Маштабнае мерапрыемства прайшло ў Мінску напярэдадні Дня народнага адзінства і аб’яднала каля 600 чалавек, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Педагогі, навучэнцы, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб’яднанняў, пошукавых і ваенна-патрыятычных клубаў абмяркоўвалі пытанні міжведамаснага ўзаемадзеяння ў сферы патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі.
— Дзякуючы таму, што 17 верасня 1939 года адбыўся акт гістарычнай справядлівасці, уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, мы змаглі выстаяць у гады вайны. Каб захаваць памяць пра Вялікую Перамогу, трэба не проста расказваць пра яе важнасць, а далучаць кожнага маладога чалавека да канкрэтнай справы, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Якраз гэта і пацвярджаюць сваёй штодзённай працай удзельнікі форуму, якія падчас выставы «Вайна. Перамога. Памяць» прэзентавалі багаты вопыт пошукавай дзейнасці.

Яркім момантам урачыстага сходу ў Цэнтральным доме афіцэраў стала ўзнагароджанне ўстаноў адукацыі, дзе актыўна вядзецца адпаведная работа. Сярод узнагароджаных Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моў, Навагрудскі дзяржаўны каледж тэхналогій і бяспекі, Полацкі дзяржаўны эканамічны каледж, Магілёўскі абласны цэнтр творчасці, Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, Барысаўскі цэнтр экалогіі і турызму, гімназія № 9 Мінска імя Д.М. Манкевіча, Крулеўшчынская сярэдняя школа Докшыцкага раёна імя І.П. Ціткова.
Завяршыўся форум праглядам кінадылогіі пра генацыд беларускага народа і дакументальнага спектакля «Каляндар памяці: старонкі лёсу».
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара





