Лета сумным не бывае

Усе дзеці з нецярпеннем чакаюць лета, бо гэта час незабыўных уражанняў, новых знаёмстваў, неверагодных прыгод і актыўнага адпачынку. У аздараўленчых лагерах для гэтага створаны неабходныя ўмовы. Тут заўсёды цікава, весела і шматлюдна.

— Галоўная задача лагераў пры дашкольных установах — арганізаваць жыццё малышоў такім чынам, каб кожны дзень прыносіў ім штосьці новае і быў напоўнены цікавымі падзеямі, каб успаміны пра летнія гульні, прагулкі, святы і забавы яшчэ доўга радавалі іх. Педагогі ясляў-садоў №№ 1 і 4 Ганцавіч, дзе сёлета працавалі аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем, зрабілі для гэтага ўсё магчымае, — расказвае метадыст Ганцавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета А.А.Кісялевіч.

Адпачынак выхаванцаў аздараўленчага лагера “Весяляты” ў яслях-садзе № 4 атрымаўся яркім. Выхавальнікі атрадаў “Непаседы” і “Сонейка” Н.М.Сідарэвіч і Т.В.Ільюкевіч штодзень праводзілі для дзяцей пазнавальныя мерапрыемствы: святы, конкурсы, кірмашы, турніры і экскурсіі. Дашкольнікі наведалі дзіцячую бібліятэку, дом рамёстваў і раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, дзе ў гульнявой форме азнаёміліся з правіламі бяспекі.

Не сумавалі і выхаванцы аздараўленчага лагера “Казка” ў яслях-садзе № 1, праграма якога таксама была напоўнена гульнямі і забаўляльнымі праграмамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікім задавальненнем удзельнічалі ў спартыўным мерапрыемстве “Падарожжа па краіне казак”. Дзеці спявалі, танцавалі і спаборнічалі ў эстафетах.

Супрацоўнікі мясцовага кінатэатра падрыхтавалі для выхаванцаў лагера гульнявую праграму “Бітва мультгерояў”. З мэтай патрыятычнага выхавання была арганізавана віртуальная экскурсія па памятных мясцінах Ганцавіччыны.

***

У Ленінскім раёне Брэста завяршыўся чарговы этап ІХ летняй спартакіяды сярод непаўналетніх “Зрабі правільны выбар”. Адпачыць з карысцю моладзі прапанавалі раённая камісія па справах непаўналетніх, РАУС, райкам БРСМ і Брэсцкі хлебакамбінат.

Летняя спартакіяда — гэта міні-алімпіяда па 7 відах спорту. На базе ДЮСШ № 2 Брэста 12 школьных каманд з ліку 36 юнакоў і дзяўчат спаборнічалі ў настольным тэнісе. Падбадзёрыць іх сабраліся настаўнікі, аднакласнікі, мамы і таты.

У індывідуальным заліку лепшымі аказаліся Ганна Астапук з сярэдняй школы № 5 і Дзмітрый Вішанкоў з сярэдняй школы № 20. У камандным заліку перамаглі прадстаўнікі сярэдняй школы № 5.

***

— Вельмі часта ў штодзённай мітусні мы не заўважаем навакольнай прыгажосці. Прырода — гэта вялікая кніга, навучыць чытаць і любіць якую можа толькі той, хто яе сам любіць і добра ведае, — гаворыць дырэктар эколага-біялагічнага цэнтра Баранавіч Н.М.Талстая.

Штогод педагогі цэнтра арганізоўваюць для васьмікласнікаў горада летнія заняткі, бо лета — гэта выдатны час, калі можна разгледзець многія прыродныя працэсы не па кнігах. Заняткі праводзяцца па адукацыйных праграмах “Свет вакол нас” і “Куток жывой прыроды”. Выкарыстоўваючы аб’екты эколага-біялагічнага комплексу цэнтра (дэндрапарк, жывы куток, японскі сад, пладова-ягадны гадавальнік, аранжарэя, куткі раслін-чырванакніжнікаў, вострапахучых раслін і лекавых траў, сад аднагадовых і шматгадовых кветкава-дэкаратыўных раслін), педагогі вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак элементарным агратэхнічным прыёмам, тэхналогіям размнажэння кветкава-дэкаратыўных раслін, догляду жывёлы, а галоўнае — жыць у гармоніі з прыродай.

Акрамя пазнавальных заняткаў для васьмікласнікаў, у цэнтры ладзяцца экскурсіі для дзяцей рознага ўзросту. Гэта вельмі важна, бо зносіны з прыродай валодаюць моцным выхаваўчым патэнцыялам.

