Лепшыя навучэнцы Веры Яроміч

Сем гадоў назад Вера Вітальеўна Яроміч пачала працаваць педагогам-арганізатарам у Гродзенскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы камунальнай гаспадаркі. І толькі на некалькі гадоў была старэйшай за сваіх навучэнцаў. За гэтыя гады з’явіўся пэўны вопыт, але стаўленне да падапечных засталося нязменным — павага да кожнага, падтрымка і неабыякавае стаўленне да людзей і працы.

“А ктыўная, крэатыўная, неабыякавая, творчая”, — пералічвае якасці Веры Вітальеўны намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце каледжа Алена Францаўна Попін. І дадае, што педагог-арганізатар разумее моладзь, бачыць моцныя бакі кожнага свайго вучня і стараецца не проста падтрымаць, а развіць гэтыя добрыя якасці, накіраваць іх на стваральнае развіццё. І часта робіць гэта праз творчасць.

Адно з першых мерапрыемстваў, якое праводзіцца з першакурснікамі ў каледжы, — конкурс “Алё, мы шукаем таленты”. І таленты сапраўды знаходзяцца. Убачыць здольнасці мола­дзі дапамагае і прафесійная адукацыя Веры Вітальеўны: яна скончыла музычнае аддзяленне Гродзенскага педагагічнага каледжа, а потым вучылася ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на філалагічным факультэце. Вера Вітальеўна — чалавек творчы: з 16 гадоў з’яўляецца кіраўніком хору храма Свяціцеля Міколы Цудатворцы ў Бераставіцы, дзе жывуць яе бацькі. На кожныя выхадныя дні стараецца прые­хаць на сваю малую ра­дзіму. За плённую творчую працу Вера Вітальеўна ўзнагароджана медалём Каложскага Крыжа ІІІ ступені. А ўжо вечарам у нядзелю спяшаецца ў Гродна, у інтэрнат каледжа, дзе яе чакаюць члены аб’яднання па інтарэсах “Артум”.

У мінулым годзе ўдзельнікі “Артума” пад кіраўніцтвам В.В.Яроміч былі адзначаны на рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі — 2019” і прынялі ўдзел у гала-канцэрце ў Оршы. Навучэнцы каледжа выступілі вельмі арыгінальна.

— Выбралі для ўдзелу ў “Арт-вакацыях” новую форму — харавое чытанне, — расказвае Вера Вітальеўна. — Хлопцы выканалі верш “Я будую сабе краіну” гродзенскага паэта Антона Янкоўскага і верш “Мы з тых” Віктара Худаўца і аб’ядналі іх у адным нумары. На сцэне выступалі дзесяць чалавек. Як адзначыла тады рэспубліканскае журы конкурсу, харавое чытанне прагучала на “Арт-вакацыях” упершыню.

Трэба адзначыць, што па выніках “Арт-вакацый — 2019” галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама было адзначана гран-пры, і калектыў Гродзенскага каледжа камунальнай гаспадаркі ганарыцца, што ўнёс уклад у гэты поспех.

Сярод поспехаў Веры Яроміч і яе навучэнцаў і выніковы ўдзел у рэспубліканскім інфармацыйна-прафарыентацыйным праекце “ПРАФБУМ”, і перамога агітбрыгады ў конкурсе “Наш выбар — рух у прафесію” з праграмай “Я ў электрыкі б пайшоў”, і перамога ў Рэспубліканскім конкурсе інфармацыйна-метадычных распрацовак культурна-адпачынкавых мерапрыемстваў для вучнёўскай моладзі з праектам “Лайфхак — інтэрнат — імпульс для новых ідэй”, і другое месца на абласным конкурсе патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй” у гэтым годзе і шмат іншых. 18 чэрвеня на Кургане Славы ў Гродне В.В.Яроміч разам са сваімі навучэнцамі атрымала ўзнагароду за гэты конкурс.

— Мая работа адказная, але і ўдзячная, — гаворыць Вера Вітальеў­на. — Мне з маімі навучэнцамі няцяжка. Лічу, што з імі трэба размаўляць, чуць іх. І яны адгукаюцца на такія адносіны. Як хлопцы праяўляюцца падчас валанцёрскай работы — традыцыйна наведваем Панямунскі дзіцячы дом, абласную дзіцячую бальніцу, як пераўвасабляюцца падчас фальклорных свят! І з якой гордасцю ідуць па чырвонай дарожцы на выпускных мерапрыемствах. Яны такія розныя, але галоўная для мяне — ­стаць для іх надзейным старэйшым сябрам. Я ім часта паўтараю: вы ў мяне самыя лепшыя, самыя прыгожыя, самыя таленавітыя.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.