Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры прайшоў сёлета на Гродзеншчыне. Удзельнікаў з усёй рэспублікі сустракалі ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі.
У першы дзень дзяцей чакала ўрачыстае адкрыццё алімпіяды. Госці і члены журы падбадзёрвалі і натхнялі юнакоў і дзяўчат.
— Паважаныя ўдзельнікі алімпіяды, вы ўжо дасягнулі пэўных вынікаў. І сённяшні этап алімпіяды для вас — яшчэ адна прыступка, прыступка ў дарослае жыццё, прыступка да выпрабавання. Хочацца, каб вы з гонарам усё вытрымалі. Вялікі дзякуй і тым, хто выхоўваў і рыхтаваў сённяшніх алімпіяднікаў. Мы спадзяёмся, што многія з вас з часам будуць працаваць і ў Нацыянальнай акадэміі навук, і выкладаць ва ўстановах вышэйшай адукацыі, і працаваць у школах, — адзначыла Ірына Уладзіміраўна Булаўкіна, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі.
З віншаваннямі выступілі таксама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, і Андрэй Дзмітрыевіч Кароль, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пераможцы мінулых гадоў таксама віталі юных знаўцаў роднай мовы. Сярод іх была Аксана Мікалаеўна Жыліч, пераможца алімпіяды 1990 года, якая сёння з’яўляецца настаўніцай беларускай мовы літаратуры гімназіі № 10 Гродна. У гэтай алімпіядзе прымала ўдзел яе вучаніца. Пераможца заключнага этапу алімпіяды 2012 года Дзмітрый Даўгаполік з Гродзенскай вобласці таксама пажадаў удачы навучэнцам і заклікаў іх ніколі не забываць роднай мовы і гэты момант. Зараз ён студэнт філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. Дзмітрый выказаў спадзяванне, што многія з алімпіяднікаў абяруць выкладанне роднай мовы прафесіяй.
Алімпіяда па беларускай мове і літаратуры праходзіла ў тры этапы: напісанне водгуку, комплексная работа, вуснае выказванне. Усяго ўдзельнічаў 121 чалавек. Дыпломамі І ступені ўзнагароджаны 11 навучэнцаў. Гэта Дзмітрый Пяткун (Далёкаўскі дзіцячы сад — базавая школа Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці), Дар’я Кавальчук (Глыбоцкая раённая гімназія Віцебскай вобласці), Уладзіслаў Салодкі (Глыбоцкая раённая гімназія Віцебскай вобласці), Васілій Кравец (гімназія Светлагорска Гомельскай вобласці), Караліна Захаранка (школа № 10 Светлагорска), Кацярына Дзерачэнік (школа № 1 Скідаля Гродзенскай вобласці), Марыя Бадзей (Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта), Марыя Карпіцкая (Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта), Святлана Галуза (Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта), Максім Шкрэдаў (школа № 2 Чавус Магілёўскай вобласці), Настасся Сушко (школа № 32 Бабруйска Магілёўскай вобласці).
Спецыяльны прыз міністра адукацыі атрымала Кацярына Дайлідка, вучаніца Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Старшыня журы, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (дырэктар філіяла Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы), старшыня Міжнароднага камітэта славістаў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў.
— Усе алімпіяднікі паказалі свой прафесіяналізм, чалавечую годнасць і тое, што яны сапраўдныя беларусы, якія любяць і шануюць усё, што выдзяляе нас сярод многіх народаў свету. У нас ёсць цудоўная мова, якую мы павінны зберагчы і перадаць будучым пакаленням. І я ўбачыў па выніках алімпіяды, што мы можам спакойна аддаць гэта ўсё ў рукі разумнай энергічнай моладзі, — падкрэсліў Аляксандр Аляксандравіч.
Таксама ён адзначыў і высокі ўзровень падрыхтаванасці самога Гродна да прыняцця ўдзельнікаў алімпіяды. Інтэлектуальныя спаборніцтвы прайшлі без запінкі і з вельмі цікавай культурнай праграмай.
Валерый Леанідавіч Варановіч, загадчык кафедры беларускай мовы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, асабліва падкрэсліў выдатныя вынікі ўдзельнікаў на ІІІ этапе — вусным выказванні:
— Разыходжанні ў балах у параўнанні з двума папярэднімі этапамі вельмі малыя. Гэтае выпрабаванне не пакінула раўнадушнымі ні саміх удзельнікаў, ні журы. Менавіта на гэтым этапе адбываецца непасрэдны кантакт паміж удзельнікамі і журы. Большыя балы аддаваліся тым, хто надаваў сваім выказванням больш гармоніі, пераканаўчасці. Але відавочна адно: гармонія душэўная прысутнічала ў кожнага. Усіх хацелася пахваліць і ўзнагародзіць.
Дзеці таксама былі вельмі задаволены і спаборніцтвамі, і ўмовамі пражывання, і горадам. Многія адзначылі, што набылі новыя знаёмствы, новых сяброў.
— Свой алімпіядны рух я пачала ў 8 класе. Пяць разоў удзельнічала ў абласным этапе алімпіяды, тры разы — у рэспубліканскім. І двойчы станавілася дыпламантам ІІ ступені. А зараз я ўжо выпускніца. Мая мара збылася: я — дыпламант І ступені. Яшчэ з дзяцінства мяне захапіла родная мова і сёння не пакідае раўнадушнай. У далейшым я буду займацца журналістыкай, але беларуская мова назаўсёды застанецца ў маім сэрцы, — падзялілася з хваляваннем Дар’я Кавальчук, навучэнка Глыбоцкай раённай гімназіі Віцебскай вобласці.
— Я ўжо другі раз удзельнічаю ў алімпіядзе і дагэтуль атрымаў толькі пахвальны водзыў. Цяпер мяне перапаўняюць эмоцыі, бо я стаў першым. Канечне, нават той факт, што я сваё жыццё звяжу з медыцынай, не гаворыць аб тым, што я забуду сваю мову. Я і ў далейшым працягну яе вывучаць. Алімпіяда дала мне ўпэўненасць у сабе. І вялікі дзякуй маёй настаўніцы Надзеі Іванаўне Туркевіч, — адзначыў Васілій Кравец, навучэнец гімназіі Светлагорска Гомельскай вобласці.
— У гэтым, як і ў мінулым, годзе я заняла трэцяе месца, але не спынюся і буду працягваць далей удзельнічаць. Алімпіяда мне дала ўпэўненасць, а яшчэ шмат знаёмстваў, уражанняў. Вельмі ўразіў горад, экскурсіі і культурная праграма, — падзялілася Ангеліна Хілінская, вучаніца Навасёлкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна, дыпламант ІІІ ступені.
Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.