Лепшымі ў фізічных баях сталі ліцэісткі БДУ

- 12:01Адукацыйная прастора

Каманда Ліцэя БДУ-10 стала абсалютным пераможцам XXIIІ Рэспубліканскага турніру юных фізікаў. Усяго ў інтэлектуальных спаборніцтвах узялі ўдзел 19 каманд з усіх рэгіёнаў краіны, якія на працягу трох дзён традыцыйна трымалі “бой” за магчымасць стаць лепшай камандай краіны.

Баі праходзілі на пляцоўцы Ліцэя Белдзяржуніверсітэта. Арганізатарамі мерапрыемства традыцыйна выступілі Міністэрства адукацыі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
А ў пяцёрку лідараў-ліцэістаў сёлета ўвайшлі практычна адны дзяўчаты: Лізавета Грышкіна, Любоў Падзялёшкіна, Настасся Падмазка, Валянціна Смірнова і Данііл Ярмалкевіч. Яшчэ адной адметнасцю каманды-пераможцы з’яўляецца склад яе кіраўнікоў, у ролі якіх выступілі Віктар Лойка, Данііл Мнявец, Таццяна Пыжык. Усе яны з’яўляюцца студэнтамі фізічнага факультэта БДУ і ўчарашнімі ўдзельнікамі і пераможцамі рэспубліканскага турніру юных фізікаў.
Як адзначыў Анатоль Іванавіч Слабадзянюк, старшыня журы турніру, гэта проста выдатна, калі ідэі пераемнасці ператвараюцца ў рэальнасць. “Тое, што ўчарашнія “байцы” сёння ўжо кіраўнікі, — з’ява абсалютна заканамерная. Гэта тая моладзь, якая заўсёды імкнецца ў бой, бо турнір — не проста рашэнне даследчых задач, гэта ўменне працаваць у камандзе, тонка адчуваючы кожнага “супляменніка”, — зазначыў Анатоль Іванавіч.
Набраўшы максімальную колькасць балаў, юныя фізікі былі ўганараваны пераходным кубкам турніру і дыпломам I ступені. Дыпломы II ступені атрымалі каманды зборнай Ліцэя БДУ, Варонежа (Расія) і ліцэя БНТУ. Трэба адзначыць, што зборная Варонежа прыязджае да нас на турнір ужо трэці раз.
Больш актыўнымі і ўпартымі на шляху да перамогі становяцца рэгіянальныя каманды. Так, у індывідуальным заліку лідарам быў прызнаны член каманды зборнай Нясвіжскага раёна Яраслаў Тамашэвіч. А па выніках турніру зборная каманда Нясвіжскага раёна (кіраўнікі — Жанна Іванаўна Скачко, Таццяна Анатольеўна Мірашнічэнка) была ўзнагароджана дыпломам III ступені.
Акрамя каманды Нясвіжскага раёна, Мінскую вобласць прадстаўлялі яшчэ 5 каманд. Каманды сярэдняй школы № 1 Смілавіч Чэрвеньскага раёна, Слуцкага раёна і сярэдняй школы № 2 Старых Дарог таксама былі адзначаны дыпломамі ІІІ ступені. Як падкрэслілі члены журы, такі поспех школьнікаў Мінскай вобласці абумоўлены тым, што ў рэгіёне на працягу апошніх гадоў праводзіцца абласны турнір юных фізікаў, а шлях да рэспубліканскай перамогі ляжыць праз рэгіянальныя турніры.
А адметнасцю турніру юных фізікаў з’яўляецца работа ў камандзе. Удзельнікі турніру юных фізікаў — прыхільнікі калектыўнай навуковай “творчасці”, бо на сённяшні дзень любая навуковая лабараторыя — калектыў. Акрамя таго, удзельнікі турніру набываюць вопыт публічнага выступлення, бо прэзентуюць свае рашэнні вусна, апаніруюць і рэцэнзуюць рашэнні іншых таксама вусна.
Каб стаць удзельнікам турніру юных фізікаў, старшакласнікам папярэдне неабходна рашыць як мінімум дзевяць з дванаццаці прапанаваных эксперыментальных задач. Напрыклад, такую як “Кубак кавы”:
Фізікі любяць піць каву, аднак прагулка з кубкам кавы паміж лабараторыямі можа быць праблематычнай. Даследуйце, як форма кубка, хуткасць перамяшчэння фізіка і іншыя істотныя параметры сістэмы ўздзейнічаюць на верагоднасць таго, што кава разальецца.
Мэта такіх задач — паставіць удзельніка ў тыя ж умовы, у якіх знаходзіцца звычайны даследчык. Рашэнне задачы і нават спосаб рашэння цалкам невядомыя, таму турнірныя задачы публікуюцца загадзя. Гэта дае магчымасць правесці ўсе неабходныя эксперыменты, знайсці патрэбную інфармацыю і атрымаць кансультацыі ў спецыялістаў.
Беларускі рэспубліканскі турнір юных фізікаў з’яўляецца адборачным турам міжнароднага турніру, таму задачы распрацоўваюцца фізікамі краін — удзельніц міжнароднага турніру. І адметнасць гэтых задач заключаецца ў першую чаргу ў іх уніфікаванасці для ўдзельнікаў кожнай краіны.
Па выніках XXIIІ Рэспубліканскага турніру будзе сфарміравана зборная каманда Беларусі (з дзвюх каманд Ліцэя БДУ), якая прадставіць краіну на XXVIIІ Міжнародным турніры юных фізікаў, які пройдзе ў ліпені гэтага года ў Тайландзе.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.