Лепшыя кадэты краіны вучацца ў Лужасне

- 11:29Адукацыйная прастора

Пераможцаў вызначылі на IV Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе па страявой падрыхтоўцы сярод устаноў сістэмы кадэцкай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Арганізатарам конкурсу выступае грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў”. У гэтым годзе спаборніцтвы прымала Віцебскае кадэцкае вучылішча. У аграгарадку Лужасна сабраліся каманды 8 кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў МУС і МНС, Мінскага сувораўскага вучылішча. Урачыстую цырымонію адкрыцця агляду-конкурсу ўпрыгожылі выступленні дзяўчат узвода 11 “Б” класа, пераможцы IX фестывалю патрыятычнай песні “Чырвоны гваздзік” Сяргея Рыдзіка, удзельнікаў фестывалю патрыятычнай песні “Салдаты Айчыны” Дар’і Ягадкі і Аляксандры Мартусевіч, тэатра моды “Стыль”, ансамбля барабаншчыц “Макстон”, аркестра 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай ордэна Леніна Чырванасцяжнай ордэна Кутузава II ступені брыгады імя 60-годдзя СССР. Намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь, член каардынацыйнага савета па пытаннях дзейнасці кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў і Мінскага СВВ, генерал-маёр Сяргей Уладзіміравіч Патапенка адзначыў, што страявая падрыхтоўка — важны складнік ваеннай падрыхтоўкі будучых афіцэраў, і асобна праінфармаваў: пераможцы прымуць удзел у парадзе, прысвечаным 75-годдзю Вялікай Перамогі.

Агляд-конкурс уключаў у сябе спаборніцтвы па адзіночнай страявой падрыхтоўцы, страявой зладжанасці (выкананне страявых прыёмаў у складзе аддзялення), агляд знешняга выгляду кадэтаў, праходжанне ўрачыстым маршам, выкананне страявой песні. У склад каманды Віцебскага кадэц­кага вучылішча ўваходзілі кадэты ўзвода 11 “А” класа: старшы віцэ-сяржант Мікіта Крывіцкі, кадэты Ягор Чвайкоўскі, Кірыл Клімовіч, Аляксандр Шчуко, Уладзіслаў Гасціловіч, Аляксей Мароз, Максім Губскі, Данііл Сінкевіч, віцэ-сяржанты Аляксандр Сабалеўскі і Андрэй Мінчонак. За ўвесь час правядзення агляду-конкурсу ў лідарах заўсёды аказваліся сувораўцы, нашым лепшым дасягненнем было 3-е месца ў 2018 годзе. Як гаспадарам спаборніцтваў нам хацелася прадэманстраваць больш высокі ўзровень падрыхтоўкі, таму конкурсу папярэднічалі сур’ёзныя шматдзённыя рэпетыцыі. Не ведаем, ці родныя сцены нам дапамаглі, ці зацятыя трэніроўкі, мэтанакіраванасць і вялікае жаданне перамагчы, але вынік агляду-конкурсу па страявой падрыхтоўцы парадаваў. У намінацыі “Лепшы страявік” Уладзіслаў Гасціловіч стаў другім. Мікіта Крывіцкі справіўся са сваёй задачай камандзіра і па суме балаў выйшаў на 2-е месца ў асабістым заліку ў намінацыі “Лепшы камандзір аддзялення”. У намінацыі “За лепшае праходжанне ўрачыстым маршам” наша каманда была першай.

Агульны вынік — 1-е месца ў агульнакамандным заліку. Пераходзячы кубак міністра абароны Рэспублікі Бе­3ларусь сёлета наш!

На цырымоніі закрыцця агляду-конкурсу адбылося ўзнагароджанне пераможцаў, якое правялі прадстаўнікі ГА “Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў”, Віцебскага абласнога ваеннага камісарыята, Віцебскай абласной арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў”, вытворчага аб’яднання “Энергакамплект” — спонсара агляду-конкурсу, кіраўнікі кадэцкіх вучылішчаў і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Ганарова было атры­маць узнагароды з рук старшых афіцэраў. І яшчэ адна радасная для нас падзея адбылася падчас закрыцця конкурсу: Віцебскаму кадэцкаму вучылішчу быў уручаны пераходны прыз грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў” як лепшай установе адукацыі сістэмы кадэцкай адукацыі Рэспублікі Беларусь па выніках 2018/2019 навучальнага года.

Уладзіслаў ГАСЦІЛОВІЧ.
Фота Рамана СТАРЫКАВА.