Лета. Час вучыцца новаму

Для педагогаў лета — час водпускаў, разважанняў і адпачынку ад спраў. Але толькі не для ўдзельнікаў летняй метадычнай школы Асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”. У гэтым годзе летнік прайшоў у фармаце Рэспубліканскага семінара-практыкуму “Экадружалюбнасць сям’і — індыкатар эфектыўнасці практык АУР у мясцовай суполцы”.

На базе Рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі практык адукацыі для ўстойлівага развіцця гарадскіх тэрыторый сярэдняй школы № 4 Дзяржынска сабраліся творчыя, крэатыўныя прадстаўнікі рэгіянальных рэсурсных цэнтраў па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, удзельнікі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў у галіне АУР, спецыялісты і эксперты ў галіне арганізацыі працэсаў адукацыі ўстойлівага развіцця з усёй Беларусі, каб адказаць на галоўнае пытанне: якая роля кожнага з нас, сям’і, школы, грамадства ў стварэнні і вырашэнні экалагічных праблем і што кожны з нас павінен і ў сілах зрабіць для іх вырашэння.

На працягу чатырох дзён удзельнікі гэтага мерапрыемства выяўлялі спецыфіку арганізацыі і вызначалі індыкатары практык АУР для ўсіх пакаленняў, а таксама абменьваліся вопытам па іх арганізацыі з рознымі катэгорыямі жыхароў паміж удзельнікамі праекта замежнай бязвыплатнай дапамогі “Экадружалюбнасць сям’і — шлях да ўстойлівага развіцця Дзяржынскага раёна” і прадстаўнікамі Асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” з іншых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.

У рабоце Рэспубліканскага семінара-практыкуму прынялі ўдзел і педагогі Партнёрскай сеткі ўстаноў адукацыі Мсціслаўскага раёна, якія дзейнічаюць у інтарэсах устойлівага развіцця: Алена Пачтовая — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мсціслаўскага райвыканкама, Валерый Харытонаў — дырэктар Мсціслаўскай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, Віктар Богуш — дырэктар Ходасаўскай сярэдняй школы, Наталля Сільчанка — настаўніца інфарматыкі Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы і Аляксандр Сямёнаў, настаўнік інфарматыкі Ходасаўскай сярэдняй школы.

Мадэратарамі мерапрыемства былі Соф’я Савелава — начальнік Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ імя Максіма Танка, афіцыйны прадстаўнік Міжнароднай ініцыятывы “Хартыя Зямлі” ў Беларусі, і Анатолій Мураўёў — выканаўчы дырэктар Асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, дырэктар гімназіі № 19 Мінска — Рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі практык адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і Школьных мясцовых парадкаў — 21.

Сярэдняя школа № 4 — самая энергаэфектыўная школа краіны. Дзякуючы рэалізацыі праекта ЕС-ПРААН “Энергаэфектыўнасць у школах”, у ёй укаранёны сучасныя тэхналогіі, якія дазваляюць скараціць энергаспажыванне ў 2 разы.

У школе быў цалкам заменены дах, на яго паставілі сонечныя калектары, якія ў перыяд сонечнай актыўнасці збіраюць энергію, з дапамогай прапіленгліколю перапрацоўваюць яе і накіроўваюць у цеплапункт. Таксама цалкам была заменена сістэма вентыляцыі паветра — на прытокава-выцяжную. Дзякуючы гэтаму харчаблок школы змяніўся да непазнавальнасці: з’явілася мармітная лінія, індукцыйныя пліты, 7 новых халадзільных установак. Усе асвятляльныя прыборы ў школе замянілі на энергазберагальныя, грунтоўна ўцяплілі фасад будынка, а ў класах паставілі энергазберагальныя вокны.

Адкрываючы семінар-практыкум, дырэктар школы Людміла Лукша сказала: “Змяніўся не толькі будынак, змяніліся мы самі: дзеці, педагогі, бацькі. Мы разумеем, што на нас ускладзена вялікая адказнасць: ад таго, як мы спрацуем, залежыць наша будучыня, а мы імкнёмся стаць сур’ёзным і важным цэнтрам фарміравання энергаэфектыўнага спосабу жыцця не толькі ў рэгіёне, але і ў Беларусі”.

