Лепшыя застаюцца

- 8:27Першае працоўнае месца, Суразмоўца, Суразмоўца

Кіраўніцтва каледжа прапанавала Аліне Журыкавай і Аляксандры Мышкоўскай пасля атрымання дыпломаў застацца працаваць у роднай навучальнай установе — у якасці майстроў вытворчага навучання.

— Заўсёды хацелася атрымаць прафесію, звязаную з творчасцю. Пачытаўшы водгукі і агульную інфармацыю аб установах, выбрала МДЭПТК. І ўжо не раз пераканалася, наколькі правільным было тое рашэнне. Мяне цягнула да творчасці, але я ніколі не наведвала мастацкую школу ці адпаведныя гурткі. Менавіта ў нашым каледжы мае здольнасці заўважылі, падтрымалі і дапамаглі раск­рыць іх. Усе тры гады навучання педагогі далучалі нас да конкурснага руху, спаборніцтваў WorldSkills. Гэта дазволіла пашырыць стандартныя прафесійныя навыкі, набыць карысны дадатковы вопыт, дало матывацыю для далейшага самаразвіцця, — паведаміла Аліна Журыкава.

Дзяўчаты набылі статус маладых спецыялістаў усяго месяц назад. Пакуль Аліна курыруе толькі адну вучэбную групу — 25 навучэнцаў. У першыя працоўныя дні не ўдалося пазбегнуць хваляванняў, прыйшлося сутыкнуцца і з пэўнымі цяжкасцямі.

— Хвалявалася, як прымуць мяне дзеці, бо ў нас не вельмі вялікая розніца ва ўзросце. Але дзякуючы падтрымцы калектыву і кіраўніцтва, удалося правільна арганізаваць работу. Цяпер ніякіх цяжкасцей з арганізацыяй заняткаў не ўзнікае, нават ёсць некаторыя задумы па паляпшэнні якасці навучання. У цэлым у педагагічнай дзейнасці імкнуся раўняцца на свайго педагога — Дануту Сяргееўну Чэх-Астрашэўскую, з якой зараз мы сталі калегамі. Яна для мяне — прыклад у многім, — падзялілася дзяўчына.

Дарэчы, такім прыкладам, але ўжо для сваіх вучняў стала і сама Аліна. Навучанне ў каледжы яна скончыла з двума дыпломамі з адзнакай, была прызнана лаўрэатам прэміі Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы, з’яўляецца ўладальніцай больш як 100 дыпломаў міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных творчых конкурсаў.

— Сваіх навучэнцаў стараюся матываваць на ўсебаковае асобаснае развіццё. Акрамя любові да прафесіі, фарміравання важных практычных навыкаў, менавіта гэта лічу першачарговым у рабоце, — падкрэсліла малады спецыяліст.

Такой жа думкі прытрымліваецца і Аляксандра Мышкоўская. Яна таксама ўжо змагла знайсці падыход да сваіх вучняў.

— Мне дасталася не самая простая вучэбная група — учарашнія школьнікі, якія толькі скончылі 9-ы клас, падлеткі, у якіх у самым разгары пераходны ўзрост. Па першым часе дзесьці было складана, але, дзякуючы падтрымцы настаўнікаў, атрымалася ўсё наладзіць, знайсці кантакт з навучэнцамі, стаць для іх не толькі педагогам, а і старэйшым таварышам. Зараз ніякіх мінусаў у рабоце не знаходжу. Чаканні цалкам супалі з рэальнасцю. Магчыма, таму, што мне заўсёды хацелася займацца педагагічнай дзейнасцю. Імкнуся таксама быць для сваіх вучняў прыкладам. Для гэтага пастаянна займаюся самаўдасканаленнем. У найбліжэйшых планах — прадоўжыць педагагічную адукацыю і далей прафесійна развівацца, — адзначыла Аляксандра.

Лепшых выпускнікоў у эканамічным каледжы заўсёды імкнуцца пакінуць у сябе. На цяперашні момант у калектыве навучальнай установы працуюць 110 чалавек, якія ў свой час яе скончылі. Сярод іх амаль усе намеснікі дырэктара — Таццяна Красуцкая, Настасся Мінайлава, Людміла Якімава, Аляксандр Матолін, Галіна Купцова, Уладзімір Гарнастаеў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.