Лепшая сярод вясковых: што дазволіла Сноўскай сярэдняй школе дасягнуць такіх вынікаў?

- 12:20Интервью

За сваю 160-­гадовую гісторыю Сноўская сярэдняя школа Нясвіжскага раёна вызначылася адметнымі традыцыямі. Паказальна, што па выніках работы за мінулы год калектыў школы ўзнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі ў намінацыі “Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, якая размешчана ў сельскай мясцовасці”. Дзякуючы чаму менавіта Сноўская школа ўдастоена такога прызнання? Пра гэта і не толькі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар установы Галіна Радаман.

Упэўненасць у рашэннях

— Галіна Васільеўна, ­стаць лепшай сельскай школай у краіне — вельмі пачэсна. Як удалося дасягнуць такога выніку?

— Поспехі ўстановы — вынік эфектыўнай работы з кадрамі. Нашы педагогі павышаюць прафесійны ўзровень праз удзел у рабоце вучэбна-метадычных аб’яднанняў, семінараў раённага і абласнога ўзроўню, а таксама дзякуючы самаадукацыі. Сістэматычна мае калегі павышаюць кваліфікацыю ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, у Акадэміі адукацыі. 

З 2007 года наша школа з’яўляецца пераможцай раённага спаборніцтва сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці. Акрамя гэтага, на працягу многіх гадоў установа перамагае і становіцца лаўрэатам абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі, размешчаная ў сельскай мясцовасці”.

Для мяне як для дырэктара важна, што Сноўская сярэдняя школа стала лепшай па выніках года і ў раёне, і ў вобласці, і ў краіне, — ганаруся гэтым. Гэта вынік карпатлівай, згуртаванай работы ўсяго калектыву. Каб стаць лепшымі, трэба было на належным узроўні арганізаваць работу з кадрамі, удасканальваць работу з адоранымі навучэнцамі, умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Кіраўнік без калектыву нічога не зробіць, ніякіх вынікаў не дасягне. Калісьці вялікі італьянскі мысліцель Макіявелі сказаў, што караля робіць яго світа. Я з гэтым поўнасцю пагаджуся.

— Вы працуеце дырэктарам амаль 20 гадоў. Што мянялі, як мяняліся самі на гэтай пасадзе?

— Кіраўнік — гэта вельмі адказная і няпростая роля. Каб яе выконваць, трэба валодаць вялікім запасам цярпення, навыкамі зносін з людзьмі, — не толькі да дзяцей патрэбен асаблівы падыход. Прыйшоўшы на пасаду дырэктара школы ў 2007 годзе, маштабных змяненняў не праводзіла: мне ўсё было знаёма. Да таго як узначаліць школу, працавала ў гэтым калектыве 29 гадоў. Акрамя таго, Сноў — мая малая радзіма, я тут жыву ўсё жыццё, таму добра ведала ўсіх педагогаў, з якімі працавала, ведала бацькоў нашых вучняў, многія з якіх калісьці былі маімі навучэнцамі. Як кіраўнік старалася выразна вызначаць мэты і канкрэтныя крокі для іх дасягнення.

Лічу, што мне пашанцавала з намеснікамі, мы з імі адна каманда. Я заўсёды прыслухоўваюся да іх меркавання, стараюся бачыць і чуць кожнага педагога. Адносіны ў нашым калектыве будуюцца на ўзаемаразуменні.

Да мяне прыходзяць настаўнікі па параду ў складанай сітуацыі. Дзверы ў мой кабінет зачыняюцца вельмі рэдка. Любы можа зайсці з пытаннем ці просьбай. У першую чаргу дырэктар павінен быць чалавечным, умець чуць і разумець, ствараць спрыяльныя ўмовы для ўсяго працоўнага калектыву.

Важная якасць, якой павінен валодаць кіраўнік школы, — упэўненасць у сваіх рашэннях. Сваю дзейнасць будую на справядлівасці, даверы, павазе і прафесіяналізме. Толькі моцны і згуртаваны калектыў прывядзе школу да поспехаў.

— Якія якасці цэніце ў педагогах і на што звяртаеце ўвагу, прымаючы на работу маладых спецыялістаў?

— Штогод наш педагагічны калектыў папаўняецца маладымі спецыялістамі. Не толькі для адаптацыі
ў калектыве, але і для таго, каб у іх выпрацавалася свая сістэма выкладання, сфарміраваўся індывідуальны стыль творчай дзейнасці, функцыянуе такая форма работы, як настаўніцтва. Работа з маладымі спецыялістамі вядзецца згодна з планам работы на навучальны год і рэгламентуецца адпаведнымі дакументамі. Кандыдатуры настаўнікаў падбіраюцца з ліку найбольш вопытных педагогаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яны наведваюць урокі маладых калег, аказваюць ім метадычную дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні вучэбных заняткаў, дзеляцца сакрэтамі з вопыту работы з навучэнцамі і іх бацькамі. Маладыя спецыялісты атрымліваюць стымулюючыя выплаты, жыллё.

Я ўпэўнена, што ў педагогіцы не павінна быць выпадковых людзей.

Важна, каб у школу прыходзілі па загадзе сэрца. Асноўныя складнікі паспяховай дзейнасці маладога спецыяліста — любоў да дзяцей, адданасць прафесіі і павага да калег, веданне свайго прадмета.