Нікога не пакінулі абыякавымі канцэртныя нумары вучняў і педагогаў школы. Праз музыку, песні, танец яны спрабавалі расказаць, як дасягаюцца Мэты ўстойлівага развіцця ў Беларусі. Яркія, маляўнічыя, гарачыя выступленні артыстаў падарылі ўсім удзельнікам сапраўды святочны настрой.

Жывую цікавасць выклікаў брыфінг начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама Вацлава Матусевіча “Адукацыя ў інтарэсах дасягнення Мэт устойлівага развіцця — адукацыйныя перспектывы Дзяржынскага раёна”. На працягу многіх гадоў аддзел адукацыі, спорту і турызму мясцовага райвыканкама займае першае месца ў абласным конкурсе “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. Эфектыўная сістэма кіравання, плённая работа педагогаў, выкарыстанне перадавых сучасных тэхналогій дазволілі аддзелу па выніках 2017 года стаць лепшым і на рэспубліканскім узроўні.

— Сістэма адукацыі Дзяржынскага раёна паспяхова развіваецца. Вялікая ўвага ўдзяляецца асновам сямейнага, гендарнага і працоўнага выхавання дзяцей, — сказаў Вацлаў Іванавіч. — Для нас важна, каб узровень навучання адпавядаў патрабаванням часу. Але самае галоўнае, канечне, — педагогіка падтрымкі асобы дзіцяці. “Школы роўных магчымасцей”, “тэрыторыя поспеху, даступная для ўсіх”, — вось, бадай, галоўная ідэя, прасоўваннем якой займаюцца ўстановы адукацыі.

Падчас работы семінара адбылася азнаямляльная паездка ў “Рэсурсны цэнтр ЭкаТэхнаПарк — Волма”. Тут удзельнікі азнаёміліся з унікальным спалучэннем найноўшых энергетычных тэхналогій, сучасных інфармацыйных сродкаў адукацыі, нацыянальных гісторыка-культурных каштоўнасцей і прыродных багаццяў Беларусі.

Цэнтр знаходзіцца недалёка ад Мінска і размешчаны на тэрыторыі аднаго са старэйшых у Беларусі шляхецкіх маёнткаў Ваньковіча. З 2001 года сядзіба ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і аб’яўлена культурна-гістарычным помнікам. У рамках праекта ЮНЕСКА ў Волме створаны Экалагічны інфармацыйна-адукацыйны цэнтр, які прадугледжвае правядзенне студэнцкіх вучэбных і палявых практык. Матэрыяльна-тэхнічная база сарыентавана на выкарыстанне не толькі ў вучэбным працэсе УВА, УССА і ПТА, школ, але і ў навукова-даследчых і эксперыментальных работах.

Вітаючы гасцей, начальнік Цэнтра развіцця кампетэнцый Аляксей Воранаў адзначыў, што дзяржавы Еўропы ўжо даўно даследуюць магчымасць замяняць традыцыйныя крыніцы энергіі альтэрнатыўнымі, таму сёння асабліва важнай задачай з’яўляецца падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў у гэтай галіне.
Найноўшае абсталяванне нямецкіх фірм Lucas Nьlle і Christiani дазваляе навучаць і праводзіць лабараторныя работы навучэнцаў і студэнтаў у лабараторыях “Узнаўляльныя крыніцы энергіі”, “Асновы энергетыкі”, “Разумны дом”, “Жыллёва-камунальная гаспадарка” і інш.

У памяці, безумоўна, застануцца самыя яркія моманты летніка — публічныя выступленні і прэзентацыі напрацаванага матэрыялу, дыскусіі, спрэчкі, а таксама сардэчныя зносіны па вечарах. Работа ў групах, мазгавыя штурмы, атмасфера даверу і партнёрства дазволілі атрымаць эфектыўныя вынікі і вызначыць ролю адукацыі для паляпшэння якасці жыцця ў нашай краіне.

Аляксандр СЯМЁНАЎ,
настаўнік інфарматыкі Ходасаўскай сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *