Лета анлайн

Яшчэ вясной мы вырашылі паспрабаваць нестандартную для нашай установы адукацыі форму занятасці навучэнцаў: анлайн-лагер. Распаўсюдзіўшы з дапамогай сацыяльных сетак інфармацыю сярод навучэнцаў, знайшлі станоўчы водгук: многія выказалі жаданне правесці лета разам з намі. І лагер сярэдняй школы № 8 Гродна “Лета анлайн” пачаў сваю работу.

Усіх жадаючых размеркавалі па двух атрадах у залежнасці ад узросту — для навучэнцаў 1—4 і 5—8 класаў.

У лагеры працавалі не толькі педагогі, але і старшакласніцы, навучэнкі педагагічнага класа, якія выконвалі функцыі важатых. У месенджары “Вайбер” былі створаны групы кожнага атрада. У першы дзень змены хлопчыкі і дзяўчынкі дасылалі ў групу кароткія відэаролікі з аповедам пра сябе, свае фота, прыдумвалі назвы і дэвіз для сваіх атрадаў. Так у нас з’явіліся атрады “Крутыя рабяты” і “Сябры”.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з нецярпеннем чакалі раніцы, бо кожны дзень на працягу трох тыдняў ужо ў 8.00 для іх былі падрыхтаваны новыя цікавыя і разнастайныя заданні. Ім прапаноўвалася расказаць у відэароліку, якім чынам яны клапоцяцца пра навакольнае асяроддзе, падрыхтаваць прэзентацыю пра самае прыгожае месца ў Беларусі, куды б яны хацелі накіравацца ў падарожжа, зрабіць фота побач са славутасцю Гродна і расказаць у відэа пра асаблівасці гэтага месца, падаглядаць пакаёвыя расліны, пакарміць жывёл, якія маюць патрэбу ў дапамозе чалавека, знайсці прыказкі аб спорце і здароўі, намаляваць плакат “Мы за здаровы лад жыцця”, прыгатаваць вячэру для ўсёй сям’і з карысных прадуктаў і шмат іншага.

Пры выкананні заданняў дзеці вывучалі мясцовыя славутасці, развівалі свае творчыя здольнасці, удзялялі ўвагу здароваму і бяспечнаму ладу жыцця, праводзілі час з сябрамі і сям’ёй, вучыліся праяўляць клопат пра навакольнае асяро­ддзе. Пасля выканання задання яны дасылалі свае фота і відэа. Важатыя сумесна з педагогам-арганізатарам штодня апрацоўвалі ўсю інфармацыю: рабілі калажы з фота, відэаролікі і размяшчалі іх у “Інстаграме”.

— Калі ў дзяцей узнікалі пытанні, у групе яны адразу маглі атрымаць адказ ад педагогаў, важатых або сваіх сяброў, — расказвае педагог-арганізатар летніка Галіна Валер’еўна Маслава. — Старэйшыя дзеці спраўляліся з заданнямі самастойна, а самым маленькім дапамагалі бацькі. У летніку мы выкарыстоўвалі метад стымулявання — пахвалу, прызы. Як паказала практыка, дзеці абсалютна лёгка адаптуюцца да розных навінак, у прыватнасці да анлайн-фармату. Нам, дарослым, трэба ў іх павучыцца гэтаму.

Акрамя штодзённых заданняў, у залежнасці ад тэматыкі дня педагогамі школы, супрацоўнікамі МНС, інспектарамі ІСН праводзіліся інфармацыйныя хвілінкі па здаровым ла­дзе жыцця, экалагічным і грамадзянска-патрыятычным выхаванні, хвілінкі бяспекі, на якіх хлопчыкам і дзяўчынкам яшчэ раз нагадвалі правілы бяспечных паводзін у летні перыяд.

У выніку  ў нас  атрымаўся адначасова вясёлы і сур’ёзны, забаўляльны і развіццёвы анлайн-лагер для дзяцей і падлеткаў. Дзеці здолелі праявіць свае творчыя і лідарскія якасці, правесці час са сваімі блізкімі і знайсці новых сяброў.

Сняжана КIСЯЛЁВА,
намеснiк дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 8 Гродна.