Лепшы ўрок — у настаўніцы з Гродна

У прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання фіналістаў і пераможцаў конкурсу настаўнікаў пачатковых класаў на лепшы ўрок (пазакласнае мерапрыемства) аб Саюзнай дзяржаве.

Фота да матэрыяла: Лепшы ўрок - у настаўніцы з Гродна.Конкурс стартаваў 1 ліпеня 2018 года ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Арганізатарамі мерапрыемства пры падтрымцы Міністэрства адукацыі нашай краіны і Міністэрства асветы Расіі выступілі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы і вытворча-выдавецкае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Дом прэсы”.

Мэта конкурсу — падтрымаць сучасныя фарматы правядзення ў пачатковых класах урокаў і пазакласных мерапрыемстваў аб Саюзнай дзяржаве, спрыяць станаўленню асобы маладых грамадзян на аснове агульных культурна-гістарычных каштоўнасцей беларускага і рускага народаў. Да ўдзелу запрашаліся настаўнікі пачатковых класаў устаноў адукацыі Беларусі і Расіі не старэйшыя за 28 гадоў. Для конкурсных урокаў і пазакласных мерапрыемстваў былі прапанаваны 8 тэм: “Я — грамадзянін Саюзнай дзяржавы”, “Што я ведаю пра Саюзную дзяржаву?”, “Дзве сястры — Беларусь і Расія: агульная гісторыя, культура, лёс”, “Як жывеш, сусед?”, “У нашым сяброўстве — вялікая сіла”, “Сяброўства — гэта цуд”, “Брацкі саюз на стагоддзі”, “У сяброў няма выхадных”.

Фота да матэрыяла: Лепшы ўрок - у настаўніцы з Гродна.Конкурс праходзіў на тэрыторыі Беларусі і Расіі. У арганізацыйны камітэт паступілі 374 заяўкі: 153 — з Рэспублікі Беларусь і 221 — з Расійскай Федэрацыі. Член журы начальнік аддзела метадычнага забеспячэння пачатковай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Надзея Антонава адзначыла высокі прафесійны ўзровень прадстаўленых заняткаў. У выніку прадстаўнікі журы, у склад якога ўваходзілі беларускія і расійскія прызнаныя метадысты і вядомыя выкладчыкі, вызначылі фіналістаў конкурсу, якімі сталі наступныя настаўнікі пачатковых класаў:

Ірына Грэчка з сярэдняй школы № 31 Гродна;

Ганна Ермаковіч з ліцэя № 369 Краснасельскага раёна Санкт-Пецярбурга;

Алена Жданава з сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 1 Ягор’еўска (Расія);

Марыя Жукава, настаўніца сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 274 з паглыбленым вывучэннем замежных моў Санкт-Пецярбурга;

Мадзіна Каранаева, педагог сярэдняй школы № 11 Ізбербаш (Рэспубліка Дагестан, Расія);

Алена Куц, настаўніца дзіцячага сада — пачатковай школы № 9 Брэста;

Марыя Ахоціна з Раждзественскай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы Істрынскага раёна (Расія);

Юлія Пляханава, настаўніца сярэдняй школы № 11 Оршы;

Юлія Яўтуховіч, педагог сярэдняй школы № 26 Брэста.

Фіналістам стала сумесная работа Аляксандры Стральцовай (Уладзімір, лінгвістычная гімназія № 23 імя А.Г.Сталетава) і Ілоны Пінчук (Мінск, сярэдняя школа № 182 імя Уладзіміра Карвата).

А пераможцай конкурсу прызнана Ірына Віктараўна Грэчка, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 31 Гродна, якая падчас узнагароджання адзначыла, што ўдзел у конкурсе натхніў яе на новыя перамогі. “Я вельмі ўдзячна арганізаратам за такое свята, за магчымасць яшчэ раз усвядоміць, што побач з намі не проста краіна-суседка, а краіна-сяброўка”, — сказала пераможца конкурсу.

Начальнік Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Маргарыта Леўчанка перадала шчырыя віншаванні фіналістам і пераможцы ад дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты і заўважыла, што прафесія настаўніка пачатковых класаў вельмі важная, бо менавіта гэтыя педагогі прымаюць самы актыўны ўдзел у станаўленні дзіцяці. “Я ўдзячна вам за смеласць паўдзельнічаць у нашым конкурсе. Ён незвычайны і з’яўляецца пятым конкурсам, які мы праводзім для педагогаў”, — заўважыла Маргарыта Паўлаўна.

Член камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па сацыяльнай і маладзёжнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях Аксана Няхайчык падзялілася тым, што некалі таксама хацела стаць настаўніцай пачатковых класаў, але лёс склаўся так, што стала настаўніцай фізікі і матэматыкі. Тым не менш Аксана Уладзіміраўна пераканана, што менавіта настаўнік пачатковых класаў — самы галоўны ў жыцці дзіцяці, бо яго місія — навучыць займацца і не адбіць ахвоту вучыцца далей. “Вашым дзецям вельмі пашанцавала з першай настаўніцай, бо вы цікаўныя, шчырыя і любіце сваіх вучняў, калі імкнецеся разнастаіць іх школьнае жыццё такімі цікавымі заняткамі”, — звярнулася да настаўнікаў Аксана Няхайчык.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.