Лета гарачае, спартыўнае

- 11:37Апошнія запісы

Гарачае спартыўнае лета выдалася ў Беларусі. Учора пачаліся галоўныя старты гэтага года — ІІ Еўрапейскія гульні, чаканнем якіх наша краіна жыла доўгі час. Прадчуванне маштабнай падзеі надавала асаблівую яркасць усім спартыўным спаборніцтвам.
У натхнёнай атмасферы праходзіла і Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў па летніх відах спорту, вынікі якой падвялі на ўрачыстай цырымоніі ў Слуцку.   

У гэтым годзе ў спартакіядзе ўдзельнічалі яе равеснікі: спаборніцтвы праводзяцца чатырнаццаты раз, і многім юным спартсменам якраз споўнілася чатырнаццаць. У заключным этапе свае магчымасці імкнуліся паказаць 2600 юнакоў і дзяўчат, якіх гасцінна прымалі спартыўныя аб’екты Міншчыны. Маладзечна, Вілейка, Чэрвень, Салігорск, Жодзіна, Слуцк, Барысаў жылі спортам у гэтыя дні. Акрамя таго, спартакіяду прымалі абласныя цэнтры — Гродна, Гомель і Магілёў.

Дзесяць дзён доўжылася свята спартыўнага майстэрства і каманднага адзінства. Самыя моцныя і хуткія, смелыя і вынослівыя юнакі і дзяўчаты імкнуліся да вяршынь спорту.

— Спартакіяда прайшла ­напярэдадні дзвюх вялікіх падзей для нашай краіны — II Еўрапейскіх гульняў і 75-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Юныя спартсмены зрабілі ўсё магчымае, каб выступіць годна і добра прадставіць свае рэгіёны, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык. — Упэўнены, што такія спаборніцтвы сярод школьнікаў вельмі актуальныя для нашага часу. Думаю, дзякуючы ім у нашай краіне з’явіцца яшчэ больш актыўных, яркіх, моцных спартсменаў.

Спартакіяда школьнікаў — ­неабходная прыступка лесвіцы поспеху для кожнага спартсмена. Тут можна ўпершыню сябе праявіць, атрымаць вопыт, які пасля спатрэбіцца на розных стартах. Гэта добра ведае галоўны суддзя спаборніцтваў, заслужаны майстар спорту, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, алімпійская чэмпіёнка па спартыўнай гімнастыцы Антаніна Ула­дзіміраўна Кошаль. Яе перамогі пачыналіся менавіта так: першы медаль гімнастка атрымала на школьнай спартакіядзе.

 — Школьныя спартакіяды павінны жыць. У школе на такіх спаборніцтвах закладваецца цікаўнасць да заняткаў спортам, — лі­чыць А.У.Кошаль. — Тут знаходзяць таленты і правяраюцца на трываласць характары. Для спартсмена важна не толькі мець здольнасці, але і ўмець спаборнічаць, вытрымліваць груз хвалявання і адказнасці. Часам лічаныя долі секунды вырашаюць усё. Было прыемна назіраць, як удзельнікі не адступаліся і змагаліся за перамогу да апошняга.

Цырымонія ўрачыстага закрыцця Рэс­публіканскай спартакіяды  школьнікаў пачалася парадам каманд — спартсмены прайшлі пад сцягамі абласцей, чый гонар абаранялі. Юнакі і дзяўчаты змагаліся за перамогу ў 19 алімпійскіх і 2 неалімпійскіх відах спорту. Каманда Віцебскай вобласці перамаг­ла ў боксе, валейболе сярод юнакоў, скачках на батуце. Магілёўская каманда забрала “золата” ў вольнай барацьбе і дзюдо. Прадстаўнікі Гомельшчыны былі першымі ў грэка-рымскай барацьбе, цяжкай атлетыцы, веласіпедным спорце, футболе сярод юнакоў, веславанні на байдарках і каноэ. Каманда Гродзенскай вобласці лідзіравала ў баскетболе сярод юнакоў і дзяўчат, лёгкай атлетыцы, кулявой стральбе, настольным тэнісе і шашках. Мінчанам не было роўных у валейболе і футболе сярод дзяўчат, гандболе, гімнастыцы, плаванні, фехтаванні і шахматах.

У школьнай спартакіядзе вызначаюцца каманды-пераможцы ў летніх і зімовых відах спорту. Так, у зімовых відах спорту лідарам стала каманда Магілёўскай вобласці, у летняй спартакіядзе перамаглі прадстаў­нікі Гродзеншчыны. Акрамя таго, ­падводзіцца агульны вынік — абсалютным чэмпіёнам спартакіяды становіцца рэгіён, які набраў найбольшую колькасць балаў у спаборніцт­вах па зімовых і летніх відах спорту разам. У гэтым годзе перамогу святкавалі мінчане, 2-е агульнакаманднае месца — у Гро­дзенскай вобласці, 3-е — у прадстаўнікоў Магілёўшчыны.

— Спаборніцтвы былі напружаныя, удзель­нікі вельмі хваляваліся. Імёнаў пераможцаў не ведалі літаральна да апошняга ­моманту. Усё вырашылі фінальныя матчы па гандболе сярод юнакоў і футболе сярод дзяўчат. У спартсменаў была вельмі моцная падтрымка балельшчыкаў, — расказвае  Святлана Станіславаўна Макрыцкая, дырэктар Мін­скага гарадскога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнскай моладзі. — Перамога прынесла нам неверагодныя эмоцыі!

Школьнікі-спартсмены завяршылі свае старты і адправіліся дадому, каб хварэць за ­ўдзельнікаў ІІ Еўрапейскіх гульняў. А потым
яны зноў пачнуць старанна трэніравацца і спадзявацца на тое, што будуць прадстаў­ляць Беларусь на Гульнях праз некалькі гадоў.  

Спартакіяда школьнікаў завяршылася перадачай сцяга спаборніцтваў прадстаўнікам Брэсцкай вобласці — менавіта там пройдуць заключныя мерапрыемствы спаборніцтваў у наступным годзе.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.