Лесвіца поспеху і зацікаўленасці

- 12:42Метадычная скарбонка

Няма такога настаўніка, які б не задумваўся над пытаннямі “Як зрабіць урок цікавым і яркім?”, “Як захапіць навучэнцаў сваім прадметам і стварыць сітуацыю поспеху для кожнага вучня?”. На сённяшняга вучня, як сцвярджаюць псіхолагі, нельга дзейнічаць дэкларатыўнымі метадамі. Не выклікаюць цікавасці ў сучаснага вучня і гатовыя веды, простыя пытанні, праблемы, якія не патрабуюць удумлівага асэнсавання. Сучаснаму вучню павінна быць цікава на ўроку.

Кожны ўрок — гэта адкрыццё.

Кожны вучань — першаадкрывальнік.

У сабе, для сябе, для іншых.

Што я як педагог магу зрабіць, каб дапамагчы дзецям вучыцца з цікавасцю, максімальна развіваць у сабе здольнасць да самастойнага мыслення? Як узбагаціць душу дзіцяці вучэннем і мудрасцю, каб яна ажыла, як засохлая зямля, на якую праліўся дождж? Няхай гэта будзе дождж ведаў!

Як мы будуем урок, пачынаючы з арганізацыйнага моманту або актуалізацыі ведаў, так і я, працуючы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры шмат гадоў, пабудавала ўласную лесвіцу, якая вядзе да поспеху і зацікаўленасці маіх вучняў. І ў гэтым мне дапама­гаюць думкі вялікіх.

“Хто не бачыць канчатковай мэты, вельмі здзіў­ляецца, што прыйшоў не туды”. (Марк Твэн)

Мая мэта — даць  навучэнцам такія веды, каб у іх не толькі павысілася адзнака па прадмеце, але і каб вучні захапіліся прадметам.

Як уключыць вучняў у работу на пачатку ўрока? Я раю прымяняць прыём “Капялюш пытанняў”. Вучні запісваюць тыя пытанні, якія засталіся для іх не высветленымі пры вывучэнні пэўнай тэмы. На працягу ўрока вучань павінен з дапамогай настаўніка або класа атрымаць адказ на сваё пытанне. Можна прапанаваць вучням і “Абарончы ліст”. Калі на парце ляжыць такі ліст, то настаўнік не выклікае вучня і той адчувае сябе больш камфортна, атрымліваючы пры гэтым магчымасць уключыцца ў ход урока ў любы момант. На пачатку ўрока я прапаную вучням скласці сказ па запісаных пачатковых літарах — актывізаваць літару. Напрыклад: ВСРДУБІПДВ (вучні старанна рыхтуюцца да ўрокаў, бо ім падабаецца добра вучыцца).

“Навучанне, якое пазбаўлена ўсялякай цікавасці і ўзята толькі сілай прымушэння, забівае ў вучня жаданне да навучання, а навучанне, заснаванае толькі на цікавасці, не дае магчымасці акрэпнуць самавалоданню і волі вучня, паколькі ўсё ў навучанні цікава і неабходна браць сілаю волі”. (К.Д.Ушынскі.)

У сувязі з тым, што тэрмін навучання ў ліцэі складае два гады, трэба навучыць кожнага вучня засвойваць і выкарыстоўваць на практыцы вялікую коль­касць інфармацыі за кароткі прамежак часу. Дапамагае ў вырашэнні гэтых задач выкарыстанне ІКТ. У сучасных умовах, улічваючы вялікую і сур’ёзную зацікаўленасць вучняў інфармацыйнымі тэхналогіямі, неабходна выкарыстаць гэта ў якасці магутнага інструмента развіцця матывацыі на ўроках беларускай мовы, у  тым ліку і пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.

Адным з галоўных момантаў урока з’яўляецца сістэма праверкі ведаў вучняў, здольнасць прымяняць іх на практыцы. Для бягучага і прамежкавага кантролю добрымі памочнікамі будуць праграмныя прадукты “Беларуская мова. Арфаграфія”, “Беларуская мова. Сінтаксіс і пунктуацыя”, трэнажор “Арфаграфія па новых правілах”. Выконваючы заданне, вучань ба­чыць вынік  сваёй дзейнасці адразу, бо праграма вызначае працэнт выканання заданняў і  дазваляе адразу рабіць карэкцыю ведаў. І дзецям такі від работы на ўроку вельмі падабаецца. Даволі часта я прапаноўваю вучням падрыхтаваць тэставыя заданні па пэўнай тэме, выкарыстоўваючы праграму  MyTest Рrо. Гэта сістэма праграм для стварэння і правядзення камп’ютарнага тэсціравання, выстаўлення адзнакі па шкале, якая ўказана ў тэсце, збору і аналізу вынікаў. Праграма дапамагае мне арганізаваць як лакальнае, так і сеткавае тэсціраванне.

“Адзіны шлях, які вядзе да ведаў, — дзей­насць”. (Бернард Шоу.)

Я ўпэўнілася ў тым, што схемы, табліцы вучням трэба даваць не ў гатовым выглядзе, а прасіць навучэнцаў самім скласці алгарытмы і навучыць прымяняць іх на практыцы. Вучняў палохаюць вялікія кніжныя аб’ёмы, таму структураваць неабходны матэрыял можна з дапамогай логіка-сэнсавай мадэлі або інтэлект-карт. Стварэнне логіка-сэнсавых мадэлей і інтэлект-карт не толькі эканоміць час, але і дазваляе максімальна павысіць выніковасць і эфектыўнасць тлумачэння і засваення матэрыялу.

Пры тлумачэнні тэмы ўрока я даю вучням асноўныя тэарэтычныя моманты і некалькі прыкладаў. Задача вучняў — знайсці свае прыклады, выкарыстоўваючы зборнікі ЦТ, і абавязкова знайсці выключэнні.

“Кожнае імгненне той працы, якая называецца выхаваннем, — гэта тварэнне будучага і позірк у будучыню”. (В.А.Сухамлінскі.)

Арыентаванасць на тэкст — адзін з кірункаў у выкладанні беларускай мовы ў сучаснай школе як галоўнае патрабаванне праграмы навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі азначае і тое, што “спецыфіка выкладання беларускай мовы на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі заключаецца ў тым, што вывучанае на працягу 5—9 класаў будзе выступаць асновай для авалодання мовай на больш высокім узроўні — на ўзроўні тэксту, што дазваляе паказаць асаблівасці функцыянавання моўных адзінак у тэксце і навучыць карыстацца мовай у практыцы маўленчай дзейнасці”. У працэсе работы з тэкстам і фарміруецца моўная кампетэнцыя вучняў. Можна прапанаваць невялікі тэкст, які знайшоў настаўнік у часопісе ці газеце, зрабіўшы яго дэфармаваным.

Заданні да тэксту могуць быць розныя: узнаўленне дэфармаванага тэксту; рэканструкцыя тэксту, што развівае творчыя здольнасці вучняў; вучні могуць патлумачыць знакі прыпынку; ускладніць сказы; знайсці словы, у якіх адбываецца асіміляцыя па звонкасці, глухасці; выпісаць словы на пэўныя арфаграмы.

Работу з тэкстам можна выкарыстоўваць на любых этапах урока: пры тлумачэнні, пры кантролі ведаў. Работа з тэкстам — адна з форм работы з матываванымі вучнямі. Падрыхтоўка да алімпіяды і творчых конкурсаў патрабуюць ад настаўніка асаблівага матэрыялу, які дазваляе пранікаць углыб моўных з’яў. Удала падабраныя тэксты даюць такую магчымасць.

Праз надзённую тэматыку тэкстаў, яркіх прыкладаў мастакоў беларускага слова вучні далучаюцца да духоўнага і прыгожага, правадніком чаго з’яўляецца беларуская мова. Сістэматычная работа з тэкстам прыносіць свае вынікі: вучні становяцца пераможцамі і прызёрамі прадметнай алімпіяды, конкурсаў рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў, яны самі складаюць тэксты і друкуюцца ў часопісе “Планета — сям’я”. Дарэчы, такія тэксты я потым выкарыстоўваю на ўроку, што вельмі заахвочвае вучняў на стварэнне ўласных.

Таксама вынік такой дзейнасці на ўроку — даследчыя работы вучняў “Беларуская мова — погляд моладзі”, “Фразеалагізмы з кампанентам праца ў беларускай і англійскай мовах” , “Параўнальны аналіз фразеалагізмаў з кампанентам сям’я ў кітайскай і беларускай мовах”, “Смачна есці!”. Тэксты, створаныя навучэнцамі, таксама могуць быць выкарыстаны ў якасці моўнага матэрыялу на ўроках. Напрыклад, даследчая работа Кацярыны Кулівар, якая атрымала сярэбраны медаль на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку” (Бранск), “Школьны слэнг: даніна модзе ці неабходнасць?” стала аб’ектам аналізу на ўроку па вывучэнні марфемнай будовы слова.

