Лепшыя рысы беларусаў

Лічу, што ў Год народнага адзінства варта пагаварыць з вучнямі пра рысы характару нашага народа, пра каштоўнасці, да якіх людзі імкнуцца ва ўсе часы. Амаль усе, хто прыязджае ў Беларусь, падкрэсліваюць, што беларусы — народ шчыры, добразычлівы і вельмі гасцінны. А такія якасці, як згуртаванасць, павага да гісторыі, традыцый, культуры, агульны дух павагі і роўнасці, заўсёды былі галоўнымі для беларусаў і такімі застаюцца.

Хачу прапанаваць матэрыял, які падрыхтавала для сваіх вучняў-алімпіяднікаў 5—8 класаў. Раю такія заданні выка­наць не толькі пры падрыхтоўцы да алімпіяды, але і на ўроках, пры правядзенні мерапрыемстваў.

1. Перад вамі рад слоў. З гэтага рада выпішыце словы, у якіх колькасць літар супадае з колькасцю гукаў.

Дабрыня, добрае, адкрыты, дабрадзей, дабрэць, добрасць, людскасць, спагадлівыя, прыемнасць, вынослівасць, высакароднасць, велікадушны, святы, цярплівы, чэсць, лагодныя, паразуменне, шчырыя.

2. Лічыце, ды не памыліцеся! Колькі літар і колькі гукаў у запісаных словах?

Згуртаванасць, міласэрны, хлебасольства, дабрадушныя, шанаванне, бескарыслівасць, добразычлівыя, роўнасць, ветлівыя, дбайны, духоўнасць, таленавітыя, давер’е.

3. Прачытайце прыказкі. Якой тэмай яны аб’яднаны? Запішыце сказы, выпраўце арфаграфічныя і граматычныя памылкі. Выдзеленае слова запішыце ў фанетычнай транскрыпцыі.

Будзеж частаваць гасьцей — будуць прыходзіць часьцей.

Госьцю трэба дараваць, а гаспадару — прамалчаць.

Беднага крыўдзіць — сабе дабра нежадаць.

Кепска таму, хто дабра не робіць нікому,

Не цані чалавека па твару, а цані па душы.

Нерадуйся чужой бядзе, бо свая ззаду iдзе.

Ганарлівы ды упарты — нічога не варты.

Не будзеж злым — і да цябе будуць добрым.

Гаспадарлівы не сцюжы, не спёкі не баіцца.

4. Перакладзіце з рускай мовы на беларускую. З беларускімі словамі запішыце словазлучэнні.

Сочувствие, сострадание, участие — (спагадлівасць). Ответственность — (адказнасць). Честность — (сумленнасць). Верность — (вернасць). Душевность — (шчырасць). Сдержанность — (стрыманасць). Настороженность — (насцярожанасць). Выносливость — (трываласць, цягавітасць).

5. Да слоў “ветлівасць”, “шчырасць”, “праўдзівасць” падбярыце як мага больш сінонімаў і запішыце іх.

Ветлівасць — (павага, далікатнасць, прыязнасць, тактоўнасць, уважлівасць, цярпімасць, добразычлівасць, абыходлівасць).

Шчырасць — (душэўнасць, задушэў­насць, сардэчнасць, чыстасардэчнасць, адкрытасць).

Праўдзівасць — (бясспрэчнасць, сапраўднасць,  непадробнасць, непрытворнасць).

6. Да прыведзеных слоў падбярыце словы з супрацьлеглым значэннем.

Актыўнасць, дабро, спагадлівасць, сур’ёзны, ветлівы, разумны, хітры, смелы, абвінаваціць, вернасць, праўдзівы, спакойны.

Адказ: пасіўнасць, зло, жорсткасць, несур’ёзны, грубы, дурань, няхітры, баязлівы, абараніць, здрада, крывадушны, устрывожаны.

7. Устанавіце адпаведнасць паміж фразеалагізмамі і іх значэннямі.

1. Працаваць не складаючы рук. 2. Як на духу. 3. Брацца за розум.

4. Паклаўшы (палажыўшы) руку на сэр­ца. 5. Душа ў душу. 6. Крывіць душой. 7. Ляйчына пад хвост папала. 8. Ні рыба ні мяса. 9. Садзіцца на карак. 10. Стрэляны верабей.

а) з усёй шчырасцю, адкрыта; б) быць няшчырым; в) старанна; г) жыць за кошт каго-небудзь; д) шчыра; е) станавіцца разважлівым; ё) у поўнай згодзе; ж) праяўляць упартасць; з) вельмі вопытны чалавек; і) чалавек без яркіх якасцей характару.

Адказ: 1 — в; 2 — д; 3 — е; 4 — а; 5 — ё; 6 — б; 7 — ж; 8 — і; 9 — г; 10 — з.

8. Запішыце словы, якія пачынаюцца на літару а ў адпаведнасці з прыведзенымі значэннямі. З атрыманымі словамі запішыце простыя сказы.

Аптымістычна настроены чалавек — … (аптыміст).

Пазбаўлены скрытнасці, шчыры — … (адкрыты).

Бескарыслівае служэнне іншым, гатоўнасць ахвяраваць для іншых сваімі асабістымі інтарэсамі; супрацьлеглае эгаізму —  (альтруізм).

Той, хто каго-, што-небудзь абараняе, засцерагае ад нападзення, непрыязных або варожых дзеянняў, шкоднага ўплыву; заступнік  — (абаронца).

Агульнасць, супадзенне, поўнае падабенства — (адзінства).

9. Выпішыце словы, якія маюць наступную будову: корань — суфікс — канчатак. Абазначце марфемы.

Альтруіст, пяшчота, аптымізм, адказ­насць, бескарысны, вернасць, нядобрасумленнасць, уважлівы, нявыхаваны, чэс­насць, павага, шчырасць, сумленны, хітры, палахлівасць, няветлівы, дабро, шанаванне, сціпласць, дапытлівы, няўважлівы, смелы.

10. Пабудуйце сказы так, каб атрымаўся вершаваны  тэкст Анатоля Грачанікава з шасці радкоў, разбураны чараўніцай-шкодніцай Памылкай Памылкаўнай. Вызначце разрад займеннікаў.

любіць яна гасцей.

і на дарогу дарунак дадуць.

Перад вамі — зямля продкаў маіх і дзяцей.

Тут вас накормяць, і спаць пакладуць,

Такі ўжо звычай на нашай вольнай зямлі.

He любіць яна чужынцаў,

11. Падкрэсліце словы, якія  называ­юць лепшыя якасці нацыянальнага характару беларусаў. Назоўнікі пра­скланяйце, з прыметнікамі запішыце словазлучэнні.

1. Мой народ праз стагоддзі пранёс дабрату,

Да суседзяў-народаў павагу.

Знае свет навакольны яго прамату,

І любоў да жыцця, і адвагу (А.Ставер).

2. Ты памяркоўны, шчодры, добры і руплівы,

Гасцей ты любіш шчыра запрашаць.

Разважлівы ты на палях, працалюбівы,

І спадчыну дзядоў сваіх умееш шана­ваць (В.Жукоўская).

12. Прачытайце просьбы-пажаданні паэтаў. Запішыце, рашаючы пунктуацыйныя задачы. Знайдзіце сказы са звароткамі. Растлумачце знакі прыпынку ў гэтых сказах.

1. Дaбpo paбi зaўжды aддaнa

Ды нe кpычы aб тым знapoк (П.Броўка).

2. Тварыце людзі на зямлі дабро

Жыццё красой штодня мацуйце.

Не золата брыльянты серабро

А сэрца чысціню шануйце… (М.Пазнякоў)

3. Людзі праганіце злосць

Гляньце як буяе вішня (С.Бестава).

4. З дабром да роду з ласкай да сусе­дзяў — ад прадзедаў парадак на зямлі
(Л.Геніюш).

5. Рабі дабро!

Хоць нават коштам

Апошніх сіл апошніх мук.

І не пытай: каму? завошта?

Рабі — без просьбаў і прынук! (Н.Гілевіч)

6. Павагу і добрае слова

У нашыя мірныя дні

Давайце вучыцца нанова

Як хлеб у блакаду цаніць! (С.Законнікаў)

13. Са слоў складзіце сказы, каб атрымаліся беларускія прыказкі. Запішыце іх, пастаўце, дзе трэба, знакі прыпынку.

То й, людзей, пашануюць, цябе, шануй.

Чужая, шчыраму, баліць, сэрцу, болька.

Не мае, гасцей, хто, у таго, душы, не бывае.

Адказ. Шануй людзей, то й цябе пашануюць. Шчыраму сэрцу чужая болька ба­лiць. Хто душы не мае, у таго гасцей не бывае.

14. Запішыце выказванні. Падкрэсліце граматычныя асновы сказаў. У словах першага сказа назавіце свісцячыя і шыпячыя гукі.

1. Адзінства — гэта найвышэйшая, самая магутная асалода,  якую толькі магчыма адчуць (Міхаэль Лайтман).

2. Ветлівасць — ёсць знак добразычлівасці і гатоўнасці да паслуг, асабліва ў дачыненні да тых, з кім мы яшчэ не знаходзімся ў блізкіх адносінах знаёмства або дружбы (Г.Гегель).

3. Дзе этыкету многа, там шчырасці мала (В.Галавач).

4. Мудрасць крылатая як насенне дуба ляціць і ўкараняецца ўжо на вечнасць
(Л.Геніюш).

5. Шчырасць — гэта праз мудрасць дарога (В.Аколава).

6. Дабро сваё, не трэба нам чужога.

I будзе ўсё. Бо з працавітых мы
(Л.Геніюш).

7. І ўсё ж трымаецца Зямля

На добрых і сумленных людзях
(С.Грахоўскі).

15. Пісьмова адкажыце на пытанні так, каб у пабудаваных вамі сказах стаяў працяжнік.

Хто такі патрыёт? Што значыць шчыраваць? Што такое пяшчота?

Прыкладны адказ. Патрыёт — гэта той, хто любіць сваю Радзіму, свой народ, і гатовы для іх на подзвігі. Шчыраваць — гэта значыць дбайна, старанна, рупна ра­біць што-небудзь; завіхацца каля, вакол чаго-небудзь. Пяшчота — гэта пачуццё ласкі, замілавання, мяккасці ў адносінах да каго-,
чаго-небудзь.

16. Разгадайце крыжаванку.

Па лексічным значэнні назавіце слова.

1. Тое, што і дабрата (у 1 знач.). 2. Утульнасць, раскоша, прыемнасць.

2. Уласцівасць талерантнага.

3. Уласцівасць руплівага; дбайнасць, клапатлівасць, стараннасць.

4. Уласцівасць працавітага; любоў, шчырасць да працы.

5. Уласцівасць памяркоўнага.

6. 1. Уласцівасць сумленнага. 2. Сумленныя паводзіны, сумленныя адносіны да каго-, чаго-небудзь.

7. Жаданне, гатоўнасць прыняць гасцей і пачаставаць іх; ветлівасць, сардэчнасць у абыходжанні з гасцямі.

Адказ. 1. Дабрыня. 2. Талерантнасць. 3. Руплівасць. 4. Працавітасць. 5. Памяркоўнасць. 6. Сумленнасць. 7. Гасціннасць.

Аліна ЗУБКО,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пліскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна.