Лета на карысць

У Брагінскім раёне Гомельскай вобласці праходзіць акцыя “Лета на карысць — 2019”, у рамках якой кожнае дзіця можа знайсці на час канікул заняткі даспадобы. Аб тым, як арганізавана аздараўленчая кампанія ў раёне, аб цікавых праектах, якія рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі, і дасягненнях школьнікаў расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брагінскага райвыканкама Галіна Анатольеўна ВАСЯНОВІЧ. 

— Летам у дзіцячых садах асаблівую папулярнасць набылі групы ранішняга і вячэрняга догляду малышоў, — адзначыла Галіна Анатольеўна. — Гэта звязана з тым, што многія бацькі працуюць на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, таму рана адыходзяць на работу і позна вяртаюцца. Для навучэнцаў школ у раёне арганізаваны летнія аздараўленчыя лагеры, якія працуюць у тры змены. Ёсць і працоўныя лагеры, дзе школьнікі маюць магчымасць падзарабіць. Нядаўна завяршыў работу перасовачны палатачны лагер ад дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. У жніўні на базе СПЦ будзе адкрыты кругласутачны 18-дзённы працоўны лагер, а на базе Брагінскай сярэдняй школы — лагер для падлеткаў з дэвіянтнымі паводзінамі “Курсанты”.

Па запрашэннях дабрачынных арганізацый шмат дзяцей арганізаванымі групамі выязджаюць на аздараўленне ў Італію, Іспанію, Францыю, Вялікабрытанію, Германію. На дадзены момант у гэтых краінах знаходзяцца больш за 280 навучэнцаў Брагіншчыны. Акрамя таго, больш за 70 дзяцей гэтым летам адпачнуць на курортах Юрмалы і Туапсэ. Навучэнцы раёна аздараўліваюцца таксама ў розных куточках Беларусі. На працягу 25 гадоў Брагінскі раён цесна супрацоўнічае з Беларускай дабрачыннай арганізацыяй сацыяльнай абароны дзяцей і работнікаў адукацыі “Дапамога”, дзякуючы чаму нашы дзеці аздараўліваюцца ў Італіі. З італьянскімі гарадамі Нікеліна і Маранэла ў раёне рэалізоўваецца сацыяльны праект “Яўген”, які названы імем хлопчыка-сіраты з АПФР з Брагіна, які вельмі марыў аб уласнай сям’і. Праект складаецца з дзвюх частак, першая з якіх тычыцца дапамогі па пераездзе дзіцячага сацыяльнага прытулку пры СПЦ у больш камфортны будынак. Зараз рэалізоўваецца другі этап праекта, су­тнасць якога — у абмене вопытам паміж сацыяльнымі службамі Брагінскага раёна і адпаведнымі службамі Італіі па пытаннях абароны інтарэсаў непаўналетніх. Дзякуючы італьянскім сябрам, 10 сем’ям, што аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, будзе аказана матэрыяльная дапамога з мэтай падрыхтоўкі дзяцей, якія ў іх пражываюць, да новага навучальнага года.

— Якімі цікавымі праектамі жывуць установы адукацыі раёна?

— Установы адукацыі далучаюцца да рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Пры падтрымцы ЕС у Беларусі быў рэалізаваны праект “Развіццё патэнцыялу сеткі сямейных клубаў у чарнобыльскай зоне з мэтай паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі”. У выніку ў раёне было створана 6 сямейных клубаў па розных кірунках (гісторыка-культурным, сельскагаспадарчым, па рабоце з пажылымі людзьмі і г.д.). Дзякуючы праекту “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца ЕС і рэалізоўваецца ПРААН, і Праграме малых грантаў пасольства ЗША, ажыццёўлены шэраг мясцовых ініцыятыў. Цікавая ініцыятыва “Кавуны і іх сябры” па вырошчванні кавуноў зараз рэалізоўваецца ў Іалчанскай, Малейкаўскай, Мікуліцкай і Маложынскай сярэдніх школах. Яе ўдзельнікі рыхтуюцца да фестывалю кавуноў, які пройдзе на Гомельшчыне, а ў перспектыве — да адкрыцця школьнай бізнес-кампаніі. У названых школах таксама былі рэалізаваны праект “Школьны сад” — па вырошчванні садавіны і гародніны для патрэб школ і з мэтай рэалізацыі прадукцыі, а таксама прадпрымальніцкая ініцыятыва “Малінавы трус” — па гадаванні трусоў. 

