Лес на памяць

Сёння завяршаецца рэспубліканская добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу — 2020”, якая праходзіла ў Беларусі з 28 сакавіка. Яе арганізатарам традыцыйна выступіла Міністэрства лясной гаспадаркі. Актыўнымі ўдзельнікамі акцыі былі розныя ведамствы і арганізацыі. Унеслі свой пасільны ўклад у агульную справу і школьнікі краіны. Сёлета зялёны марафон быў прысвечаны Году малой радзімы і 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Настаўнік-дэфектолаг Дзераўноўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Слонімскага раёна  А.І.Ляўкевіч.

Акцыя праходзіла ўжо трынаццаты раз. Яе галоўная мэта — папулярызацыя сярод насельніцтва беражлівага стаўлення да аднаго з галоўных прыродных рэсурсаў краіны, разуменне ўласнай ролі ў падтрымцы экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай значнасці лясоў. У мерапрыемстве традыцыйна актыўны ўдзел прымаюць прадстаўнікі бізнесу, грамадскіх арганізацый, спартыўных аб’яднанняў, школ і г.д. Акрамя таго, добраахвотную акцыю шырока падтрымліваюць прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, дэпутацкі корпус.

У мінулым годзе за рыдлёўкі ўзяліся больш за 52 тысячы чалавек. Тады за ты­дзень валанцёры разам з лесаводамі выса­дзілі больш за 29 млн дрэў. Дзякуючы ім, новы лес цяпер падрастае на плошчы 6722 га. Добраахвотнікі працавалі на 2613 дзялянках. Сёлета былі засаджаны маладымі дрэўцамі 3,5 тысячы га. Напрыклад, у Стаўбцоўскім лясгасе малады лес закладвалі супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта. На гэтым месцы яшчэ дзесьці паўгода назад быў густы лес, але яго пашкодзіў вяршынны ка­раед. Дрэвы прыйшлося высякаць. Па словах галоўнага ляснічага Стаўбцоўскага лясгаса Сцяпана Явіда, новы лес вырасце тут мінімум праз 80 гадоў.

Кіраўніцтва і педагогі Дзераўноўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Слонімскага раёна трэці дзень на лесапасадках. Марына Аляксандраўна Цівунчык, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, гаворыць: “Я ў гэтай школе і вучылася, і працую, і колькі сябе памятаю, заўсёды прымала ўд зел у такіх акцыях. Наша вёска называецца Дзераўная, бо, згодна з легендай пра яе пахо­джанне, нашы продкі будаваліся там, “дзе роўна”. Сапраўды, у нас роўнага месца мала — вакол паўсюдна лясы. Таму і месцаў, дзе патрэбна наша дапамога ў пасадках, заў­сёды хапае”.

Падароскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Ваўкавыскага раёна традыцыйна прымае ўдзел у акцыі поўным складам. Вераніка Міхайлаўна Калядка, настаўнік-дэфектолаг і кіраўнік школьнага лясніцтва гэтай установы, гаворыць: “Мы кожны год прымаем удзел у пасадках лесу. Мы былі нават пераможцамі міжнародных спаборніцтваў па пасадцы лесу. У мінулым годзе занялі 2-е месца ў вобласці, а ў якасці падарунка для нашых дзяцей ад лясгаса была арганізавана экскурсійная паездка. Сёлета мы таксама пастараліся не адставаць. У нас 64 вучні ў школе, і мы, як заўсёды, такой вялікай талакой далучаемся да акцыі “Ты­дзень лесу”. Малодшыя класы працавалі на прышкольным участ­ку — навялі парадак у нашым дэндрапарку, а сярэднія і старшыя класы, акрамя пасадак лесу, займаліся яшчэ і прыбіраннем месцаў адпачынку і стая­нак. Асабліва актыўна ў нас працуе школьнае лясніцтва. Гэта 30 навучэнцаў 8—11 класаў.

Акрамя таго, дзе­сяць нашых старшакласнікаў увайшлі ў склад працоўнага атрада, які таксама ў дні канікул займаецца пасадкай лесу. Для іх дзей­насць у атрадзе ў першую чаргу мае прафарыентацыйную скірава­насць. У нашай школе вельмі шмат дзяцей, бацькі якіх працуюць у лясгасе — ад леснікоў да лесарубаў. Напрыклад, сярод удзельнікаў атрада і мой сын, яго бацька — ляснічы Падароскага лясніцтва. Таму, спадзяюся, для многіх гэта крок у прафесію. Акрамя таго, сумесна з лясніцтвам непадалёк школы мы будзем высадж­ваць рабінавую алею ў гонар 75-годдзя Перамогі. Дакладней, дасадж­ваць, бо ў мінулым го­дзе мы яе ўжо залажылі і прымеркавалі да 75-годдзя вызвалення Беларусі”.

Свой уклад у агульную справу зрабіла і Астравеччына. Тут з’явіліся памятныя алеі ўздоўж знакавых гістарычных аб’ектаў у вёсках Кавалёўка, Тартак, Нідзяны, Варняны, а таксама закладзена алея Памяці на прышкольнай тэрыторыі Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы. Педагогі і вучні гэтай установы адукацыі на працягу тыдня выса­дзілі 98 шарападобных туй і больш за 16 тысяч елак. Як расказала дырэктар Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Алена Іванаўна Юркойць, у дапаўненне да пасадак дрэў варнянскія школьнікі добраўпарадкавалі мемарыяльныя комплексы, магілу невядомага салдата,тым самым ушанаваўшы памяць герояў, якія вызвалялі нашу краіну падчас Першай і Другой сусветных войнаў.

Добраахвотная акцыя працягнулася на больш як 2 тысячах участкаў па ўсёй Бе­ларусі. А гэта 3,5 тысячы га маладога лесу. У асноўным на дзялянках цяпер укараняюцца сосны, елкі і бярозы. Праз гады сённяшнія памочнікі змогуць прыйсці і палюбавацца тым, як расце лес, пасаджаны іх рукамі. Каменціруючы ролю акцыі, яе арганізатары адзначаюць, што важна не столькі высадзіць новы лес, колькі прывіць беражлівае стаўленне да аднаго з найважнейшых прыродных рэсурсаў краіны. Бо чалавек, які некалі сам пасадзіў дрэва, і сваё дзіця навучыць асаблівым адносінам да прыроды.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Марыны ЦІВУНЧЫК.