Лепшыя педагогі Магілёўшчыны названы

- 10:52Адукацыйная прастора

Ініцыятыўныя, энергічныя, творчыя, мэтанакіраваныя — такія яны, педагогі Магілёўшчыны. Яны сапраўды адданыя прафесіі, бясконца любяць дзяцей і штодня імкнуцца да самаўдасканалення. У гэтым пераканаў абласны этап Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод педагагічных работнікаў “Настаўнік года”.

Сёлета прафесійнае спаборніцтва аб’яднала некалькі соцень педагогаў. Спачатку лепшых настаўнікаў выбіралі ў кожнай навучальнай установе, пасля — на раённым узроўні. Да ўдзелу ў адборачным туры абласнога этапу конкурсу былі дапушчаны 114 прадстаўнікоў ад кожнага раёна. Яны прадстаўлялі на суд журы ўласную сістэму педагагічнай дзейнасці. У выніку ў фінал выйшлі 40 канкурсантаў.

Для фіналістаў суддзі падрыхтавалі шэраг няпростых заданняў. Ім трэба было правесці ўрок у незнаёмым класе, прайсці прадметна-псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, раскрыць сакрэты прафесіі на майстар-класе для калег.

Адметна, што з гэтымі выпрабаваннямі ўдзельнікі справіліся выдатна. Кожны педагог прадэманстраваў выключны прафесіяналізм, наватарскі падыход да працы. Так, падчас заняткаў у незнаёмых класах настаўнікі паказалі глыбіню валодання сваім прадметам, арыгінальна раскрывалі перад навучэнцамі тэму ўрока, выкарыстоўвалі разнастайныя адукацыйныя тэхналогіі і дадатковыя сродкі навучання. Добра выступілі яны і на майстар-класах, праявіўшы не толькі прафесійнае майстэрства, але і ўменне ўзаемадзейнічаць з шырокай аўдыторыяй. Увагі былі вартыя і тыя формы, методыкі работы, якія прадстаўлялі канкурсанты.

Два няпростыя конкурсныя іспыты выявілі лідараў. Ім было прапанавана публічна абараніць сістэму сваёй педагагічнай дзейнасці. Гэтае выпрабаванне выявіла лепшых у кожнай з конкурсных намінацый. Ім трэба было справіцца яшчэ з адным заданнем — публічна паразважаць на тэму “Настаўнік учора, сёння, заўтра”. З вялікай сцэны педагогі сур’ёзна і з гумарам казалі пра тое, у чым ба­чаць прызначэнне настаўнікаў у цэлым і сваё асабіста, разважалі пра педагогаў мінулага і сучаснасці. Перакананні і светапогляд канкурсантаў неаднойчы знаходзілі водгук у гледачоў і журы. Выступленні пераконвалі: кожны ўдзельнік сапраўды апантаны настаўніцкай працай.

— Сучаснаму настаўніку трэба быць не транслятарам, а правадніком у свет ведаў. Трэба ўмець сумяшчаць цэлы комплекс прафесій: псіхолага, філосафа, лінгвіста… Але галоўнае — быць чалавекам з адкрытай душой і добрым сэрцам. Чалавекам, для якога любоў да дзяцей — на першым месцы, — адзначыла настаўніца біялогіі гімназіі № 1 Горак Таццяна Мікалаеўна Казлова.

— У кожным маім вучні ёсць сонейка, і я дапамагаю яму свяціць, падтрымліваю яго праменьчыкі сваёй любоўю. Штодня вучу дзяцей вучыцца, дапамагаю ім паверыць у сябе, самарэалізавацца. Я была педагогам учора, з’яўляюся педагогам сёння і буду педагогам заўтра, — запэўніла настаўніца фізікі гімназіі № 1 Бабруйска Таццяна Віктараўна Багдановіч.

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Магілёва Ірына Мікалаеўна Валуева пераканала прысутных, што заўтра пачынаецца ўжо сёння — на кожным уроку. Ірына Мікалаеўна робіць свае заняткі максімальна набліжанымі да сучасных рэалій. Яна актыўна прымяняе на ўроках LEGO-тэхналогіі. Але галоўны педагагічны прынцып для яе застаецца нязменным: яна бязмежна любіць кожнага са сваіх вучняў.

Усе ўдзельнікі сэрцам адданыя дзецям. Кожны з іх заўсёды ідзе на работу з радасцю і выконвае яе з задавальненнем. А інакш у настаўніцкай прафесіі і нельга. Конкурс жа стаў для педагогаў своеасаблівай пляцоўкай, дзе яны змаглі паказаць сябе і абмяняцца станоўчым працоўным вопытам. 

— Удзел у гэтым конкурсе — планамерны вынік усёй работы. Вельмі прыемна супрацоўнічаць з тымі настаўнікамі, якія знаходзяцца побач. Вядома, мы канкурэнты, але мы становімся яшчэ і сябрамі. Выкананне конкурсных заданняў дае важкі вопыт, які дапамагае самаўдасканаліцца, зрабіць пэўны крок наперад у сваёй педагагічнай дзейнасці, — падзялілася настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мішнеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Іна Мікалеўна Мядзведская.

Вынікі конкурсу падводзілі ўрачыста.

— Усе ўдзельнікі ўжо лепшыя, бо яны прайшлі сур’ёзны адбор. Усе канкурсанты — яркія, прафесійныя, мэтанакіраваныя, творчыя асобы. Педагогі з вялікай літары. Настаўніцтва Магілёўскай вобласці знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку і прафесійным удасканаленні. А выступленні фіналістаў паказалі: яны сапраўдныя педагогі будучыні. З такімі настаўнікамі сістэма адукацыі рэгіёна будзе дынамічна развівацца і эфектыўна функцыянаваць, — запэўніў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Барысавіч Заблоцкі, выказаўшы канкурсантам шчырую падзяку за іх працу. 

Вызначэнне пераможцаў далося журы нялёгка, бо перамогі заслугоўвалі ўсе ўдзельнікі. Але ж крыху больш, чым астатнім, удача ўсміхнулася настаўніку фізічнай культуры і здароўя Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Андрэю Віктаравічу Бязлепкіну. Менавіта ён быў названы “Настаўнікам года — 2020” Магілёўскай вобласці.

— Перамога была нечаканай, хоць да яе імкнуўся і доўга ішоў да ўдзелу ў гэтым прафесійным спаборніцтве. Конкурсны шлях быў вельмі складаным, але і вельмі плённым. Заданні аказаліся няпростымі і патрабавалі самай дбайнай падрыхтоўкі. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, раю ўсім педагогам: удзельнічайце ў такіх конкурсах, бо яны даюць мноства новых ведаў, новага вопыту, даюць своеасаблівы штуршок у прафесійным развіцці, — падкрэсліў уладальнік ганаровага звання “Настаўнік года”.

Акрамя Андрэя Віктаравіча Бязлепкіна, лепшымі настаўнікамі, пераможцамі ў сваіх прадметных намінацыях былі прызнаны настаўніца нямецкай мовы Дашкаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Аляксандра Аляксандраўна Лазавікова, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Магілёва Ірына Мікалаеўна Валуева, настаўніца фізікі гімназіі № 1 Бабруйска Таццяна Віктараўна Багдановіч, настаўнік геаграфіі Мяжысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Андрэй Айвавіч Трэй, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мішнеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Іна Мікалаеўна Мядзведская, настаўніца біялогіі гімназіі № 1 Горак Таццяна Мікалаеўна Казлова, выхавальніца ясляў-сада № 7 Круглага Алена Мікалаеўна Чудакова. Цяпер усе гэтыя педагогі — каманда, якая будзе прадстаўляць Магілёўшчыну на рэспубліканскім этапе конкурсу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.