Лепшая ў раёне

- 10:58Адукацыйная прастора

Святам фантазіі і натхнення, таленту і маладосці, крэатыву і энергіі стаў заключны этап раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Малады педагог года”, які прайшоў на Століншчыне. У спаборніцтве ўдзельнічалі 9 педагогаў.

— Фіналістам давялося прыкласці шмат намаганняў, каб паказаць сваё майстэрства, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці падчас розных конкурсных выпрабаванняў, — расказала старшыня журы конкурсу намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама А.В.Васькавец. — Так, канкурсанты праводзілі ўрокі і заняткі ў сваіх і незнаёмых класах і групах, праходзілі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, абаранялі творчае эсэ “Маё месца ў сучаснай установе адукацыі” і складалі ўласную мадэль ідэальнага настаўніка. Спаборніцтва паказала, што актыўныя і мэтанакіраваныя маладыя педагогі не спыняюцца на дасягнутым, а імкнуцца да новых вяршынь майстэрства, вераць у сябе, свае веды і сілы.

Пасля невялікай размінкі, дзе патрабавался падзяліцца асацыяцыямі ад колераў вясёлкі, удзельнікі ў сцэнічнай форме разважалі над тым, якім яны ўяўляюць ідэальнага педагога. У гэтым ім дапамагалі вопытныя калегі. На думку канкурсантаў, ідэальны педагог павінен не толькі выдатна валодаць сучаснымі метадамі, прыёмамі і тэхналогіямі выкладання, але і тонка разумець пачуцці, жаданні і характар дзяцей, не шкадаваць для іх ні часу, ні здароўя, умець ператварыць адукацыйны працэс у захапляльнае падарожжа па краіне цудаў, пастаянна развівацца і ісці ў нагу з часам.

Вучні Столінскай дзяржаўнай гімназіі, на базе якой праходзіў заключны этап раённага конкурсу, падрыхтавалі для ўдзельнікаў выпрабаванне “Сюрпрыз”. Дзеці задавалі ім цікавыя гумарыстычныя пытанні, а педагогі адказвалі на іх, дэманструючы веды, кемлівасць і эрудыцыю.

Віншуючы фіналістаў з паспяховым выступленнем, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама А.М.Вячорка пажадаў маладым педагогам не збочваць з выбранага прафесійнага шляху і дасягнуць высокага майстэрства ў любімай справе.

У намінацыі “Індывідуальны стыль” была адзначана настаўніца хіміі і біялогіі Плотніцкай сярэдняй школы Вераніка Андрэеўна Пратасавіцкая, у намінацыі “Творчы патэнцыял” — настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Давыд-Гарадка Настасся Мікалаеўна Баброўская, у намінацыі “За разуменне дзіцячай душы” — выхавальніца Манькавіцкага ясляў-сада Кацярына Юр’еўна Гапончык, у намінацыі “На шляху да поспеху” — настаўніца гісторыі Глінкаўскай сярэдняй школы Кацярына Канстанцінаўна Вабішчэвіч, у намінацыі “Крэатыўнасць і творчасць” — настаўніца англійскай мовы Беражноўскай сярэдняй школы Іна Барысаўна Шалявенька, у намінацыі “Урок — вяршыня майстэрства” — настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Століна Ганна Юр’еўна Чупік. У намінацыі “Індывідуальнасць — сучаснасць” лепшым прызнаны настаўнік англійскай мовы Харомскага ясляў-сада — сярэдняй школы Сяргей Андрэевіч Пашкевіч, у намінацыі “Паспяховы старт” — настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Давыд-Гарадка Уладзімір Віктаравіч Ракала. Пераможцай раённага конкурсу стала настаўніца англійскай мовы Стружскай сярэдняй школы Наталля Дзмітрыеўна Пашкевіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.