Лепшы майстар названы

- 15:05Навіны рэгіёнаў, Рознае
Фінал абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства майстроў вытворчага навучання ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі “Майстар года” адбыўся ў мінулую пятніцу ў Магілёве. На базе прафесійнага ліцэя № 1 сабраліся ўдзельнікі, якія за час правядзення конкурсу прадэманстравалі лепшыя практычныя і тэарэтычныя ўменні.

З прывітальным словам да фіналістаў звярнуўся начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў.
— Майстры вытворчага навучання з’яўляюцца ключавой асновай устаноў прафтэхадукацыі. І вельмі прыемна ў ходзе такіх конкурсаў бачыць, што майстры прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў Магілёўшчыны валодаюць і высокімі педагагічнымі навыкамі, і добрымі асабістымі якасцямі. Яны імкнуцца да ўдасканалення свайго майстэрства, да прымянення наватарскіх форм і метадаў навучання, раскрыцця талентаў і здольнасцей дзяцей, — адзначыў у сваім выступленні Уладзімір Уладзіміравіч, пажадаўшы канкурсантам усяго толькі найлепшага.
Хвалюючую місію абвяшчэння пераможцаў шматдзённага конкурснага марафону ўзяла на сябе старшыня журы загадчык кафедры педагогікі і псіхалогіі МДУ імя А.А.Куляшова Алена Іванаўна Снапкова, якая адзначыла, што ёй вельмі прыемна гаварыць пра тое, што выбраць лідара сёлета было дастаткова нялёгка. Нялёгка, бо кожны з прэтэндэнтаў на перамогу быў годны гэтага ганаровага звання “Майстар года”.
Па выніках фінальных заданняў “Майстрам крэатыву” быў названы Уладзіслаў Сяргеевіч Гугалаў з Бабруйскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя Чарныша. У намінацыі “Майстар залатыя рукі” перамагла прадстаўніца Бабруйскага гандлёва-эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Дана Юльянаўна Ганжурава. Дыпломаў ІІІ ступені ўдастоіліся Анжэла Уладзіміраўна Бондарава з Мсціслаўскага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Аксана Аляксандраўна Рэвут з Бабруйскага тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і Віктар Андрэевіч Куцапалаў з Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа. Другі радок п’едэстала занялі сёлета Вольга Анатольеўна Скамейка з Магілёўскага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і Таццяна Іванаўна Ермакова з Бабруйскага прафесійна-тэхнічнага мастацкага каледжа імя Ларына. Пераможцай жа конкурсу прафесійнага майстэрства стаў Уладзімір Мікалаевіч Наймушын з Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа.
Уладзімір Мікалаевіч скончыў Ленінградскі электратэхнічны інстытут сувязі (зараз Санкт-Пецярбургскі дзяр-жаўны ўніверсітэт тэлекамунікацый імя М.А.Бонч-Бруевіча), папрацаваў некаторы час на вытворчасці, а потым уладкаваўся ў Магілёўскі прафесійны электратэхнічны каледж. З той пары вось ужо на працягу больш як дваццаці гадоў ён самааддана выхоўвае ў маладога пакалення любоў да прафесіі, вучыць дзяцей творча мысліць, прымяняць новыя вытворчыя метады і тэхналогіі. Варта адзначыць і тое, што, нягледзячы на значны вопыт працы і высокую кваліфікацыю, Уладзімір Мікалаевіч пастаянна імкнецца да ўдасканалення свайго прафесійнага майстэрства. Яго ўрокі заўсёды праходзяць з выкарыстаннем апошніх педагагічных, вытворчых тэхналогій і накіраваны на раскрыццё індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў. Такое стаўленне майстра да працы не засталося незаўважаным. Уладзімір Мікалаевіч узнагароджаны ганаровай граматай установы адукацыі, у якой працуе, а таксама ганаровай граматай упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Цяпер жа ў скарбонцы яго прафесійных дасягненняў і званне “Майстар года” вобласці, якога ён, несумненна, заслугоўвае.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.