Лета прайшло на ўра!

Фестываль аздараўленчых летнікаў “Летні маршрут: малая радзіма” прайшоў з 18 па 21 жніўня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Прадстаўнікі аздараўленчых летнікаў з усёй Беларусі сабраліся, каб абмяняцца вопытам і падвесці вынікі рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”.

Фестываль праходзіць ужо шосты раз, але ў гэтым годзе ён асаблівы. Па-першае, самы маштабны за ўсю гісторыю: 143 удзельнікі з 17 адукацыйных і аздараўленчых устаноў. Па-другое, адначасова з пачаткам фестывалю стартаваў зваротны адлік дзён да юбілею “Зубраняці”. 17 жніўня супрацоўнікі і выхаванцы цэнтра адсвяткавалі яго дзень нараджэння — 49 гадоў назад адкрыўся “лагер піянерскага і камсамольскага актыву школ Беларусі”. Былі ўзнагароджаны лепшыя супрацоўнікі вялікага калектыву, дзеці павіншавалі “Зубраня” святочнымі акцыямі і фотавыставай. Цяпер цэнтр пачынае падрыхтоўку да вялікага свята, што адбудзецца наступным летам.

У гэтым годзе фестываль сабраў прадстаўнікоў летнікаў з рознымі профілямі — ад спартыўнага і турыстычна-краязнаўчага да мастацкага і адукацыйнага. У вялікай актавай зале цэнтра адбылася прэзентацыя інавацыйнага вопыту арганізацыі летнікаў. Выхавальнікі не саромеліся разам з вучнямі выходзіць на сцэну, каб спяваць, дэкламаваць вершы і нават танцаваць. Кожны імкнуўся цікава і крэатыўна расказаць пра сваё лета. А больш падрабязна пазнаёміцца з метадычнымі знаходкамі педагогаў можна было на выставе стэндаў “Каб лета прайшло на ўра!”.

На адкрытых пляцоўках ля самага возера выхавальнікі арганізавалі практычныя заняткі — прадставілі нестандартныя формы работы з дзецьмі. На гадзіну яны замянілі важатых “Зубраняці” і правялі гульні і конкурсы з выхаванцамі цэнтра.

А завяршыўся фестываль круглым сталом “Новыя адукацыйныя практыкі ў аздараўленчым летніку: магчымасці і перспектывы”. Падчас абмеркавання асаблівая ўвага ўдзялялася мерапрыемствам, прысвечаным Году малой радзімы. Тэматычныя распрацоўкі педагогаў стануць тым падмуркам, на якім будуць будавацца аздараўленчыя кампаніі ў 2019 і 2020 гадах.

Больш падрабязна пра фестываль чытайце ў наступным нумары “Настаўніцкай газеты”.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.