Лепшыя знаўцы правіл дарожнага руху

- 14:23Нам пішуць

На базе Маларыцкай раённай гімназіі прайшоў раённы злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху. Арганізатарамі яркага, відовішчнага і запамінальнага мерапрыемства выступілі раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму і аддзяленне ДАІ Маларыцкага РАУС.

Важнасць і актуальнасць злёту-конкурсу бясспрэчныя: спаборніцтва накіравана на прафілактыку дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, выхаванне законапаслухмяных удзельнікаў дарожнага руху, прапаганду здаровага ладу жыцця, прыцягненне школьнікаў да дзейнасці атрадаў юных інспектараў дарожнага руху.

На працягу некалькіх гадзін 16 каманд юных інспектараў дарожнага руху змагаліся за званне наймацнейшых у 5 конкурсных выпрабаваннях: “Тэарэтычны экзамен на веданне правіл дарожнага руху”, “Уважлівы ўдзельнік дарожнага руху”, “Фігурнае ваджэнне веласіпеда”, “Аказанне першай медыцынскай дапамогі” і “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне”. Выступленні ў кожным з іх ацэньваліся як у камандным, так і ў асабістым заліку. Так, лепш за ўсіх тэарэтычны экзамен на веданне правіл дарожнага руху здала каманда Лукаўскай сярэдняй школы. Самымі ўважлівымі ўдзельнікамі дарожнага руху сталі юіраўцы Ланской сярэдняй школы. У фігурным ваджэнні веласіпеда не было роўных прадстаўнікам Маларыцкай раённай гімназіі. Першую медыцынскую дапамогу лепш за ўсіх аказалі вучні Радзежскай сярэдняй школы. Самымі высокімі баламі журы адзначыла агітацыйна-мастацкае прадстаўленне канкурсантаў з Макранскай сярэдняй школы.

Пераможцамі злёту-конкурсу сталі атрады юіраўцаў з Маларыцкай раённай гімназіі (кіраўнік каманды Леанід Лук’янчук), Мельніцкай базавай школы і сярэдняй школы № 2 Маларыты. Удзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.