Лепшы вынік — 391 бал

- 9:44Вышэйшая школа

2298 чалавек паступілі ў гэтым годзе ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Студэнтамі-першакурснікамі найбуйнейшага рэгіянальнага ўніверсітэта краіны сталі 1088 чалавек, якія будуць вучыцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, і 1210 чалавек, якія будуць атрымліваць адукацыю на платнай аснове.

—Усяго за час прыёмнай кампаніі ў прыёмную камісію нашага ўніверсітэта было пададзена 3560 заяў на атрыманне вышэйшай адукацыі. Сярэдні конкурс склаў 2,07 чалавека на месца, — паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Карлюкова. Найбольшыя конкурсы былі па спецыяльнасцях дзённай бюджэтнай формы “Дызайн (касцюма і тканін)”, “Дызайн (графічны)”, “Дызайн (віртуальнага асяроддзя)”, “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый”, “Міжнароднае права”, “Правазнаўства”, “Эканамічнае права”, “Турызм і гасціннасць” і “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка”.

Самая высокая сума балаў — 391 — была ў Рэнаты Новік, якая стала студэнт­кай філалагічнага факультэта спецыяльнасці “Рамана-германская філалогія (англійская)”. На спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” факультэта матэматыкі і інфарматыкі з 378 баламі паступіў Максім Назараў, які меў два 100-бальныя сертыфікаты па матэматыцы і фізіцы.

На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі студэнтамі сталі 55 чалавек. Без уступных выпрабаванняў на бюджэтную форму навучання былі залічаны 72 абітурыенты, 6 з іх з’яўляюцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 5 маюць высокія спартыўныя і творчыя дасягненні, 38 — дыпломы з адзнакай і залатыя ці сярэбраныя медалі і паступалі на педагагічныя або запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. 20 абітурыентаў скончылі профільныя класы педагагічнай накіраванасці і паступалі на педагагічныя спецыяльнасці па субяседаванні.

У гэтым годзе адбыўся набор на новыя спецыяльнасці “Штучны ін­тэлект”, “Прамысловыя робаты і робататэхнічных комплексы”, “Дызайн (віртуальнага асяроддзя)” і “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (трэнерская работа з указаннем віду спорту)”. Упершыню праводзіўся набор на дыстанцыйную форму атрымання адукацыі па спецыяльнасцях “Транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)” на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання, “Турызм і гасціннасць” на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму, “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя” на педагагічным факультэце. Як паведамілі ва ўніверсітэце, вучэбны працэс будзе рэалізоўвацца з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і электронных адукацыйных сэрвісаў універсітэта. Асабістая прысутнасць студэнта неабходна будзе толькі для здачы залікаў і экзаменаў.

Звыш 25 працэнтаў тых, хто паступіў на першы курс, — прадстаўнікі іншых рэгіёнаў Беларусі. Жыхароў Гродна і Гродзенскай вобласці — 74,6 працэнта. Усе іншагароднія першакурснікі ўніверсітэта будуць забяспечаны інтэрнатам. Многіх з іх чакае наваселле ў новым інтэрнаце на 1030 месцаў, які будзе адкрыты напярэдадні новага навучальнага года. Увод гэтага аб’екта павысіць паказчык забяспечанасці месцамі ў інтэрнатах ГрДУ да 85 працэнтаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.