Лета — для здароўя

- 16:17Сацыяльны ракурс, Соцыум

Прагназуецца, што сярэдні кошт пуцёўкі ў загарадны аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем складзе 577,11 рубля.

Памер патаннення кошту такой пуцёўкі за кошт бюджэтных сродкаў складзе 229 руб­лёў (у 2021 годзе — 215 рублёў). 

“У прышкольны ­аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем кошт пуцёўкі дасягне 130,8 рубля (у 2021 годзе — 108 рублёў), а памер яе патаннення за кошт бюджэтных сродкаў складзе 95 рублёў (у 2021 годзе — 89 рублёў)”, — агучыў інфармацыю намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Аляксей Жалянкоў. 

Бацькоўская плата за пуцёўку ў лагер з кругласутачным знахо­джаннем тэрмінам на 18 і больш дзён складзе не менш за 10 працэнтаў ад агульнага кошту пуцёўкі. 

“Рост памераў патаннення кошту пуцёвак у лагеры адпавядае параметрам макраэканамічнага развіцця краіны. Што тычыцца дадатковай даступнасці дзіцячага летняга адпачынку і аздараўлення, то яна забяспечваецца з дапамогай патаннення кошту пуцёвак у лагеры за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, сродкаў прафсаюзаў, арганізацый”, — звярнуў увагу А.Жалянкоў. 

“Сёння ўжо забяспечаны строга заяўны прынцып арганізацыі аздараўлення дзяцей у лагерах, у адпаведнасці з якім зацверджаны планавыя аб’ёмы аздараўлення, — сказаў А. Жалянкоў. — Колькасць дзяцей у лагерах летам 2022 года складзе каля 362 тысяч чалавек, што на 5 працэнтаў больш, чым мінулым летам (344,2 тысячы). У лагерах з дзённым знаходжаннем плануецца аздаравіць 212,4 тысячы дзяцей (у 2021 годзе — 198 тысяч), з кругласутачным — 149,5 тысячы дзяцей (у 2021 го­дзе — 146,2 тысячы).

Пуцёўкамі ў лагеры плануецца забяспечыць больш за 10 тысяч дзяцей-сірот і 4,3 тысячы дзяцей-інвалідаў.

На працягу трох месяцаў лета ў краіне будзе арганізавана работа 5,7 тысячы лагераў, што адпавядае ўзроўню мінулага года. Будуць функцыянаваць 1,3 тысячы кругласутачных (з іх — 145 стацыянарных) і 4,4 тысячы дзённых летнікаў.

Безумоўна, у канікулярны перыяд асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У прыватнасці, пуцёўкамі ў лагеры плануецца забяспечыць больш за 10 тысяч дзяцей-сірот і 4,3 тысячы дзяцей-інвалідаў. Для забеспячэння дадатковай даступнасці летняга аздараўлення дзяцей-інвалідаў будзе працягнута практыка іх аздараўлення разам з асобамі, якія іх суправаджаюць.

“Кантроль за арганізацыяй бяспечнага знаходжання дзяцей на аздараўленні, за выкананнем заканадаўства аб ахове здароўя, адукацыі, санітарна-эпідэміялагічнай і супрацьпажарнай бяспекі будзе забяспечаны ў тым ліку з дапамогай пастаяннага міжведамаснага прафілактычнага маніторынгу лагераў тэрытарыяльнымі працоўнымі групамі ў складзе зацікаўленых органаў і арганізацый, — запэўніў А.Жалянкоў. 

Пра падрыхтоўку да летняга аздараўленчага сезона таксама расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце НДЦ “Зубраня” Марына Шлык: 

“Планавыя аб’ёмы аздараўлення на 2022 год сведчаць пра тое, што павелічэнне колькасці аздароўленых дзяцей плануецца ў большай ступені за кошт павелічэння колькасці тых навучэнцаў, што будуць аздараўлівацца ў лагерах з дзённым знаходжаннем. Так, у лагерах з дзённым знаходжаннем дзяцей плануецца рост 107,1%, у лагерах з кругласутачным знаходжаннем — 102,1% у параўнанні з мінулым годам”.

Што тычыцца падрыхтоўкі кадраў да работы ў перыяд летняй аздараўленчай кампаніі, то яна арганізуецца на працягу года на розных узроўнях, пачынаючы з курсаў павышэння кваліфікацыі на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і заканчваючы арганізацыяй метадычнай работы непасрэдна ва ўстановах адукацыі.

Сёння асаблівае значэнне ва ўдасканаленні прафесійнага майстэрства педагогаў выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі набываюць сеткавыя формы ўзаемадзеяння. Намеснік дырэктара НДЦ “Зубраня” расказала, што яшчэ ў пачатку бягучага года ў цэнтры быў праведзены адпаведны семінар для розных катэгорый спецыялістаў сістэмы адпачынку і аздараўлення. 

“Напярэдадні летняй аздараўленчай кампаніі запланавана серыя вэбінараў “Рыхтуемся да лета разам з “Зубранём”, — анансавала М.Шлык. — Яны будуць закранаць тэму асноўных напрамкаў дзейнасці ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі. Удзел у вэбінарах можа прыняць любы жадаючы. Таксама на пастаяннай аснове на працягу навучальнага года ў “Зубраняці” ў рамках дзейнасці прафесійных сеткавых супольнасцей вядзецца работа па навучанні спецыялістаў сістэмы адпачынку і аздараўлення. Сёння мы працуем над стварэннем адзінага інфармацыйна-метадычнага рэсурсу выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі. А гэта значыць, што трэба прадумаць стварэнне інтэрнэт-рэсурсаў ці старонак аздараўленчых лагераў на сайтах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.

Падчас прэс-канферэнцыі намеснік дырэктара НДЦ “Зубраня” выказала ўпэўне­насць, што ў перыяд правядзення летніх лагерных змен павінна праводзіцца работа па павышэнні метадычнага ўзроўню педагагічных работнікаў.

“Трэба больш актыўна  прыцяг­ваць педагогаў да пошуку новых ідэй праз правядзенне розных рэгіянальных і ўнутрылагерных педагагічных конкурсаў, — рэзюмавала М.Шлык. — Што тычыцца нашага цэнтра, то ў перыяд летняй аздараўленчай кампаніі — 2022 будзе рэалізавана рэспубліканская акцыя “Мары нараджаюцца — мары спраўджваюцца!”.

Наталля САХНО.