Лета ў дазоры

- 11:09Нам пішуць

Трэці год школьнікі доцішскай школы разам з пагранічнікамі Доцішскай заставы праводзяць частку сваіх летніх канікул у кругласутачным палатачным лагеры “Патрыёт”. На дзевяць дзён хлопчыкі і дзяўчынкі разам са сваімі педагогамі перасяляюцца ў лясны масіў каля аграгарадка Доцішкі.

У лагера ёсць свая праграма і ажыццяўляюцца розныя формы работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. На занятках дзеці пазнаюць сваю малую радзіму, здзяйсняюць экалагічныя дэсанты ў лясныя масівы, асвойваюць турыстычныя навыкі, дапамагаюць адзінокім пенсіянерам, знаёмяцца з прафесіямі пагранічніка і аграрыя, пашыраюць веды пра воінскую службу.

Адзінаццацікласнік Алег Матусевіч трэці год адпачывае ў лагеры “Патрыёт”. Ён тут і самы старэйшы сярод адпачываючых, і самы дасведчаны, можна сказаць, таму і першы памочнік у начальніка лагера.

Хлопец сур’ёзна задумваецца звязаць будучую прафесію з пагранічнай службай. Яго аднакласнік Эдгар Вайцяхоўскі гэтым летам змяніў у палатачным лагеры роднага брата Артура, які цяпер салдат-пагранічнік. Дарэчы, менавіта тут ён асвоіў асновы гэтай службы.

Удзельнікі лагера патрулююць участкі граніцы разам з вайскоўцамі пагранічнай заставы “Доцішкі”. Падчас вечаровых дазораў яны праходзяць пешшу да дзесяці кіламетраў, і гэта ім вельмі падабаецца.
Цікава праходзяць розныя гульні і спаборніцтвы. Кожны вечар дзеці збіраюцца ля кастра, спачатку рыхтуюць вячэру, а потым спяваюць песні.

Ва ўмовах палатачнага лагера школьнікі хутка вучацца самастойнасці, самаабслугоўванню, дысцыплінаванасці.

Аксана АНДРУКОНІС,
педагог-арганізатар Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.