Лепшыя настаўнікі Магілёўскай вобласці вызначаны на конкурсе прафесійнага майстэрства

- 13:16Главная, Образование

Яркіх, актыўных, творчых педагогаў аб’яднаў рэгіянальны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года» на Магілёўшчыне, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

 

На працягу мінулага тыдня ўдзельнікі, якія выйшлі ў абласны тур, праходзілі шэраг выпрабаванняў. З іспытамі справіліся добра. Перакананні і светапогляд канкурсантаў запэўнівалі: яны сапраўды сэрцам адданыя дзецям, апантаныя настаўніцкай працай. Аб гэтым неаднаразова казалася і падчас падвядзення вынікаў.

Усе канкурсанты — ініцыятыўныя, мэтанакіраваныя асобы. Педагогі з вялікай літары. Наогул, у Магілёўскай вобласці шмат таленавітых настаўнікаў. З такімі педагогамі сістэма адукацыі рэгіёна будзе дынамічна развівацца і эфектыўна функцыянаваць, — адзначыў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч.

Узнагароджанне прайшло ўрачыста. Галоўнай перамогі заслугоўвалі ўсе, але «Настаўнікам года — 2023» назвалі настаўніка працоўнага навучання гімназіі № 1 Бабруйска Аляксея Шунько.

На конкурс ішоў свядома, дбайна рыхтаваўся і да перамогі імкнуўся, але ўсё роўна яна стала нечаканасцю. Было няпроста, заданні патрабавалі поўнай самааддачы, і сапернікі былі дастойнымі. Але ўсе цяжкасці ў выніку апраўдаліся, бо я атрымаў цудоўную матывацыю для далейшага руху наперад, істотны штуршок у прафесійным развіцці, — падкрэсліў уладальнік ганаровага звання «Настаўнік года».

Акрамя А. Шунько ў каманду, якая прадставіць вобласць на рэспубліцы, увайшлі пераможцы па прадметных намінацыях. Гэта настаўніца фізікі і астраноміі сярэдняй школы № 34 Бабруйска Святлана Здаранкова, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Асіповіч Юлія Шульгіна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 28 Магілёва Аляксандр Лебедзеў, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 імя П.А. Крываноса Клічава Марыя Жукава, настаўнік геаграфіі Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Андрэй Трэй, настаўнік біялогіі гімназіі № 3 Магілёва Аляксандр Афанасенка і выхавальніца дзіцячага сада № 8 Асіповіч Алена Балвановіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена МДАІРА