У нас вельмі добрыя шэфы — сельскагаспадарчы вытворчы ­кааператыў “Агракамбінат Сноў”, які вельмі падтрымлівае маладых. Падарункам ад праўлення СВК “Сноў” стаў Дом маладога настаўніка. Сёння ў двухпавярховым катэджы пражываюць спецыялісты, якія прыехалі па размеркаванні ў нашу школу. У цэнтры ўвагі праўлення агракамбіната — падтрымка таленавітых і адораных навучэнцаў. Пераможцам раённых, абласных, рэспубліканскіх алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, спартыўных спаборніц­тваў выплачваюцца прэміі.

Знайсці сваё месца

— У Сноўскай сярэдняй школе больш як 35 гадоў назад з’явіліся першыя педагагічныя класы. Ці апраўдала сябе такое профільнае навучанне?

— Так, педагагічныя класы ў Сноўскай сярэдняй школе існавалі даўно. З 1989 па 2001 год арыентацыя на прафесіі педагагічнага профілю на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў школе была рэалізавана праз педагагічныя класы. А ўжо з 2015 года адбываецца праз педагагічныя групы ў профільных класах. Сёння ў нас заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з БДПУ. Да правядзення факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” прыцягваюцца тыя настаўнікі, якія валодаюць ведамі па педагогіцы і псіхалогіі, сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, творча падыходзяць да вырашэння педагагічных задач, імкнуцца да прафесійнага самаразвіцця, карыстаюцца аўтарытэтам у вучняў і калег.    

У школе ў профільных 10—11 класах адкрываюцца педагагічныя групы, у якіх займаюцца ад 4 да 10 чалавек. Настаўнікі, якія вядуць заняткі па педагогіцы і псіхалогіі, выкарыстоўваюць розныя формы іх правядзення: практыкумы, арганізацыйна-дзейнасныя і дзелавыя гульні, інтэрактыўныя лекцыі, трэнінгі, майстар-класы, творчыя майстэрні.

З 50 настаўнікаў, якія працуюць у нашай школе, 17 — гэта яе выпускнікі, прычым 8 з іх — выпускнікі педагагічных класаў, груп. За час вывучэння факультатыву школьнікі знаёмяцца з педагагічнай прафесіяй тэарэтычна і практычна, пазнаюць яе з адваротнага боку. Гэта дазваляе ім пацвер­дзіць правільнасць свайго выбару ці зразумець, што яны змогуць рэалізаваць свае жаданні і амбіцыі ў іншых сферах.

— Галіна Васільеўна, як будуеце работу з адоранымі дзецьмі?

— Мы імкнёмся дапамагчы вучням раскрыць свае здольнасці, дасягнуць поспехаў у выбранай імі дзейнасці, выявіць іх таленты і ўменні. Адукацыйны працэс будуецца так, каб кожны школьнік мог праявіць свае магчымасці ў самых розных сферах дзейнасці.

Выяўленне адораных дзяцей пачынаецца з 1 класа на аснове назірання, вывучэння псіхалагічных асаблівасцей, памяці, лагічнага мыслення. Штогод праводзіцца даследаванне ўзроўню патэнцыяльнага інтэлектуальнага развіцця. Па выніках дыягностыкі сістэматычна абнаўляецца банк даных па адораных навучэнцах. Класныя кіраўнікі право­дзяць з навучэнцамі, а таксама з настаўнікамі-прадметнікамі і баць­камі індывідуальныя размовы і кансультацыі, педагог-псіхолаг дае неабходныя рэкамендацыі. Дзякуючы карпатлівай пошукавай і творчай працы педагогаў, сярод нашых навучэнцаў з’яўляюцца зорачкі, якія дасягаюць высокага ўзроўню ведаў. І мы гэтым ганарымся.

***

— Метадычным забеспячэннем адукацыйнай дзейнасці педагогаў усіх ступеней агульнай сярэдняй адукацыі займаюцца 5 школьных вучэбна-метадычных аб’яднанняў. Іх дзейнасць накіравана на арганізацыю адукацыйнага працэсу на тэарэтычным, практычным, метадычным узроўнях, а таксама на ўкараненне ў практыку дасягненняў педагагічнай навукі, новых тэхналогій з мэтай павышэння майстэрства настаўніка і інш.

Вядучае месца ў метадычнай рабоце адводзіцца падрыхтоўцы і правядзенню педагагічных саветаў, дзе абмяркоўваем пытанні па вырашэнні ключавых задач дзейнасці калектыву. Арганізуючы іх, прымяняем такія формы работы, якія дазваляюць кожнаму педагогу быць уключаным у агульны аналітыка-прагнастычны працэс, адчу­ваць сваю значнасць, кампетэнтнасць і адказнасць. Правядзенню педсаветаў, як правіла, папярэднічаюць псіхолага-педагагічныя семінары, на якіх вызначаецца праблемнае поле, ствараюцца творчыя групы, кожная з якіх потым працуе па сваёй індывідуальнай праграме. Стварэнне часовых творчых груп педагогаў дае магчымасць усім удзельнікам адукацыйнага працэсу праявіць кіраўніцкія здольнасці.

Адным з асноўных паказчыкаў добра наладжанай метадычнай работы з’яўляецца ўдзел маладых калег у конкурсе прафесійнага майстэрства “Педагагічны дэбют”. У мінулым навучальным годзе настаўніца пачатковых класаў Дар’я Буйко прадэманстравала свой вопыт на раённым этапе гэтага конкурсу. У выніку наша калега стала пераможцай і ўзнагароджана дыпломам I ступені. Гэта сведчыць аб дастаткова высокай арганізацыі метадычнай работы ва ўстанове і асабістай зацікаўленасці педагогаў у выніках сваёй працы.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА