Лепшыя навіны для першай настаўніцы

Настаўніца пачатковых класаў Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці Ірына Міхайлаўна Пікта стала важным, дарагім чалавекам у лёсе многіх. З былымі вучнямі і іх бацькамі ў яе захаваліся цёплыя адносіны, нават мімалётныя сустрэчы напоўнены радасцю і цеплынёй.

Ірыне Міхайлаўне заўсёды хацелася працаваць менавіта з малодшымі школьнікамі. Ёй падабаецца іх шчырасць, адкры­тасць і непасрэднасць. Гэтыя якасці яна цэніць і ў дарослых, але менавіта ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту яны вельмі ярка выяўлены. За доўгія летнія канікулы настаўніца заўсёды паспявае засума­ваць па сваіх непаўторных вучнях-непаседах. Першага верасня з нецярпеннем і цікавасцю чакае іх, хоць час ад часу і мае магчы­масць бачыцца з многімі ў родных Ладзеніках. З дзецьмі Ірыне Міхайлаўне цікава, добра і лёгка, і так было заўсёды.

— Важна, каб ім таксама было са мной камфортна і не сумна,— адзначае Ірына Міхайлаўна. — Год за годам я мяняюся разам са сваімі вучнямі. Сачу за тым, што ім цікава, унікаю ў  новыя гульні, якія ім даспадобы. Адным словам, стараюся лепш разумець кожнае новае пакаленне, нічога не ўпускаць і атрымліваю асалоду ад нашых зносін і агульных заняткаў.

Ірына Міхайлаўна мэтанакіравана ішла да сваёй мары працаваць з малодшымі школьнікамі. Спачатку з чырвоным дыпломам скончыла Лідскае педагагічнае вучылішча, затым завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Педагогіка і методыка пачатковага навучання”. У час вучобы заўсёды займала лідарскую пазіцыю, з цікавасцю і ў ліку першых падключалася да кожнай новай справы. Асвоіла гітару, ездзіла працаваць у студэнцкія будаўнічыя атрады, удзельнічала ў самых розных мерапрыемствах. Хацела паспець як мага больш, увесь час быць у руху, вучыцца нечаму новаму, і ўсе гэтыя імкненні не зніклі праз гады.

Ірына Міхайлаўна родам з Навагрудскага раёна, тут і працуе з самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці. Пачынала настаўнічаць у Кашалеўскай сярэдняй школе. Пасля выйшла замуж і пераехала ў аграгарадок Ладзенікі, перайшла ў мясцовую школу, дзе працуе ўжо 26 гадоў.

Настаўніца часта сустракаецца ў Ла­дзеніках, Навагрудку, а часам і ў іншых месцах з былымі вучнямі і іх бацькамі. Ім заўсёды хочацца падзяліцца з ёй навінамі, успомніць былое. Ірына Міхайлаўна прызнаецца, што ёй важней за ўсё не чуць дрэннага пра тых, каго некалі вучыла, і хочацца, каб усе яны сталі добрымі людзьмі, якія не робяць зла, не здраджваюць, не падманваюць. Асабліва яе радуюць дасягненні былых вучняў, выхаванне і навучанне якіх даваліся няпроста і былі звязаны з сур’ёзнымі праблемамі. Калі яны расказваюць, што ў іх ёсць поспехі ў вучобе ці працы, добрая сям’я — гэта для настаўніцы самыя лепшыя навіны! З гэтымі вучнямі нават выпадковыя сустрэчы на вуліцы ператвараюцца ў доўгія, душэўныя размовы. Ім важна падзяліцца тым, што адбываецца, падрабязна пра ўсё расказаць, а бывае, і параіцца. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што Ірына Міхайлаўна падчас вучобы стараецца апякаць такіх вучняў, часта пакідае на індывідуальныя заняткі ці проста па-сяброўску садзіцца побач, каб пагаварыць і нешта растлумачыць. Такая асаблівая сувязь захоўваецца на доўгія гады.

Ірына Міхайлаўна стараецца знайсці ключык да кожнага свайго маленькага вучня. Ведае: калі дзецям нешта цікава, узніклі пытанні, то трэба неадкладна, не губляючы моманту, даваць на іх адказы. Заўтра іх будзе хваляваць ужо нешта абсалютна іншае, і час будзе ўпушчаны. У адукацыйным працэсе настаўніцы падабаецца сумяшчаць два такія розныя на першы погляд кірункі, як інтэрактыўныя тэхналогіі і этнапедагогіка. Усё гэта падабаецца дзецям, прываблівае і трымае іх увагу, робіць урокі больш яркімі, насычанымі і запамінальнымі.

— Вельмі цікава назіраць сувязь мінулага і сучаснага, іх спалучэнне, — дзеліцца думкамі настаўніца. — Можна сказаць, што на гэта апошнім часам я і раблю стаўку ў рабоце. Сёння ў школе немагчыма абысціся без інтэрактыўных тэхналогій, якія так блізкія дзецям. Гэта значна пашырае магчымасці настаўніка. Але ў той жа час ні ў якім разе нельга забываць нашу спадчыну, тое ўнікальнае багацце, што засталося нам ад прод­каў. Тым больш што пры правільнай падачы школьнікі адкрываюць для сябе прыгажосць даўніны і таксама вучацца з захапленнем.

Ірына Міхайлаўна стараецца з малых гадоў прывіць сваім вучням любоў да роднай мовы. У класе часта размаўляюць па-беларуску. Таксама дзеці з задавальненнем адкрываюць для сябе разнастайныя народныя гульні і непаўторныя, яркія традыцыі, спяваюць прыгожыя беларускія песні.

— Сучаснаму настаўніку трэба быць экспе­рыментатарам, абавязкова спраба­ваць новае, — разважае І.М.Пікта. — Толькі калі па­спрабуеш, зразумееш, ці падыходзіць гэта табе і тваім вучням, ці варта далей прымя­няць навінку. Таксама важна абавязкова даваць магчымасць дзецям выказваць свае меркаванні, праяўляць творчыя здольнасці, трэба “запальваць” у іх агеньчык цікавасці да вучобы, творчасці і добрых, карысных спраў.

Ініцыятыўная, энергічная, адданая любімай справе, Ірына Міхайлаўна паспявае яшчэ і прымаць актыўны ўдзел у жыцці сваёй установы адукацыі. З’яўляецца кіраўніком школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў. Падчас летніх канікул часта выконвае абавязкі начальніка прышкольнага аздараўленчага лагера. З яе непасрэдным удзелам было арганізавана больш за 15 змен. Тут настаўніца таксама кожны раз імкнецца зрабіць нешта асаблівае, новае, больш дасканалае і крэатыўнае. Школа для яе не проста работа, а другі дом, месца, куды яна спяшаецца, каб дзяліцца з дзецьмі сваімі ведамі і душэўным цяплом.

Таццяна ШЫМКО.