Лепшыя ў Еўропе

Лепшыя суднамадэлісты Еўропы спаборнічалі за лідарства ў Санкт-Пецярбургу і Ламаносаве. Тут прайшоў Кубак Еўропы — 2018 па суднамадэльным спорце ў класах радыёкіруемых мадэлей-копій. На п’едэстал гонару падняліся юныя случчане Яўген Зубрыцкі і Валерыя Махлай, прадстаўнікі Слуцкага цэнтра тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнскай моладзі.

Удзел у спаборніцтвах бралі каманды з Расіі, Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Эстоніі і Германіі. Канкурэнцыя была высокай, але нашы юныя суднамадэлісты выступілі на высокім узроўні.

Яўген Зубрыцкі, які выступаў з тарпедным катэрам Schnellboot S — 100, заваяваў 2 залатыя медалі — у агульным і юнацкім заліку. Двойчы на прыступкі п’едэстала гонару ўзнялася і Валерыя Махлай, якая выступіла з катарам PT-109. Яна апынулася на 2 месцы ў юнацкім і на 3 — у агульным заліку.

— Малайцы! — ганарыцца сваімі выхаванцамі педагог дадатковай адукацыі Віктар Васільевіч Патоцкі. — Ім не перашкодзіла нават амаль штармавое надвор’е. З-за моцнага ветру многія ўдзельнікі рабілі памылкі. Некалькі суднаў нават патанулі. А Яўген і Валерыя змаглі справіцца з перашкодамі і паказаць цудоўны вынік.

І Яўген, і Валерыя ўжо тытулаваныя спартсмены. Так, Валерыя выступала на чэмпіянаце Еўропы 2 гады назад і атрымала “бронзу”. А Яўген Зубрыцкі ў мінулым годзе стаў сярэбраным прызёрам на чэмпіянаце свету. Такія цудоўныя вынікі юнаку дапамагае паказваць надзвычайная працавітасць, уменне заставацца спакойным нават у самых стрэсавых сітуацыях, а таксама багаты вопыт — суднамадэльным спортам ён займаецца 7 гадоў.

У Слуцкім цэнтры тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнскай моладзі вельмі моцная школа суднамадэлявання. Выхаванцы пад кіраўніцтвам Віктара Васільевіча Патоцкага, педагога дадатковай адукацыі, майстра спорту па суднамадэльным спорце, не раз станавіліся пераможцамі самых прэстыжных спаборніцтваў.

Дар’я РЭВА.
Фота з архіва ўдзельнікаў спаборніцтваў.