Лета — акно ў прыроду

Лета — найбольш зручны час, каб вучыць дашкалят бачыць гармонію прыроды, спасцігаць яе законы, заўважаць прыгажосць, аберагаць навакольны свет. Падчас летняга аздараўлення ў дзіцячых садах нават мяняюць распарадак дня выхаванцаў: павялічваюць час знаходжання на свежым паветры, складаюць карты-схемы маршрутаў да найбліжэйшых прыродных аб’ектаў.

Цэлы тыдзень пад дэвізам “Мы сябруем з прыродай” прайшоў у Пархімаўскім яслях-садзе. За гэты час мы правялі заняткі ў самых розных формах: гутаркі “Што квітнее летам?”, “Як лейка з кветкамі сябравала”, праблемныя сітуацыі “Ці можна рваць кветкі?”, гульні-пераўтварэнні “Калі б ты быў” і г.д. Дзеці пазнаёміліся з раслінамі на клумбах, замацавалі ўяўленні пра будову кветак і іх карысць. Зразумелі, што пра расліны патрэбна клапаціцца: маленькае вядзерца ці лейка вады могуць зберагчы прыродную прыгажосць спякотным летам.

Соф’я КАРЛЮК,
выхавальніца дашкольнай адукацыі
Пархімаўскага ясляў-сада — базавай школы Бераставіцкага раёна.