Лепшыя студэнткі СНД

- 11:12Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

Лепшых студэнтаў СНД — 2022 выбіралі сярод навучэнцаў першай і другой ступені вышэйшай адукацыі Расіі, Беларусі, Казахстана, Узбекістана, Малдовы і інш. Арганізатарам праекта выступіла Міжнародная асацыяцыя маладых вучоных. Студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка ўпершыню ўдзельнічалі ў конкурснай праграме міжнароднага праекта.

Аліса Булдакова і Настасся Есауленка — студэнткі факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка — сталі лепшымі студэнткамі СНД. Абедзве  яскравы прыклад таго, што ўсё пачынаецца ў дзяцінстве, і цікавасць да прафесіі таксама.

Дыялог з творчасцю 

Мне хочацца навучыць дзяцей разумець мову мастацтва, бо дыялог творчасці — гэта дыялог без меж.

Пра метады выкладання школьнага прадмета “Мастацтва”, будучую прафесію і вучобу ў педуніверсітэце расказвае Аліса Булдакова.

“У выбары факультэта не было ні­якіх сумненняў. Паступіўшы на спецыяльнасць “Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура”, змагла не толькі дакрануцца да музыкі, але і даведацца пра мастацтва ў цэлым: пра жывапіс, архітэктуру, скульптуру і г.д., — расказала студэнтка. — Менавіта творчасць дазваляе зразумець іншага чалавека”.

Па словах А.Булдаковай, вучоба ў БДПУ дае магчымасць раскрыцца абсалютна ўсім. Кожны навучальны год насычаны рознымі творчымі і навуковымі праектамі. “За 4 гады вучобы на факультэце эстэтычнай адукацыі я шмат разоў выступала ў складзе хору Gaudeamus і народнага ансамбля музыкі і песні “Ярыца”. Зімой у нашым універсітэце праходзіць праект “Зорны паход”, які дае магчымасць дакрануцца да нацыянальнай гісторыі і адчуць сваю ідэнтычнасць”, — адзна­чыла дзяўчына.

На ФЭА штогод праводзяцца навуковыя канферэнцыі, дзякуючы якім можна паглыбіцца ў выбраную тэму і даследаваць яе больш падрабязна. Аліса некалькі разоў удзельнічала ў навуковых канферэнцыях і праектах “Гарбузовы фэст” і “Метамарфозы”. Усё гэта дамагло ёй “адчуць упэўненасць ва ўласных творчых сілах, усвядоміць шматграннасць магчымасцей удзелу ў культуратворчых працэсах”.

Да таго ж і выкладчыкі ФЭА імкнуцца зрабіць вучэбны працэс цікавым. А таму ў час падрыхтоўкі семінараў і індывідуальных заданняў студэнт можа самастойна вы­браць тую тэму, якая яго больш прыцягвае. Пры падборы індывідуальнай праграмы для музычнага інструмента, дырыжыравання і вакалу выкладчыкі заўсёды ідуць насустрач сваім вучням, падтрымліваючы іх і дапамагаючы рэалізаваць задуманае. “Хацелася б выказаць падзяку нашаму дэкану С.М.Кабачэўскай за шчырую падтрымку любых студэнцкіх праектаў. Без яе непахіснай упэўненасці ў поспеху задуманай справы я не прыняла б удзел у конкурсе “Лепшы студэнт СНД”, — прызналася Аліса.

На пачатку года А.Булдаковай прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе “Лепшы студэнт” сярод навукова-адукацыйных устаноў СНД. Яна пад кіраўніцтвам кандыдата мастац­твазнаўства дацэнта Лідзіі Аляксандраўны Шкор падрыхтавала артыкул “Абнаў­ленне метадаў выкладання прадмета “Мастацтва” ў кантэксце работы з навучэнцамі пакалення Digital Natives”, які быў адзна­чаны дыпломам І ступені і апублікаваны ў IV Міжнародным кніжным выданні краін СНД.

“Абавязковай часткай урока мастацтва з’яўляецца практычная творчая частка. Мой артыкул прысвечаны абноўленым метадам работы са школьнікамі лічбавага пакалення, — патлумачыла аўтар. — Асноўная ідэя заключаецца ў тым, што лічбавыя прылады становяцца важнымі памочнікамі ў адукацыйным працэсе. Так, напрыклад, адным з галоўных метадаў стаў водкаст — невялікі відэаролік пра тое, што навучэнцы будуць праходзіць на наступным уроку або які пройдзены матэрыял трэба замаца­ваць. Гэты відэаролік асабліва актуальны для тых школьнікаў, хто адсутнічаў на ўроку ці вучыцца дома”.

Наступны метад, апісаны Алісай, называецца метадам пакрокавай дэталізацыі. Ён уключае ў сябе відэаматэрыял або набор малюнкаў, што дазваляюць разгледзець які-небудзь мастацкі твор больш дэталёва. Гэты метад важны для тых работ, якія складана разгледзець у маленькім фармаце пад­ручніка. “Самым шырокім і перспектыўным метадам мы з навуковым кіраўніком лічым метад хуткіх тэхнік, якія неабходна ўкара­няць на ўроках мастацтва. Сюды ўвахо­дзяць пальчыкавае маляванне, эбру-маляванне, работа з малой колькасцю фарбаў (2—4) і інш. Хуткія тэхнікі дазваляюць вучням стаць непасрэднымі ўдзельнікамі творчага пра­цэсу, праз сінхронную дзейнасць розуму і рук запаўняць свой унутраны свет энергіяй стварэння”, — дадала студэнтка.

Увогуле, выкладаючы прадмет “Мастац­тва”, на думку нашай гераіні, сучаснаму настаўніку трэба ўлічваць рэальныя зацікаўленасці дзяцей, адштурхоўвацца ад іх для далейшай работы. “Мастацтва — гэта дзейнасць, накіраваная на духоўны рост чалавека, а мастацкая культура ёсць вопыт пачуццёвага асваення свету. Самае галоўнае ў выкладанні — любіць дзяцей, не крытыкаваць іх музычныя і мастацкія густы, а акуратна далучаць да сапраўднага мастацтва. Важна прымаць дзяцей, быць для іх настаўнікам, правадніком, зацікаўленым сябрам, які дапамагае знайсці свой любімы куточак у свеце культуры, — пераканана будучы педагог. — Вучні палю­бяць мастацтва толькі ў тым выпадку, калі сам педагог улюбёны ў свой прадмет і імкнецца спазнаваць усё новыя і новыя глыбіні сваёй сферы”.

Лепшы студэнт СНД Аліса Булдакова марыць працягнуць вучобу ў магістратуры і аспірантуры БДПУ, звязаўшы сваё жыццё з навукай і педагогікай мастац­тва. “Найбліжэйшыя планы — паспяхова
здаць дзяржаўныя экзамены і паступіць у магістратуру. Пасля заканчэння ўніверсітэта адназначна планую працаваць настаўніцай прадмета “Мастацтва” ў школе. Увогуле, хачу займацца навуковай педагагічнай дзейнасцю. Але я пераканана, навуковая дзейнасць без практыкі адхіляецца ад рэалій культуры і аддаляе мастацтва ад жыцця. Менавіта таму сваё жыццё планую звязаць з непасрэдным выкладаннем мастацтва дзецям і падлеткам”, — рэзюмавала Аліса Булдакова.

 

Музычны маршрут

Урок музыкі — гэта перш за ўсё ўрок мастацтва і далучэнне да духоўнай спадчыны чалавецтва.

Настасся Есауленка — пра любоў да музычнага мастацтва і як яна дзеліцца ёю са сваімі вучнямі, у тым ліку з парушэннямі зроку.

Спасцігаць музычнае мастацтва Настасся пачала ў 6 гадоў. Пасля заканчэння сталічнай дзіцячай музычнай школы № 9 паступіла ў Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі, затым — у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Скончыла яе ў 2014 годзе па класе фартэпіяна ў дацэнта У.А.Дулава. 

Пасля работы ў дзіцячай музычнай школе Настасся вырашыла паспрабаваць сябе ў ролі ўніверсітэцкага вык­ладчыка. І ў 2020 годзе пачала працаваць у БДПУ імя Максіма Танка. Сёння яна магістрант педуніверсітэта, працуе на факультэце эстэтычнай адукацыі выкладчыкам па фартэпіяна. “У першую чаргу ў БДПУ працуюць кваліфікаваныя выкладчыкі, дацэнты, прафесары, якія даюць не толькі веды па пэўным прадмеце, але і падтрымку ў неабходны момант”, — падкрэсліла Н.Есауленка.

Яшчэ ў гады навучання ў Акадэміі музыкі Настасся станавілася лаўрэатам і дыпламантам розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў як удзельнік камернага ансамбля. У 2020—2021 гадах была лаўрэатам розных конкурсаў фартэпіянных дуэтаў. Жыццё Н.Есауленка насычана не толькі творчай дзейнасцю, але і навуковай. Так, у лістападзе мінулага года яна ўдзельнічала ў Міжнародным конкурсе філасофскіх эсэ “Праблема чалавека ў XXI стагоддзі”, прымеркаваным да Сусветнага дня філасофіі, дзе атрымала дыплом у намінацыі “Культура філасофскага мыслення”.

А нядаўна стала ўладальніцай дыплома I ступені і атрымала званне лепшага студэнта СНД 2022 года. Да ўдзелу ў конкурсе “Лепшы студэнт СНД” Насцю падштурхнула дэкан факультэта С.М.Кабачэўская. А навуковы кіраўнік — кандыдат мастацтвазнаўства дацэнт Л.А.Шкор — дапамагла падрыхтаваць артыкул “Навучанне дзяцей з парушэннямі зроку ігры на фартэпіяна як спосаб актуалізацыі творчых патрэб асобы”, які і быў адзначаны дыпломам І ступені і апублікаваны ў IV Кніжнай калекцыі СНД “Міжнародная энцыкла­педыя таленавітай моладзі”.

“У артыкуле раскрываецца важ­насць рознабаковага развіцця навучэнца і неабходнасць складання індывідуальных адукацыйных маршрутаў для асоб з асаблівасцямі развіцця, у прыватнасці, з парушэннем зроку. Першым важным крокам у актуалізацыі творчых здольнасцей асобы з’яўляецца развіццё цікавасці да самастойнай творчай дзейнасці навучэнца, — патлумачыла магістрант. — Музіцыраванне дазваляе дзецям з парушэннямі зроку ўсвядоміць уласную творчую ўнікальнасць. А затым, абапіраючыся на яе, прадукцыйна наладж­ваць камунікацыю з
іншымі дзецьмі праз сумесную музычную дзейнасць, напрыклад, спевы ў ансамблі. Такім чынам, разам яны прыйдуць да ра­зумення такіх паняццяў, як сутворчасць, суперажыванне, садзейнічанне”.

Настасся пераканана, што навучанне музыцы дзяцей з парушэннямі зроку павінна ўключаць агульную эстэтычную адукацыю, якая не прадугледжвае прафесійнай падрыхтоўкі канцэртнага выканаўцы. Таму і прынцыпамі педагога павінна быць: “Нескладана і меладычна, лёгкае падбіранне музыкі на слых і выкарыстанне зручнай аплікатуры”.

“Урок музыкі — гэта перш за ўсё ўрок мастацтва і далучэнне да духоўнай спадчыны чалавецтва. Неабходна дапамагчы дзіцяці настроіцца на навучанне ігры на фартэпіяна як на творчы пра­цэс, што далучыць яго да гісторыі культуры. Педагагічнае суправаджэнне дапамагае ства­раць мастацкі вобраз сродкамі музычнай выразнасці, разумеючы прыгажосць меладычных і гарманічных ліній. Галоўнае — паказаць навучэнцу, што ігра на музычным інструменце — гэта захапляльна, а музіцыраванне — гэта выдатны спосаб самапазнання і рэалізацыі ўнутраных творчых патрэб”.

Да такіх высноў Н.Есауленка прыйшла ў час навуковага даследавання, якое збіраецца працягваць і далей: “У сваёй магістарскай дысертацыі апісваю вопыт работы настаўнікаў сталічнай сярэдняй школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку, наведваю іх урокі, бяру інтэрв’ю ў педагогаў. Пасля заканчэння магістратуры збіраюся паступаць у аспірантуру БДПУ, глыбей вывучаць выбраную тэму і распрацоўваць уласную методыку навучання ігры на фартэпіяна дзяцей з парушэннямі зроку”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота БДПУ і з архіва гераінь.