Лепшыя навучэнцы атрымалі прэміі

Навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія дабіліся высокіх дасягненняў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці, атрымалі прэміі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.

Павел ІАВЕНКА.

Традыцыя, закладзеная ў 1999 годзе, нязменна зберагаецца. За 20 гадоў прэмій Гомельскага аблвыканкама ўдастоены 970 юнакоў і дзяўчат — пераможцаў алімпіяд, конкурсаў і канферэнцый па вучэбных прадметах. Уладальнікамі сёлетняй юбілейнай узнагароды сталі паўсотні маладых людзей.

Сярод лаўрэатаў прэміі гэтага года — пераможцы міжнародных прадметных алімпіяд, конкурсаў і канферэнцый, якія праслаўляюць не толькі Гомельшчыну, але і нашу краіну за яе межамі.

Навучэнец гімназіі № 71 Гомеля Аляксандр Пячонкін — уладальнік бронзавага медаля Х Міжнароднага турніру юных матэматыкаў, пераможца Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару ў секцыі “Матэматыка”. Бронзавы медаль гэтага ж турніру і ў Марыі Коваль з гімназіі № 56 Гомеля.

Навучэнка светлагорскай гімназіі Віялета Бандарэнка і яе зямлячка, вучаніца сярэдняй школы № 10 Светлагорска Настасся Маісеева, паказалі выдатныя вынікі на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Віялета вярнулася з інтэлектуальнага спаборніцтва пераможцай, а ў Настассі — дыплом ІІ ступені.

Павел Іавенка з Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання ўдастоены прэміі за перамогі на Міжнародным фестывалі прыгажосці “Залатая пралеска”, адкрытым чэмпіянаце цырульніцкага мастацтва “Неўскія берагі”, Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills Belarus у прафесійнай кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”.

Наталля ЛУТЧАНКА.