Лета. Час першых

На базе Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі быў арганізаваны летні аздараўленчы дзіцячы лагер з дзённым знаходжаннем “Час першых”.

Тут сабраліся самыя актыўныя навучэнцы школ горада і раёна — лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікі школьнага самакіравання, спартыўных секцый, творчых калектываў, удзельнікі і пераможцы раённых алімпіяд і конкурсаў — 50 дзяўчынак і хлопчыкаў.

З першага дня ўдзельнікі лагера трапляюць у горад N і становяцца турыстамі-падарожнікамі, якія сумесна з выхавальнікамі-куратарамі разгадваюць таямніцы невядомага і загадкавага горада, падарожнічаючы па шматлікіх вуліцах, плошчах і праспектах.

Кожны дзень напоўнены цікавымі справамі і мерапрыемствамі, мае свой напрамак: экалагічны, патрыятычны, спартыўны, творчы, праваахоўны і г.д. Сярод вялікай колькасці мерапремстваў найбольшы водгук сярод удзельнікаў атрымалі кафэ-шоу “Усё ў шакаладзе” (прысвечаны Сусветнаму дню шакаладу), dance-батл “Зрабі крок наперад”, квэст-гульня “Шчучыншчына легендарная”, 3D-гульня “Шахматныя баталіі”, (прысвечана Міжнароднаму дню шахмат).

Акрамя шматлікіх гульняў і бясконцага патоку майстар-класаў, штодзённа ладзяцца трэнінгі, якія дазваляюць дзецям даведацца шмат новага і цікавага, пагаварыць на любыя тэмы і адкрыць сябе з новага, часам нават нечаканага, боку.

Падчас работы лагера кожны атрад, удзельнік мае магчымасць стаць ініцыятарам справы ў рамках рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”, а таксама выбраць справу па душы ў хобі-цэнтры “Крэатыў”.

На завяршэнне, калі будуць разгадны ўсе таямніцы горада, кожны з удзельнікаў атрымае адказ на пытанне: “Хто ён, лідар ХХІ стагоддзя?”.

Таццяна ТРАХІМЧЫК,
педагог-арганізатар лагера “Час першых”.