Пераклад тэксту з рускай мовы на беларускую разглядаецца як від работы па развіцці звязнага маўлення, заснаваны на стварэнні вучнямі тэксту на аснове прапанаванага сродкамі беларускай мовы. У працэсе перакладу замацоўваюцца і актывізуюцца атрыманыя веды, параўноўваюцца факты і з’явы рускай і беларускай моў, развіваецца маўленчая мабільнасць вучняў. Несумненна, такі від работы пашырае лексічны запас вучняў, удасканальваюцца веды па граматыцы. Усё гэта садзейнічае больш глыбокаму разуменню структуры роднай мовы і сістэматызацыі атрыманых ведаў. З пункту гледжання зместу вельмі важна перакладаць тэксты, якія заключаюць у сабе выхаваўчы і развіццёвы патэнцыял. Няхай гэта будуць невялікія па памеры тэксты, але яны будуць вельмі змястоўныя.

Беловежская пуща

Наш родной белорусский край. Он красив и своеобразен на севере и на юге, на востоке и на западе. Там, где течёт Двина, где петляет меж полей Березина, где струится, набирая силы Нёман, и ширится, выбираясь из болот, Припять; где разговаривает с высокими берегами Днепр и трётся волнами о лодки южно-ласковый Сож.

В зимнем наряде Беловежская пуща. Замело снегом стежки-дорожки. Вековая красота — Беловежская пуща…

Які ж урок без раскрыцця творчых здольнасцей вучняў?! І тут мы з навучэнцамі таксама працуем з тэкстам. Паколькі сёлетні год аб’яўлены Годам малой радзімы, то і заданні вучням прапануюцца адпаведнага кірунку. Навучэнцам даюцца апорныя словы, з якімі трэба скласці чатыры вершаваныя радкі. У выніку з’яўляюцца ўласныя вершы:

Гэты свет чакае ўсіх,

Хто спыняцца не стаў асцярожна,

Цікавіць таемнасцю іх,

Дык спазнаем жыццё ў падарожжах!

(Настасся Прыходзька, вучаніца 10 класа.)

На этапе замацавання і карэкцыі ведаў прапаную вучням выканаць заданні на лісце ацэнкі. Пры вывучэнні тэмы  “Назоўнік” ён можа выглядаць так:

І в. ЛІСТ АЦЭНКІ

1.Запішыце ў табліцу па 5 прыкладаў

Зборныя Рэчыўныя

  1. Запішыце назоўнікі ў форме меснага склону адзіноч­нага ліку
Крэпасць
Плач
Свята
Воін
Захопнікі
Вызваліцель
Подзвіг
Папялішча
Маці
Абеліск

  1. Запішыце сказы з наступнымі назоўнікамі так, каб адзін і той жа назоўнік выконваў розную сінтаксічную функцыю. Графічна абазначце, якім членам сказа з’яўляецца гэты назоўнік.

Перамога, гора, кветкі, салдаты.

Выніковую рэфлексію раю праводзіць з дапамогай прыёмаў  “Падымі руку,  калі…” , “Закончы фразу”,  “Выбар пазіцыі” , складання сінквейна.

Для выканання дамашняга задання можна выкарыстаць прыём “Заданне для аднакласнікаў”. Вучні самі складаюць невялікія практыкаванні, тэсты, тэксты, слоўнікавыя дыктанты для замацавання новай тэмы. А потым прапаноўваюць аднакласнікам іх выканаць.

“У кожнай душы кожнага дзіцяці ёсць нябачныя струны. Калі крануць іх умелай рукой, яны прыгожа загучаць”. (В.А.Сухамлінскі.)

Калі настаўнік здолее раскрыць перад дзецьмі мілагучнасць роднай мовы, яе вобразныя сродкі, пакажа багацце слоўніка, пазнаёміць са стройнай сістэмай часцін мовы і сінтаксічных канструкцый, то вучні будуць з цікавасцю вывучаць родную мову, з павагай адносіцца да беларускага слова, а значыць, да свайго народа — творцы і носьбіта гэтай мовы.

Ірына ЯЎСЕЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Рэчыцкага раённага ліцэя.