Лета ў далоньках

- 12:14Падзеі, Сацыяльны ракурс

Першы дзень лета традыцыйна праходзіць пад знакам аховы дзяцінства. Да Міжнароднага дня абароны дзяцей далучацца і ўстановы адукацыі Беларусі, прапануючы яго галоўным удзельнікам — вучням — яркую святочную палітру.

Ажно 350 дзяцей з усіх рэгіёнаў краіны сустрэнуць лета ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Заўтра іх тут будуць ча­каць творчыя і гульнявыя лакацыі, пазнавальныя і забаўляльныя актыўнасці. Ключавой падзеяй стане рэспубліканскі чэлендж “Загрузка #МАЛАДАЯБЕЛАРУСЬ”. Канцэртная праграма пад такой назвай аб’яднае ў рэальнай і віртуальнай прасторы тысячы творчых дзяцей з розных куткоў нашай краіны.

Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства сустрэне юных гасцей святам “Дзяцінства і лета”, знаёмячы іх з непаўторным светам прыроды. Тут дзяцей аб’яднаюць адукацыйныя і інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы, турыстычна-спартыўныя актыўнасці і інш. Хлопчыкі і дзяўчынкі азнаёмяцца з разнастайнасцю жывёльнага свету Беларусі, навучацца вызначаць жывёл і птушак у аб’ектыве і па галасах. Самыя маленькія эказнайкі падчас гульняў азнаёмяцца з порамі года і даведаюцца пра меню і ласункі жывёл. Пляцоўка “Сонца ў далоньках” збярэ ўсіх, каму цікава тэма аднаўляльных крыніц энергіі, прынцыпы работы сонечнай энергіі. Тут кожны зможа навучыцца самастойна атрымлі­ваць энергію, напрыклад, для праслухоўвання плэера, разгадаць рэцэпт вады ці стварыць уласную вясёлку ў прабірцы.

Для самых рамантычных і творчых гасцей тут пройдзе майстар-клас па фларыстыцы, дзе яны самі змогуць аб’яднаць летнія фарбы ў букеты, а ў аранжарэі змогуць паўней удыхнуць пах лета і экзатычных фруктаў.  

Насычаным абяцае быць заўтрашні святочны дзень і ў рэгіёнах. Напрыклад, у Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці пройдзе XII абласны творчы інклюзіўны фестываль “Разам мы зможам больш”. Ён аб’яднае больш за 400 дзяцей, сярод якіх будуць навучэнцы спецыяльных агульнаадукацыйных і дапаможных школ і школ-інтэрнатаў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і развіцця.

Не засталіся ў баку ад клопату пра дзяцей і маладзёжныя аб’яднанні. Больш за 250 мерапрыемстваў падрыхтавана па ўсёй краіне ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Дзень абароны дзяцей з БРСМ”. Сёлета пад іх увагу трапілі выхаванцы дзіцячых інтэрнатных устаноў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзіцячых вёсак і гарадкоў, апякунскіх і прыёмных сем’яў, дзеці-інваліды, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама дзеці, якія знаходзяцца ў рэабілітацыйных цэнтрах, бальніцах.

У сталіцы стала добрай традыцыяй запра­шаць дзяцей з мнагадзетных сем’яў у Мінскі заапарк. Не стаў выключэннем і гэты год. Сёння валанцёры руху БРСМ “Добрае сэрца” Мінскай гарадской арганізацыі ладзяць святочную праграму з удзелам аніматараў і падарункамі, а заўтра для выхаванцаў дзіцячай вёскі “Вытокі”, што ў Мінскім раёне, пройдзе фестываль “Планета дзяцінства”.

Заўтра ж валанцёры Магілёва наведаюць выхаванцаў дзіцячага дома ў вёсцы Мікалаеўка Магілёўскага раёна. У гарадскім парку Жылібера ў Гродне 1 чэрвеня для дзяцей падрыхтавана праграма з удзелам роставых лялек. У Ветцы Гомельскай вобласці на пляцоўцы Летняга амфітэатра сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі будзе арганізавана інтэрактыўная гульнявая праграма, якая ўключае конкурс малюнкаў на асфальце, комплекс дваровых гульняў. Выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку Брэста чакае забаўляльная праграма, можна будзе і пакатацца на атракцыёнах.

У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” дадзены старт рэспубліканскай летняй аздараўленчай кампаніі 2022 года. У мерапрыемстве прыняў удзел намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.  
На ўрачыстай лінейцы, прысвечанай адкрыццю летняй аздараўленчай кампаніі — 2022, пачала свой адлік рэспубліканская акцыя “Мары нараджаюцца — мары спраўджваюцца!”; уручаны сімвалічныя “білеты ў лета” прадстаўнікам усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.  

У рамках праекта адбудзецца шэраг мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні дзіцячых пляцовак. Напрыклад, валанцёры Віцебска будуць праца­ваць на добраўпарадкаванні ­тэрыторыі Віцебскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці, у Бешанковіцкім раёне аб’ектам клопату валанцёраў БРСМ стане дзіцячая пляцоўка ў аграгарадку Астроўна, таксама пляцоўкі будуць добраўпарадкаваны ў Оршы і Расонах.

Святлана НІКІФАРАВА.