Лета на карысць сабе і людзям

У аздараўленчым лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей “Дубнянка”, што працуе на базе Дубненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна, з задавальненнем праводзяць канікулы 40 выхаванцаў ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў.

Гульнявая мадэль праекта “Дубнянка” прадугледжвае некалькі этапаў. Праходзячы выпрабаванні, удзельнікі праекта атрымліваюць дубовыя лісточкі, якія прымацоўваюць на імправізаваным дрэве ў атрадным куточку. Чым больш поспехаў, тым больш галінастая крона атраднага дубочка. А асабліва творчы падыход да рашэння і выканання задання ўзнагароджваецца дадатковым прызам — дубовым жолудам. Такім чынам, кожны атрад “вырошчвае” за змену сваё дрэва.

Хлопчыкі і дзяўчынкі заняты не толькі гульнямі і забавамі, але і ажыццяўляюць мэтанакіраваную і сацыяльна значную дзейнасць. Малодшыя дзеці з атрада “Апельсін” знаёмяцца з каштоўнасцямі малой радзімы, з месцамі працы бацькоў у мясцовай гаспадарцы, з асаблівасцямі заняткаў жыхароў Дубны ў летні час, прымаюць удзел у экалагічных акцыях.

Старэйшыя школьнікі з атрада “Пунсовыя ветразі” шмат працуюць над навядзеннем парадку ў школьным двары, агародзе, садзе. У складзе валанцёрскага атрада аказваюць дапамогу адзінокім састарэлым жыхарам вёскі. Разам з мясцовымі ўстановамі культуры прымаюць удзел у сацыяльных праектах па ўшанаванні памяці трагедыі вёскі Княжаводцы, сустрэчы факельнай эстафеты міру, прывітанні ўдзельнікаў байкерскага злёту і іншых.

Летнія канікулы — цудоўны час для добрых спраў, і выхавальнікі аздараўленчага лагера імкнуцца навучыць дзяцей рабіць дабро бескарысліва. Верыцца, што змена, праведзеная ў школьным лагеры, зробіць нашых дзяцей больш гуманнымі і шчырымі, здаровымі і дужымі.

Ганна МУХА,
выхавальнік аздараўленчага лагера “Дубнянка”.