Давайце пройдземся па горадзе, у якім гасцінна расчынілі дзверы забаўляльна-адукацыйны комплекс, цэнтр здароўя і спорту для ўсёй сям’і, ролікавы дыска-клуб, паркі “Вядомыя мясціны Беларусі”, “Зялёны востраў дзяцінства”. Зрэшты, можна ўзяць удзел у флэш-мобе “Дзень добрых спраў” або ў карнавале да Дня абароны дзяцей, праехаць на веласіпедзе па добра абсталяваных веладарожках. А вось паездка ў грамадскім транспарце ўвогуле ператвараецца ў займальную экскурсію па горадзе!
Вось такім незвычайным паўстаў Магілёў у праектах “Мая ідэя гораду, дружалюбнаму да дзяцей” удзельнікаў гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2014”, які праводзіўся ўпраўленнем адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама з 17 па 28 студзеня 2014 года.
Праграма конкурсу ўтрымлівала прадстаўленне педагагічнага вопыту, псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, відэаўрок, урок у незнаёмым класе і яго самааналіз, а таксама пяць конкурсаў заключнага этапу: публічнае выступленне на тэму “Навучаючы, я выхоўваю”; калейдаскоп ідэй “Мая ідэя гораду, дружалюбнаму да дзяцей”; дыялог “Каля мікрафона дырэктар”; фрагмент бацькоўскага сходу “Пагаворым пра галоўнае”; педагагічны эксперымент “Відавочнае і верагоднае”.
Эпіграфам конкурсу сталі словы вядомага педагога Ш.Аманашвілі “Дары сябе дзецям!”, вядучай ідэяй — удасканаленне гарадской прасторы для жыцця і развіцця дзяцей у сувязі з далучэннем Магілёва да Глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”.
Нечаканым выпрабаваннем для ўдзельнікаў конкурсу стаў дыялог “Каля мікрафона дырэктар”: давялося пабываць у ролі міністра адукацыі, дырэктара школы, пераможцы конкурсу “Настаўнік года — 2014”. Пад грунтоўную праверку трапіла настаўніцкае майстэрства канкурсантаў падчас педагагічнага эксперымента “Відавочнае і верагоднае”. Спатрэбіліся і майстэрства, і знаходлівасць, каб выкарыстаць на ўроку фізкультуры… руска-англійскі слоўнік, а на матэматыцы — партрэт Шэкспіра.
Бліскучымі былі экспромты настаўніцы фізікі сярэдняй школы № 1 Алены Аляксееўны Казначэевай, якая віртуозна спалучыла тэму “Супраціўленне” з анатамічнай схемай будовы чалавека; настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 8 Веранікі Аляксандраўны Нічай, якая пры дапамозе баскетбольнага мяча, скакалкі і абруча даступна прадэманстравала будову атамаў і віды сувязей паміж імі.
Удзельнікі годна прайшлі ўсе этапы конкурсу, пераканаўча даказалі сабе, гледачам і членам журы тое, што гарадскія педагогі ўпэўнена, з гонарам спраўляюцца з місіяй Настаўніка горада, дружалюбнага да дзяцей. Па выніках анкетавання вучняў сярэдняй школы № 4, дзе праводзіліся конкурсныя ўрокі, прыз дзіцячых сімпатый атрымала А.А.Казначэева. Пераможцай конкурсу стала настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 40 Кацярына Дзмітрыеўна Ляшчэвіч, якая атрымала званне “Настаўнік года — 2014” Магілёва.
Партнёрамі конкурсу, якія прадаставілі прызы ўдзельнікам, выступілі Магілёўскі гарадскі камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі; агенцтва дамашняга персаналу “Прэстыж Персанал”; Магілёўскі абласны тэатр лялек; кінатэатр “Кастрычнік”; Магілёўская гарадская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву “Багіма”, а таксама гарадская дзіцяча-юнацкая спецыялізаваная школа.