Лепшыя па прафесіі

Прадстаўнікі Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання і Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа прынялі ўдзел у конкурсе “Лепшы па прафесіі”, які адбыўся на базе ААТ “Віцебскі мясакамбінат”.

Конкурс прафесійнага майстэрства праводзіўся ў намінацыях “Лепшы абвальшчык мяса” і “Лепшы жылоўшчык мяса і субпрадуктаў”. Па словах дырэктара Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання Генадзя Сіняўскага, мерапрыемства дазволіла не толькі выявіць самых моцных маладых прафесіяналаў, але і дапамагло ім на практыцы ўдасканаліць уменні самастойна вырашаць вытворчыя праблемы, прымяняць свае веды і навыкі пры выкананні працоўных аперацый, ацэнцы канчатковага выніку і ў цэлым вызначыць узровень падрыхтоўкі сярод навучэнцаў каледжаў па спецыяльнасці “Першасная перапрацоўка жывёльнай сыравіны”. Конкурс быў нацэлены на павышэнне матывацыі да выбару прафесійнай дзейнасці і прэстыжу высокакваліфікаванай працы прадстаўнікоў рабочых прафесій, прапаганды іх дасягненняў і перадавога вопыту, а таксама на садзейнічанне ўсталяванню творчых і дзелавых кантактаў паміж удзельнікамі міжнародных конкурсаў і руху WorldSkills у ходзе абмену творчымі ідэямі і вопытам, павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў, выяўленне, распаўсюджванне і ўкараненне ў вытворчы працэс рацыянальных прыёмаў і метадаў, накіраваных на павышэнне прадукцыйнасці працы.

Спаборніцтва прадугледжвала практычнае заданне на асобным канвееры. Канкурсантам прадастаўляліся раўнацэнныя працоўныя месцы і працоўны інструмент, сродкі індывідуальнай засцярогі, спецыяльнае і санітарнае адзенне. У першай намінацыі прапаноўвалася выканаць абвалку трох асобных адрубаў ялавічнай паўтушы, у другой — жылоўку на 3 гатункі (вышэйшы, першы і другі) шасці адрубаў ялавічнай тушы. Пераможцамі ў намінацыі “Лепшы абвальшчык мяса” сталі Ягор Гулькевіч (Орша, 1-е месца), Валянцін Гурскі і Аляксей Апрышка (Мінск, 2-е месца) і Мікіта Карбоўскі (Орша, 3-е месца); у намінацыі “Лепшы жылоўшчык мяса і субпрадуктаў” — Дзіяна Самусева, Юлія Пашкевіч (1—2-е месцы адпаведна, абедзве прадстаўлялі аршанскую каманду) і Мікіта Ізмер (Мінск, 3-е месца). Рашэннем журы асобна была выдзелена намінацыя “За лепшую якасць”, лепшай у якой прызнана Настасся Прыдыбайла (Мінск, на здымку).

У рамках абмену вопытам па арганізацыі навучання прафесіі майстры вытворчага навучання Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання Андрэй Вахоўскі, Таццяна Яскевіч, Аляксей Крыўко і майстар вытворчага навучання Мінскага дзяржаўнага МТПТК Святлана Недашкоўская правялі майстар-клас па сучасных прыёмах абвалкі і жылоўкі. Для гасцей з Мінска была арганізавана экскурсія па Оршы і сустрэча з актывам навучэнцаў каледжа.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Аршанскім дзяржаўным каледжам харчавання.