Лета маладосці

- 12:57Актуальна, На парадку дня

Нядзеля ў рамках Тыдня моладзі і студэнцтва прайшла пад тэматычным дэвізам “Моладзь за творчасць”.

У гэты дзень міністр адукацыі Андрэй Іванец разам з кіраўніцтвам Мінгарвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў Беларусі ўсклаў кветкі да Вечнага агню і манумента Перамогі ў Мінску. Звярнуўшыся з прывітальным словам да моладзі, якая сабралася на плошчы Перамогі, міністр нагадаў:

— Сёння мы сабраліся тут, на святым месцы, каб яшчэ раз ушанаваць памяць тых герояў, якія склалі галовы за перамогу, дзякуючы якой мы з вамі можам жыць у незалежнай і квітнеючай Беларусі… З 22 чэрвеня, якое ў нашай краіне аб’яўлена Днём усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, з таго месца, дзе пачалася Вялікая Айчынная вайна, з ­Брэсцкай крэпасці, пачаліся мерапрыемствы, у якіх прыняла ўдзел моладзь з усёй краіны. Гэта вельмі важна, бо, наколькі мы сёння бу­дзем шанаваць і памя­таць по­дзвіг гэтых людзей, будзе зале­жаць тое, наколькі будзе жывая памяць не толькі ў нашых сэрцах, але і ва ўсім свеце.

Міністр таксама нагадаў, што сёння да ліку моладзі адносіцца больш за 1 млн 600 тысяч чалавек, “фактычна кожны пяты жыхар Беларусі, і моладзь — гэта не толькі будучыня, але і сучаснасць нашай краіны”.

Фінальны дзень Тыдня мола­дзі і студэнцтва прайшоў пад дэвізам “Моладзь за творчасць”. Ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах краіны прайшлі культурна-забаўляльныя праграмы з удзелам пераможцаў творчых конкурсаў і праектаў. Цэнтральным мерапрыемствам дня стаў рэспубліканскі маладзёжны праект “Moladz.by: памятаем традыцыі, жывём сучаснасцю, імкнёмся ў будучыню!”, што быў наладжаны на пляцоўцы каля Палаца спорту ў Мінску. Прастора вакол сцэны дзялілася на блокі, якія адпавядалі дням Тыдня моладзі і студэнцтва: “Моладзь за навуку”, “Моладзь памятае!”, “Мола­дзь за спорт” і “Мо­ладзь за працу”.

Госці мерапрыемства маглі прыняць удзел у майстар-класах і квестах “Навука для ўсіх”, паназіраць за дзеяннем, што разгарнулася на прэзентацыйных пляцоўках спартыўных федэрацый Рэспублікі Беларусь па хакеі, валейболе, лёгкай атлетыцы, ролерспорце, каратэ, варкаўце і інш. Дзейнасць беларускіх студэнцкіх атрадаў была прадстаўлена дзевяццю лакацыямі, дзе можна было сабраць спілс-карты, згу­ляць у вялікія студатрадаўскія шашкі, адгадаць мелодыі студатрадаўскіх песень, рашыць галаваломкі і інтэлектуальныя задачкі. У рамках блока “Моладзь памятае!” была прадстаўлена экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, тэматычная інтэрактыўная пляцоўка ад Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, выстава аўтамабільнага транспарту ДАІ Мінгарвыканкама, Мінскага аўтамабільнага завода.

На канцэртнай пляцоўцы праекта выступілі творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы ўстаноў адукацыі, зоркі беларускай эстрады, хэдлайнеры. Завяршыўся Дзень моладзі і студэнцтва святочным ­феерверкам.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота аўтара.