумачэння падзей, учынкаў і характараў герояў, выказаць і навучыцца абараняць сваю думку, а з другога — вучыць дзяцей паважаць і прымаць чужое меркаванне.
— Безумоўна, інтэрактыўных метадаў і прыёмаў вялікая колькасць. Важна выкарыстаць іх да месца, і тады пры іх дапамозе ствараюцца неабходныя ўмовы для развіцця асобы вучня, — адзначае Святлана Іванаўна.
Па тэхналогіі дзелавога штурму
— Паколькі ў будучым дарослым жыцці нашым навучэнцам давядзецца заводзіць знаёмствы, праходзіць субяседаванне ў наймальніка, проста камунікаваць з мноствам людзей, ім неабходна добра валодаць маўленнем, лагічным мысленнем, умець дасведчана абгрунтоўваць і карэктна адстойваць свой пункт гледжання, умець вырашаць творчыя задачы, ставіць мэты і матываваць свае рашэнні, валодаць камунікатыўнымі здольнасцямі, — гаворыць настаўніца хіміі Алена Шчасная. — Прыём “Чыя шпаргалка лепшая?” дазваляе сфарміраваць камунікатыўныя навыкі, уменне працаваць у камандзе, браць на сябе адказнасць за вырашэнне тых ці іншых праблем. Ён накіраваны на навучанне дзяцей вырашаць задачы адкрытага тыпу, у якіх не заўсёды ёсць выразны алгарытм рашэння і адказаў можа быць некалькі, а таксама на развіццё ўмення працаваць у групах, выконваць пры гэтым пэўную ролю.
На ўроку хіміі па тэме “Будаўнічыя матэрыялы” ў 9 класе клас неабходна падзяліць на групы, адна з якіх будзе вывучаць кераміку, другая — вяжучыя матэрыялы і трэцяя — шкло. Для гэтага Алена Віктараўна прымяняе прыём “Воблака слоў”. Настаўніца стварае воблака слоў, якое складаецца са слоў, звязаных з будаўнічымі матэрыяламі, керамікай, шклянымі вырабамі. Кожны навучэнец выбірае адно слова і ў залежнасці ад таго, да якой групы будаўнічых матэрыялаў яно адносіцца, пераходзіць у пэўную каманду. Затым педагог тлумачыць навучэнцам, што кожнай камандзе неабходна падрыхтаваць апорны канспект або ідэальную шпаргалку па зададзенай тэме. Гэта можа быць дэнататны граф, комікс, малюнак, кластар, проста схема. Група працуе па тэхналогіі дзелавога штурму. Выбірае сабе вядучага або капітана, які сочыць за выкананнем правіл штурму, акцэнтуе ўвагу на той ці іншай ідэі. Група выбірае сакратара, ён фіксуе ідэі, якія ўзнікаюць (ключавымі словамі, малюнкам, знакам). Праводзіцца першаснае абмеркаванне і ўдакладненне ўмоў задачы. Ствараецца “банк ідэй”. Затым ідзе іх абмеркаванне і адбіраюцца найбольш цікавыя рашэнні. Выбраны групай спікер павінен прадставіць класу шпаргалку сваёй групы, растлумачыць матэрыял па гэтай шпаргалцы, вусна адказаць на пастаўленыя педагогам пытанні па сваёй падтэме. Калі адказ навучэнца патрабуе ўдакладнення або дапаўнення, то далучаюцца члены групы або ўвесь клас. Затым усе разам вырашаюць, чыя шпаргалка лепшая.
Прадметны дзень
Павысіць цікавасць навучэнцаў да вучобы, сфарміраваць іх пазнавальную актыўнасць, кругагляд настаўніцы пачатковых класаў Юліі Валоўскай дазваляе прыём “Прадметны дзень”. Прадметны дзень — гэта вучэбны дзень, у якім героем дня з’яўляецца прадмет, выбраны настаўнікам. Напрыклад, грэцкі арэх, банан, пячэнне, шышка, стужачка, лісточак, геаметрычная фігура, цацка і г.д.
Пастаянны творчы пошук, рацыянальны выбар формы заняткаў, метадаў і прыёмаў навучання, аптымальнае выкарыстанне рэжыму работы, педагагічны такт і веданне дзіцячай псіхалогіі дазваляюць педагогам дасягаць высокіх паказчыкаў навучанасці.
На падрыхтоўчым этапе навучэнцы дзеляцца ў залежнасці ад інтарэсаў і здольнасцей на творчыя цэнтры — “Умейкі”, “Мастакі”, “Даследчыкі”, “Літаратары”. Яны атрымліваюць адно заданне і на працягу тыдня рыхтуюцца. Усе малодшыя школьнікі ўцягнуты ў працэс пазнання, кожнае дзіця ўносіць свой уклад, мае магчымасць абмяняцца ведамі, уласнымі ідэямі, пачуць іншае меркаванне. А потым на занятках кожны цэнтр прадстаўляе сваю справаздачу. “Умейкі”, напрыклад, робяць выставу работ, “Літаратары” могуць прыдумаць казку, скласці верш, падабраць загадкі і інш.
Так, аднойчы героем дня быў выбраны грэцкі арэх. На матэматыцы вучні выкарыстоўвалі гэты прадмет у заданнях на параўнанне, у вылічэннях, складанні і вырашэнні задач з гэтым прадметам, разгадванні матэматычнай крыжаванкі, дзе ключавым словам з’яўляецца арэх. Ім былі прапанаваны заданні на кемлівасць, напрыклад, выкласці лік 100 з дапамогай арэхаў, не выкарыстоўваючы лічбаў (навучэнцы павінны здагадацца і выкласці слова “сто”). На літаратурным чытанні гэтае слова выкарыстоўвалася ў маўленчай размінцы, у прыёме “Знайдзі” (у прачытаным тэксце знайсці словы, якія пачынаюцца з літар слова “арэх”), у разгадванні і складанні загадак, акравершаў, скорагаворак, прыказак і прымавак. Вучэбныя заняткі па выяўленчым мастацтве далі магчымасць выкарыстоўваць прадмет у розных відах дзейнасці: складанне кампазіцыі з прыроднага матэрыялу, лепцы, маляванні прадмета на плоскасці.
— Прадметны дзень дае дзецям магчымасць убачыць практычнае прымяненне здабытых імі ведаў. Акрамя таго, несумненным плюсам з’яўляецца і той факт, што гэта камунікатыўны творчы праект, у якім прымаюць удзел навучэнцы, іх законныя прадстаўнікі і настаўнік. Правядзенне прадметнага дня — гэта не забаўка для пачаткоўцаў, ён дапамагае павысіць узровень адукацыі навучэнцаў, садзейнічае іх развіццю, пашырае іх кругагляд. Кіруючая роля, вядома, застаецца за настаўнікам, патрабуе пастаяннай працы над сабой, узбагачэння сваіх ведаў. Гэтая работа дае шырокі прастор для праяўлення ініцыятывы і творчасці, — заўважае Юлія Барысаўна.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара