Лепшыя прадстаўнікі вучнёўскай моладзі

- 13:31Навіны рэгіёнаў

50 таленавітых навучэнцаў школ, ліцэяў, гімназій, прафесійна-тэхнічных устаноў узнагароджаны прэміямі Гомельскага аблвыканкама. За старанні, працавітасць і высокія дасягненні ў розных відах дзейнасці маладыя людзі атрымалі ўзнагароды з рук старшыні аблвыканкама У.А.Дворніка.

На працягу 16 гадоў мясцовыя ўлады падтрымліваюць лепшых прадстаўнікоў вучнёўскай моладзі за дасягненні ў інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці. За гэты час узнагароды атрымалі амаль 800 юнакоў і дзяўчат, самаму малодшаму з якіх было 8 гадоў. Трэба адзначыць, што колькасць намінантаў на прэмію аблвыканкама з кожным годам узрастае. А гэта значыць, што ў рэгіёне шмат таленавітай і здольнай моладзі, якой з упэўненасцю можна будзе даручыць будучыню Гомельшчыны. Аб гэтым сказаў у сваім інтэрв’ю журналістам мясцовых сродкаў масавай інфармацыі і старшыня Гомельскага аблвыканкама. “Мясцовыя ўлады будуць падтрымліваць у роўнай ступені маладыя таленты ва ўсіх сферах, — адзначыў ён. — Няхай гэта будуць поспехі ў вучобе, творчасці, спорце, грамадскім жыцці… Галоўнае, што маладыя людзі ўжо знайшлі справу па душы, якая дорыць натхненне ім і прыносіць карысць людзям”.
Сёлета сярод лаўрэатаў прэміі былі сярэбраны прызёр Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды сярод дзяўчат Дар’я Рабцава, бронзавы медаліст Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы Дзмітрый Дземідзенка, а таксама члены зборнай каманды Гомельскай вобласці, якія атрымалі бліскучую перамогу на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры, што прайшла ў гэтым годзе ў Смаленску. Іх імёны, як і імёны многіх іншых лаўрэатаў прэміі, унесены ў кнігу-летапіс “Юныя таленты Гомельшчыны”.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Ганны ПАШЧАНКА.