Лета інтэлектуальнае, спартыўнае, ваеннае…

- 16:03Адукацыйная прастора

Лета — час адпачынку для школьнікаў, але не для 27 удзельнікаў профільнага атрада “Акадэмія ведаў”, які дзейнічае ў складзе аздараўленчага лагера Столінскай дзяржаўнай гімназіі. Васьмікласнікі і дзесяцікласнікі з розных устаноў адукацыі Століншчыны вырашылі правесці канікулы з карысцю. Чэрвень не толькі стаў для іх месяцам адпачынку, весялосці і ўмацавання здароўя, але і дазволіў паглыбіць веды па шэрагу вучэбных прадметаў.

— У першай палове дня хлопчыкі і дзяўчынкі, падзеленыя на групы, наведваюць заняткі па інтарэсах у адпаведнасці з выбранымі прадметамі, — расказвае старшая выхавальніца атрада “Акадэмія ведаў” Алена Даневіч. — Заняткі праводзяць адны з лепшых педагогаў раёна, якія ахвотна пагадзіліся папрацаваць у профільным атрадзе. Настаўнікі імкнуцца стварыць максімальна дружалюбныя і камфортныя ўмовы для дзяцей. Арганізоўваюць заняткі такім чынам, каб кожны з іх адчуваў сябе ўпэўнена, не сумаваў і палепшыў веды.
Паміж заняткамі вучні самастойна ладзяць інтэрактыўныя перапынкі на свежым паветры, што дазваляе не толькі адпачыць, але і наладзіць зносіны з равеснікамі, праявіць лідарскія, творчыя і арганізатарскія здольнасці. Напрыканцы змены будзе выбраны пераможца ў намінацыі “Лепшая інтэрактыўная змена”, а таксама адзначаны лепшыя ў іншых намінацыях.

Штодзень хлопчыкі і дзяўчынкі дзеляцца ўражаннямі і фотаздымкамі на гімназічным сайце. Кожны дзень у лагеры тэматычны: дзень творчасці, адкрыццяў, экалогіі, здароўя, малой радзімы, дакладных навук, эрудыта і інш. Выхавальнікі, якія працуюць з дзецьмі ў другой палове дня, праводзяць з імі забаўляльна-пазнавальныя мерапрыемствы. Вучні актыўна ўдзельнічаюць у квестах, аўкцыёнах, гульнях, конкурсах і турнірах на свежым паветры.

Можна не сумнявацца, што станоўчыя эмоцыі і ўражанні, атрыманыя ў летніку, застануцца ў памяці яго ўдзельнікаў надоўга. А ў некаторых, магчыма, з’явяцца і новыя сябры.

Упершыню на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” быў арганізаваны летні профільны абаронча-спартыўны лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей “Патрыёт”, які размясціўся на базе Маладзёжнага патрыятычнага цэнтра.

Мэта лагера — арганізацыя актыўнага адпачынку падлеткаў, іх навучанне і сацыялізацыя ў рамках праграмы “Патрыёт”, выхаванне грамадзянскай свядомасці на прыкладзе гераічнага мінулага продкаў і гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

9-дзённая праграма змены складалася з экскурсій па мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, заняткаў па страявой падрыхтоўцы, рукапашным баі, практычнай стральбе і медыцынскай падрыхтоўцы, турніру па лазертагу, пешага паходу, фотаквеста і іншых не менш цікавых мерапрыемстваў.

Падчас лагернай змены школьнікі сустрэліся са спецыялістамі МНС, наведалі 38-ю асобную гвардзейскую Венскую Чырванасцяжную дэсантна-штурмавую брыгаду і пагранічную заставу.

На 10 дзён 40 вучняў сярэдняй школы № 35 Брэста сталі гасцямі 38-й асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады, на базе якой працаваў кругласутачны ваенна-патрыятычны лагер.

Хлопчыкаў і дзяўчынак размясцілі ў адной з казарм. Яны жылі ва ўмовах, максімальна набліжаных да салдацкага распарадку дня. Раніца пачыналася для школьнікаў з каманды “Пад’ём!”, зарадкі, снедання і заняткаў. Другая палова дня адводзілася спартыўным і развіццёвым гульням, конкурсам і віктарынам, прагляду фільмаў і экскурсіям.

— Арганізацыя летніх ваенна-патрыятычных лагераў стала ўжо традыцыяй, — расказала метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста Л.У.Каравай. — Пад кіраўніцтвам ваеннаслужачых дзеці асвойваюць навыкі ваеннай падрыхтоўкі. Такі фармат летніх канікул дазваляе разнастаіць адпачынак школьнікаў, навучыцца рацыянальна размяркоўваць час. Дэсантнікі вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак пераадольваць паласу перашкод, асновам самаабароны і правілам стральбы на спецыяльных трэнажорах, праводзяць заняткі па агнявой і паветрана-дэсантнай падрыхтоўцы, радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароне, аказанні першай медыцынскай дапамогі. Вучні знаёмяцца з сучасным узбраеннем і ваенна-спецыялізаванай тэхнікай, узорамі форменнага адзення ваеннаслужачых.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.