Лепшая вучаніца — у дзявятым класе

У апошнія дні навучальнага года ў сярэдняй школе № 3 Ашмян адбыўся штогадовы інтэлектуальны конкурс “Эрудыт-2018”. Удзел узялі шэсць навучэнцаў 8—10 класаў. Кандыдатам на званне “Вучань года” мог стаць навучэнец, які мае сярэдні бал па вучэбных прадметах не менш за “7” і з’яўляецца прызёрам або пераможцам творчых конкурсаў, прадметных алімпіяд або аўтарам даследчых прац.

Конкурс за званне вучня года ўключаў наступныя этапы: візітоўка-самапрадстаўленне, размінка “Шчаслівы выпадак”, “Свая гульня”, “Логіка” і іншыя. Па выніках конкурсу намінацыі былі размеркаваны наступным чынам: Настасся Смалонская (9 “А” клас) — “Вучоная сава”, Дыяна Данішэўская (9 “Б” клас) — “Бурштынавыя россыпы” (самы дасціпны), Уладзіслаў Шумскі (9 “В”) — “Творчая асоба”, Лада Картановіч (10 клас) — “Бліскучыя смарагды” (самы абаяльны), Дар’я Харэвіч (8 “Б” клас) — “Жывая энцыклапедыя”, Ангеліна Макей (8 “А” клас) — “Пунсовыя ветразі” (воля да перамогі). Прыз глядацкіх сімпатый і званне “Вучань года-2018” заваявала навучэнка 9 класа Настасся Смалонская.

Настасся займаецца ў класах музычнай, мастацкай і харэаграфічнай накіраванасці, з’яўляецца салісткай узорнага хору “Тоніка”, грае на фартэпіяна, наведвае ўзорную студыю “Чароўны пэндзаль”, а таксама займаецца ў танцавальным калектыве “Арабеск”. Сур’ёзна займаецца і спортам: у 2017/2018 навучальным годзе заняла 1-е месца ў абласных спаборніцтвах па гандболе, з’яўляецца членам зборнай каманды па футболе.

Настасся паказвае добрыя поспехі ў вучобе, алімпіядным руху: з’яўляецца пераможцам раённых алімпіяд па біялогіі і чарчэнні, прымае актыўны ўдзел у жыцці класа і школы. Дарэчы, клас, у якім вучыцца Настасся Смалонская, атрымаў дыплом 2-й ступені па выніках школьнага конкурсу “Самы класны-класны клас”.

Алена КУМПІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *