Лепшыя міратворчыя праекты і тэлемост з Кітаем… Як у школе № 5 Слоніма працуюць на карысць вучняў

- 14:01Школа мира

Сярэдняя школа № 5 Слоніма ў маі атрымала статус “Школа міру”, а ўжо летам стала пераможцай абласнога і прызёрам рэспубліканскага конкурсу на лепшы міратворчы праект. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася пра сакрэты яе імклівага поспеху і планы на будучыню.

У цэнтры падзей

На сённяшні дзень адзіная ў Слонімскім раёне Школа міру размешчана ў будынку 1934 года. Але, гледзячы на фасад школы ці трапляючы ўнутр, не адчуваеш узрост будынка. Усюды цябе сустракаюць утульнасць і акуратнасць з паметкай “сучасны”. На перапынках школьныя калідоры поўныя звонкіх дзіцячых галасоў, школьнікаў у белых кашулях і ўсмешлівых педагогаў. І ўсё ж здымкі, што захоўваюцца ў музеі, запэўніваюць, што так было не заўсёды…

Уцалелая ў гады Вялікай Айчыннай вайны пабудова падчас акупацыі выкарыстоўвалася як лагер ваеннапалонных. Пра гэта расказваюць чорна-белыя здымкі. Нагадваюць яны і пра далейшы лёс пабудовы: пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тут быў шпіталь для параненых савецкіх салдат.

Толькі з 1950 года будынак пачаў сваю гісторыю ўжо як школа пад нумарам 5. Вельмі сімвалічна, што аб’ект з такой гісторыяй сёння стаў месцам, дзе нараджаюцца і ўвасабляюцца міратворчыя ідэі і праекты. Безумоўна, усё гэта стала магчымым дзякуючы неабыякавым жыхарам раёна і адміністрацыі школы.

Музей з элементамі інтэрактыву

— Аўтарам ідэі стварэння экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, стаў сапраўды захоплены гісторыяй роднага краю чалавек — Сяргей Саўчанка. Амаль усё, што ёсць у музеі, — вынік яго працы і прыхільнасці да калекцыяніравання. Нават элементы формы для фігур нашых салдат Сяргей Андрэевіч шыў сам, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Іна Сямёнава.

Дзякуючы яго намаганням, у 2021 го­дзе музейнае памяшканне напоўнілася яркімі інсталяцыямі, фатаграфіямі ваенных гадоў, унікальнымі экспанатамі і непаўторнай атмасферай. Гэта сапраўдны музей з элементамі інтэрактыву. Важна, што дзеці тут могуць дакрануцца да многіх экспанатаў, прымераць каскі, патрымаць у руках зброю. Са слоў суразмоўніцы, такі фармат дазваляе наведвальнікам у думках перанесціся ў мінулае, лепш зразумець, што адчувалі нашы суайчыннікі, калі зямля пад нагамі рвалася ад снарадаў.

Экскурсію праводзіць Н.Ф. Ляўчук

У музеі чатыры экспазіцыі, якія расказваюць пра падзеі, што адбываліся ў 1941—1945 гадах. Каля экспазіцыі “Нямецкая акупацыя Слоніма і Слонімскага раёна” мімаволі спыняешся, углядаючыся ў фота школьнага будынка часоў Вялікай Айчыннай вайны… Інсталяцыя лагера ваеннапалонных, размешчанага ў гады вайны на тэрыторыі школы, дапамагае ўявіць не проста старонку гісторыі, але і старонку ваеннай гісторыі канкрэтнага месца. З ім сёння звязана жыццё больш як 670 навучэнцаў, іх родных і блізкіх, якія ў большасці сваёй скончылі гэтую ж установу адукацыі. Слонімская сярэдняя школа № 5 — сведка болю людзей з лагера ваеннапалонных, які быў тут размешчаны.

Кніга памяці

— Менавіта музей натхніў нас на новае пачынанне — праект па захаванні гістарычнай памяці, які аб’яднаў усю школу. На працягу некалькіх месяцаў вучні ўсіх класаў разам з бацькамі шукалі і вывучалі інфармацыю аб сваяках, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Вынікам агульнай работы стала выданне зборніка “Кніга памяці праўнукаў аб прадзедах” з імёнамі 98 чалавек — прадзедаў і прапрадзедаў нашых навучэнцаў, — працягвае Іна Сямёнава.

Калі гартаеш старонкі зборніка, уражвае адна заканамернасць. Побач са здымкамі навучэнцаў школы суседнічаюць фота іх пра­дзедаў — сведкаў вогненных гадоў. І складана не заўважыць відавочнае падабенства сваякоў.

— Не перадаць словамі, з якой гордасцю дзеці расказвалі пра сваіх прадзедаў на пазакласных мерапрыемствах падчас работы над зборнікам. Гэтая справа прынесла сапраўднае задавальненне і нам, і юным аўтарам. І нават стала падставай для цікавых адкрыццяў. Мы даведаліся, напрыклад, што на слонімскай зямлі жывуць сваякі Героя Савецкага Саюза Рыгора Сямёнавіча Елісеева, што адзін з удзельнікаў вайны ў мірны час выдаў паэтычны зборнік. Сёння копія гэтага выдання па ініцыятыве яго нашчадкаў захоўваецца ў нашым музеі.

Віртуальная прастора гісторыі

Пагартаць выданне можа кожны. Яго віртуальная версія “Кніга памяці праўнукаў аб прадзедах” прадстаўлена на сайце ўстановы адукацыі. Тут жа можна адправіцца і на экскурсію ў школьны музей. Прычым такое віртуальнае падарожжа суправаджаецца тэматычным музычным афармленнем.

У агульным доступе на сайце і яшчэ адна аўтарская распрацоўка педагогаў школы — пазнавальныя квесты, віктарыны для школьнікаў рознага ўзросту “Пад дымкай часу”. У інтэрактыўнай форме вучням прапаноўваецца не проста адказаць на пытанні па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, але і прыгадаць назвы фільмаў і песень аб вайне, суаднесці памятныя месцы з падзеямі мінулага, якія там адбываліся.

— Усе гэтыя распрацоўкі былі пакладзены ў аснову нашай работы пад назвай “Захоўваючы гістарычную памяць, ствараем гісторыю краіны” для конкурсу на лепшы міратворчы праект. Мінулым летам мы сталі пераможцамі двойчы. Спачатку як абсалютныя лідары на ўзроўні вобласці. А ў хуткім часе прадставілі вынікі сваёй работы ўжо на рэспубліцы. Да апошняга этапу конкурсу ішлі на роўных па колькасці балаў з калегамі з Віцебска. І тут ад пераможнага першага месца нас аддзяліў усяго адзін бал, — успамінае Іна Уладзіміраўна.

Кожны год у Школе міру працуюць над новым праектам. У цэнтры ўвагі сёння — калектыўная работа вучняў і педагогаў, прысвечаная тэме генацыду беларускага народа, “Без тэрміну даўнасці, ці кіламетры болю”.

Яе вынікам стане інтэрактыўная карта Беларусі, дзе будуць адзначаны месцы масавых пахаванняў, канцэнтрацыйных лагераў, спаленых вёсак…

— Ужо сёння асобны стэнд нашага музея прысвечаны спаленым вёскам Слонімскага раёна. Дзякуючы стварэнню інтэрактыўнай карты, зноў выйдзем далёка за рамкі школьнага музея. Зможам паведаміць пра блізкую і важную для кожнага гісторыю як мага большай колькасці гасцей нашай установы адукацыі, прычым як рэальна, так і віртуальна. Гэтая памяць патрэбна і цяперашняму пакаленню, і будучым, — адзначае Іна Сямёнава.

Тэлемост з Паднябеснай

Міратворчая дзейнасць вучняў і настаўнікаў выходзіць далёка за межы роднай установы адукацыі. Пра сваю работу педагогі расказваюць нават у міжнародным фармаце.

Мінулым летам Слонімскі райвыканкам заключыў дагавор аб супрацоўніцтве з адной з правінцый Кітая. Першы тэлемост з удзелам прадстаўнікоў сістэмы адукацыі абодвух бакоў адбыўся 21 жніўня. Ужо ў пачатку верасня сярэдняя школа № 1 павета Чжэнін — адзіная школа ў кітайскім горадзе Цынян, у якой праводзяцца ўрокі рускай мовы, — прапанавала арганізаваць сумесны тэлемост з сярэдняй школай № 5 Слоніма, якая носіць горды статус “Школа міру”.

Па відэасувязі сустрэча ў такім фармаце пройдзе ў кастрычніку. У праграме віртуальнай сустрэчы не толькі размова аб магчымых напрамках супрацоўніцтва. Кітайскія школьнікі правядуць творчы майстар-клас для вучняў Школы міру са Слоніма. Юныя прадстаўнікі Гродзеншчыны раскажуць равеснікам з Кітая аб сваёй малой радзіме. У завяршэнне тэлемоста з Паднябеснай нашы хлопчыкі і дзяўчынкі разам з кітайскімі намалююць карціну на адну тэму.

Цікава, што зносіны будуць праходзіць у рэжыме рэальнага часу без папраўкі на моўны бар’ер. Дзякуючы спецыяльным праграмам, удзельнікі сустрэчы будуць чуць суразмоўцаў на зразумелай для кожнага боку мове.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара