Лепшыя сярод маладых агняборцаў

- 11:13Навіны рэгіёнаў

Абласны метадычны збор “Агняборац” для байцоў маладзёжных атрадаў аховы правапарадку (МААП) вобласці прайшоў у Гродне.

Каля 20 маладзёжных каманд з розных рэгіёнаў Гродзенскай вобласці спаборнічалі ў пажарна-выратавальных відах спорту. Падчас конкурсу “Знаўцы АБЖ” каманды адказвалі на пытанні па веданні асноў бяспекі жыццядзейнасці, а таксама паказалі свае навыкі ў аказанні першай дапамогі пацярпеламу. Была і паласа перашкод, на якую члены каманд выйшлі ў баявой вопратцы і з поўнай амуніцыяй. У конкурсе “Пажарны кросфіт” свае ўменні прадэманстравалі капітаны каманд.

Арганізатарамі метадычнага збору выступілі Гродзенскі абласны камітэт ГА “БРСМ”, абласное ўпраўленне МНС, абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.

Як адзначылі ў абласным камітэце ГА “БРСМ”, штогод МААП прымаюць удзел у ахове правапарадку, прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх і моладзі, прафілактыцы бяспекі жыццядзейнасці. Гэтаму спрыяе сістэмная падрыхтоўка моладзі, накіраваная на навучанне правільным паводзінам у экстрэмальных сітуацыях, прапаганду здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзін, фарміраванне цікавасці да службы ў органах па надзвычайных сітуацыях.

— Абласны метадычны збор “Агняборац” ужо стаў адным з брэндавых мерапрыемстваў вобласці, у іншых рэгіёнах краіны такія спаборніцтвы не праходзяць, — падкрэсліла першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Ганна Сарасек. — На Гродзеншчыне працуюць 55 маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, у якія ўваходзяць больш чым 1500 чалавек. Актывісты МААП маюць магчымасць атрымаць рэкамендацыю ад БРСМ для паступлення ў профільныя УВА.

Спаборніцтвы дазволілі выявіць самых моцных, хуткіх і вынослівых. Фіналам стала ўзнагароджанне пераможцаў. Сярод каманд сярэдніх і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі пераможцам стаў маладзёжны атрад аховы правапарадку Скідзеля, на 2-м месцы — каманда МААП Ваўкавыскага раёна і на 3-м — Ашмянскага раёна. Сярод удзельнікаў устаноў вышэйшай адукацыі і працоўнай моладзі перамагла каманда МААП Слонімскага раёна, другія — МААП Астравецкага раёна і замыкае тройку лідараў каманда Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена абласным камітэтам ГА “БРСМ”.