Лепшых маладых педагогаў вызначылі ў Мінскай вобласці

- 17:30Главная, Образование

Абласны этап рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют — 2023» прайшоў у сярэдняй школе № 25 Барысава, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Фестываль стаў важнай падзеяй у жыцці маладых педагогаў і маладых кіраўнікоў устаноў адукацыі Міншчыны.

— Выбіраючы прафесію педагога, вы ведалі, што ў вас павінна быць сувязь з дзецьмі: вы любіце іх, а яны любяць вас, — звярнуўся да ўдзельнікаў конкурсу начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — Жадаю кожнаму з вас узысці на вяршыню педагагічнага майстэрства, якая заключаецца ў тым, каб быць задаволеным сваёй работай. Таксама вяршыня майстэрства — гэта калі вас сустракаюць бацькі і дзякуюць за работу, якую робіце, а вы, правяраючы сшыткі навучэнцаў, разумееце, што многаму іх навучылі, і ставіце высокія адзнакі. Сёння вы ў пачатку руху да гэтай вяршыні. Але я ўпэўнены: выбраўшы прафесію настаўніка і прайшоўшы педагагічны дэбют, вы застаняцеся ў прафесіі надоўга.

12 педагагічных работнікаў Мінскай вобласці прадставілі на ацэнку кампетэнтнага журы сваё прафесійнае майстэрства ў такіх намінацыях, як «Малады дырэктар установы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі», «Малады загадчык установы, якая рэалізуе адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі», «Малады настаўнік» і «Малады выхавальнік дашкольнай адукацыі».

Удзел у «Педагагічным дэбюце»гэта новая матывацыя да развіцця, творчасці і школа прафесійнага росту, — зазначыла начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Барысаўскага райвыканкама Ірына Садоўская. — Калісьці я сама была пераможцай раённага і ўдзельніцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Ведаю, што ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства — гэта магчымасць знайсці ў сабе новыя таленты, адкрыць новыя грані прафесіі.

Маладыя дырэктары школ і загадчыкі ўстаноў дашкольнай адукацыі спаборнічалі ў конкурсах творчай самапрэзентацыі або візітнай карткі «Я і мая каманда». Маладыя настаўнікі і выхавальнікі дашкольнай адукацыі дэманстравалі сваё майстэрства ў творчай самапрэзентацыі або візітнай картцы «Пачатак педагагічнага шляху».

Лепшым маладым дырэктарам стаў дырэктар Вяляціцкай сярэдняй школы Барысаўскага раёна Антон Гульнеў. Сярод маладых загадчыкаў устаноў дашкольнай адукацыі перамагла загадчыца дзіцячага сада «Сонейка» пасёлка Дружны Наталля Несцяровіч. Лепшым маладым настаўнікам прызнаны настаўнік гісторыі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Андрэй Марозаў. А лепшай сярод маладых выхавальнікаў стала выхавальніца дзіцячага сада № 27 Маладзечна Настасся Васілевіч. Яны прадставяць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе.

Наталля САХНО
Фота аўтара