Лепшыя “снежныя снайперы” вызначаны

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Абласныя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” завершаны. На біятлонным комплексе “Сож” за першынство змагаліся 350 юных спартсменаў.

Як расказала дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Вольга Ярмоленка, у першай групе раёнаў пераможцай стала каманда Рагачоўскага раёна. На 2-м месцы — Жлобінскія фізкультурнікі, а на 3-м — Светлагорскія.

У другой групе раёнаў лепшыя вынікі паказалі ўдзельнікі каманды Калінкавіцкага раёна. Петрыкаўскія спартсмены — на другой прыступцы п’едэстала. Школьнікі Гомельскага раёна заваявалі 3-е месца.

У трэцяй групе раёнаў лепшыя вынікі ў спартсменаў з Ельскага раёна, на 2-м месцы — школьнікі з Брагіншчыны, на 3-м — з Лоеўшчыны.

Пераможцамі абласных спаборніцтваў у асабістым заліку сталі:

у групе 11—12 гадоў: Кацярына Сахарава і Канстанцін Жукаў са Жлобінскага раёна;

у групе 13—14 гадоў: Настасся Жукава са Жлобінскага раёна і Мікалай Сулоеў з Рагачоўскага;

у групе 15—16 гадоў: Віялета Пелагейчык і Серафім Сайко з Рагачоўскага раёна;

у групе 17 гадоў: Валерыя Багінская з Ельскага раёна і Эдуард Семіжон з Рагачоўскага.

З пераможцаў спаборніцтваў сфарміравана зборная каманда Гомельскай вобласці, якая прадставіць паўднёва-ўсходні рэгіён на базе Рэспуб­ліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы” з 8 па 14 лютага ў рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.