— Якія вынікі дэманструюць навучэнцы Брагіншчыны ў інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтвах?

— Традыцыйна нашы навучэнцы ўваходзяць у дзясятку лепшых на абласной спартакіядзе школьнікаў. У верасні 2018 года на базе Іалчанскай сярэдняй школы ў трэці раз прайшоў адкрыты конкурс тэхнічнай творчасці раёна. Да ўдзелу ў выпрабаваннях былі запрошаны школьнікі з Брагін­шчыны і з устаноў пазашкольнай адукацыі Расіі, пасёлка Клімава Бранскай вобласці, і ўстаноў адукацыі Чарнігава (Украіна).

На працягу 2018—2019 гадоў навучэнцы гімназіі Брагіна пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі Сяргея Аляксандравіча Алфімцава прымалі ўдзел у конкурсе Junior Scratch па праграмаванні. Сёлета, пераадолеўшы моц­ную канкурэнцыю ў абласным этапе конкурсу, шасцікласнікі з гімназіі Брагіна Андрэй Мендзелеў і Даніла Жыляк выйшлі ў фінал. У выніку фінальных спаборніцтваў Даніла стаў бронзавым прызёрам. Дзякуючы гэтай перамозе, у гімназіі пры падтрымцы ПВТ быў створаны STEAM-цэнтр па праграмаванні, робататэхніцы і 3D-мадэляванні. 

— Якая прафарыентацыйная работа праводзіцца ў раёне са школьнікамі? Якія спецыяльнасці выбіраюць выпускнікі Брагіншчыны?

— У раёне ажыццяўляецца дапрофільная падрыхтоўка, для навучэнцаў 7—11 класаў праводзіцца прафарыентацыйная дыягностыка. У летні час дзейнічае прафарыентацыйны лагер. Для старшакласнікаў працуюць 2 педагагічныя і 2 аграрныя класы, право­дзяцца факультатывы па ўвядзенні ў аграрную і педагагічную прафесіі. Працуе міжшкольны факультатыў з мэтай асваення прафесіі трактарыста-машыніста катэгорыі А, які карыстаецца вялікай папулярнасцю ў вучняў 10—11 класаў. За апошнія тры гады 17 выпускнікоў, якія ў школе атрымалі спецыяльнасць трактарыста-машыніста, працуюць на мясцовых сельгаспрадпрыемствах, а 37 працягнулі навучанне ва ўстановах адукацыі сельскагаспадарчага профілю. У мінулым годзе ва ўстановы вышэйшай адукацыі паступілі 45 працэнтаў выпускнікоў, з іх 24 працэнты — на педагагічныя спецыяльнасці. Ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі паступілі 37 працэнтаў выпускнікоў, на педспецыяльнасці — 12, ліцэі выбралі 24 працэнты маладых людзей.

Мэтавыя накіраванні па педагагічных спецыяльнасцях у гэтым годзе атрымалі 16 выпускнікоў, у мінулым — 23. Пакуль нам не хапае настаўнікаў матэматыкі. Астатнімі педагагічнымі кадрамі раён забяспечаны. Маладыя спецыялісты, якія працуюць у мясцовасці, дзе ўзровень радыяцыйнага забруджвання складае 5—15 кюры, забяспечваюцца жыллём і атрымліваюць 5-гадовыя кантракты, якія прадугле­джваюць выплаты ў памеры 200 базавых велічынь (за другі пяцігадовы кантракт выплата складае 300 базавых велічынь).

Надзея ЦЕРАХАВА.