***

Сёлета на базе загараднага дзіцячага аздараўленчага лагера “Дубравачка”, што ў Івацэвіцкім раёне, працаваў профільны летнік “Ратавальнік”. У ім адпачывалі вучні 5—10 класаў з трох школ райцэнтра, актывісты раённага аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, пераможцы і ўдзельнікі конкурсаў, віктарын, эстафет і алімпіяд па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Сярод іх Віялета Грынчык, Мікіта Ігнатаў, Даніла Кароль, Ягор Ляўчук, Яўген Крывалевіч, Павел Касцюк, Аляксандр Вайтовіч, Эвеліна Кот, Лізавета Крот, Павел Самсановіч і інш.

Вольны час юных ратавальнікаў быў насычаны карыснымі справамі, якія арганізоўвалі выхавальнікі Дзяніс Гарбуноў і Аляксандр Дунчык. Школьнікі не толькі спаборнічалі паміж сабой, але і вучылі малодшых правілам бяспечных паводзін у розных сітуацыях, займаліся пошукавай дзейнасцю па гісторыі арганізацыі і развіцця пажарнай службы.

Па выніках 9-дзённай змены вучні не толькі папоўнілі веды па АБЖ, але і атрымалі важныя ўменні і навыкі ў прафілактычнай рабоце з равеснікамі.

***

Загарадны лагер “Чайка” — адна з найбольш папулярных выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі сярод дзяцей Ляхавіччыны. У рамках Года малой радзімы была сфарміравана ідэя яго 18-дзённай змены — “Гісторыя аднаго лета ў фармаце 5D, або Доброе дело день за днём делай”. Школьнікі стваралі творчы праект, прысвечаны перспектыўнаму развіццю лагера — будавалі лагер будучыні, лагер мары.

Па ўмовах змены дзеці займаліся актыўнай дзейнасцю, зарабляючы “цаглінкі”, неабходныя для “будаўніцтва” лагера будучыні. Назапасіўшы пэўную колькасць “цаглінак”, атрады маглі ўносіць змены ў існуючы праект лагера (напрыклад, “пабудаваць” басейн, кантактны заапарк у зручным месцы), адлюстраваўшы іх на карце-схеме. Напрыканцы змены адбыўся конкурс-прэзентацыя “Наш праект па-за канкурэнцыяй”, падчас якога была выбрана лепшая прапанова па развіцці “Чайкі”.

Увечары атрады маглі зарабіць дадатковыя “цаглінкі” падчас віктарын, прысвечаных гісторыі і сучаснаму развіццю Ляхавіччыны. Дзякуючы гэтаму, многія даведаліся шмат цікавага пра малую радзіму.

***

Надзвычай пазнавальнай атрымалася змена “Піраты Палесся” ў загарадным дзіцячым аздараўленчым лагеры “Парэчча”, што на Піншчыне. Кожны дзень яго выхаванцаў чакалі новыя адкрыцці.

На працягу ўсёй змены дзеці актыўна далучаліся да спартыўных гульняў і здаровага ладу жыцця. Хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі ў настольным тэнісе і турніры па шашках, скачках на скакалцы і валейболе, дартсе і многім іншым.

Вялікую цікавасць у выхаванцаў лагера выклікала сустрэча з супрацоўнікамі гар(рай)аддзела па надзвычайных сітуацыях. За правільныя адказы на пытанні па АБЖ дзеці атрымлівалі памятныя прызы. Акрамя таго, школьнікі вырашалі сітуацыйныя задачы па паводзінах пры пажары, маланцы і інш.

Шмат станоўчых эмоцый падарыла спаборніцтва каманд вучняў і выхавальнікаў, па выніках якога перамог атрад “Марскія д’яблы”.

Запамінальнай і відовішчнай атрымалася спартландыя “Мама, тата, я — спартыўная сям’я” з удзелам выхавальнікаў, дзяцей і іх бацькоў. І няхай у ёй лепшай аказалася зборная бацькоў і выхавальнікаў, хлопчыкі і дзяўчынкі таксама не засталіся без прызоў.

Дзеці з азартам удзельнічалі ў конкурснай праграме “Малая радзіма — куток шчаслівага дзяцінства”, інтэлектуальнай гульні “Экалагічны дэсант”, віктарыне “Юныя эколагі”, конкурсах насценгазет і агітбрыгад.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.