Лепшыя аратыя

- 11:50Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Лепшых аратых вызначылі на XIV Рэспубліканскім конкурсе, які прайшоў на базе Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Штогод гэтае мерапрыемства праходзіць у рамках Міжнароднай спецыялізаванай выставы “БелАгра”.

Андрэй Каралько.

Усяго ў конкурсе ўдзельнічалі 15 каманд. 6 з іх — каманды-прадстаўніцы ўсіх абласцей нашай краіны. У іх склад увайшлі прафесіяналы, якія ўжо працуюць на розных сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

Таксама спаборнічалі паміж сабой за права звацца “Лепшым аратым” навучэнцы 9-ці ўста­ноў адукацыі. Гэта прадстаўнікі дзвюх УВА — БДАТУ і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, а таксама прадстаўнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі — Буда-Кашалёўскага, Жыровіцкага, Клічаўскага, Мар’інагорскага, Пружанскага аграрна-тэхнічных каледжаў, Клімавіцкага і Чырвонабярэжскага аграрных кале­джаў. Удзель­нікамі конкурсу сталі юнакі, якія маюць пасведчанне трактарыста-машыніста і па сваім прафесійным узроўні адпавядаюць патрабаванням работы на ворных агрэгатах з трактарамі цягавага класа 1,4.

Конкурс патрабаваў ад удзель­нікаў дэманстрацыі тэарэтычных ведаў і практычных уменняў. На першым — тэарэтычным — этапе ўдзельнікі павінны былі адказаць на пытанні па правілах тэхнічнага сэрвісу машынна-трактарнага агрэгата. Для гэтага трэба было добра ведаць, якія бываюць няспраўнасці ў розных сістэмах сельскагаспадарчых машын, як іх дыягнаставаць і выправіць.

Для выканання заданняў наступных этапаў юныя аратыя адправіліся на поле эксперыментальнай базы імя Катоўскага Уздзенскага раёна. Другі этап конкурсу выпрабоўваў майстэрства кіравання трактарам БЕЛАРУС-80.1.

Удзельнікі конкурсу выконвалі пад’езд да грузу з наступным яго навешваннем, потым рухаліся па зададзеным маршруце і ставілі груз у азначаным пункце. Зрабіць гэта патрабавалася без дотыку да абмежавальных элементаў і менш чым за 4 мінуты.

Трэці этап конкурсу — узворванне ўчастка поля трактарам БЕЛАРУС-1025.2. Кожны з удзельнікаў павінен быў выканаць два праходы ў прамым і зваротным напрамку і забяспечыць высокую якасць узворвання.

— Удзельнікі прадэманстравалі высокі ўзровень і тэарэтычнай, і практычнай падрыхтоўкі, — адзначае Мікалай Аляксандравіч Вараб’ёў, прарэктар па вучэбнай рабоце і вытворчасці БДАТУ. — У тэарэтычным этапе двое канкурсантаў атрымалі найвышэйшы бал, і многія былі да яго блізкія. І ў другім этапе знайшліся тыя, хто адпрацаваў на максімальную адзнаку. На ворыве канкурсантам было больш складана: сказваецца тое, што ў іх яшчэ невялікі вопыт, аднак і ў гэтым этапе яны дастойна прадставілі свае ўстановы адукацыі.

Па выніках конкурсу 1-е месца заняў Аляксандр Шчурэвіч, навучэнец БДАТУ. На другую прыступку п’едэстала гонару ўзняўся Андрэй Каралько, навучэнец Мар’інагорскага дзяржаўнага ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічнага каледжа імя У.Е.Лабанка. “Бронзы” ўдастоены Ілья Ліцкевіч, прадстаўнік Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Навучэнцы каледжаў цудоўна праявілі сябе на конкурсе, што нядзіўна: да іспытаў рыхтуюцца сур’ёзна. Так, напрыклад, для падрыхтоўкі Андрэя Каралько ў Мар’інагорскім каледжы была распрацавана праграма работы. Юнак правёў шмат га­дзін, адточваючы сваё майстэрства пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Аляксея Віктаравіча Залатухіна. Ва ўстанове адукацыі ёсць свой аўтатрактарадром, сучасная тэхніка, вучэбна-доследная гаспадарка. Добрыя ўмовы, памножаныя на ўпартую работу юнака, прынеслі плён. Дарэчы, Андрэй сёлета заканчвае каледж і ў хуткім часе свае ўменні будзе прымяняць на рабоце.

Дар’я РЭВА.